1 Псальм Давідавы. Судзіся, Ягова, з тымі, якія змагаюцца супраць мяне. Зваюй тых, якія зваёўваюць мяне!
2 Вазьмі малы шчыт і вялікі шчыт, і ўстань на дапамогу мне.
3 Выцягні меч і загарадзі дарогу перасьледавацелям маім. Скажы душы маёй: «Я збаўленьне тваё.»
4 Хай стануць пасаромленымі і паганьбленымі тыя, што шукаюць душу́ маю. Хай пахіснуцца і будуць пакрыты ганьбай тыя, што надумваюць ліхое супраць мяне.
5 Хай стануць яны, як палова перад ветрам, і Ангел Яговы хай праганяе іх;
6 хай шлях іхны будзе цёмны і коўзкі, і Ангел Яговы хай гоніць іх;
7 бо бяз прычыны яны ўкрадкам схавалі супраць мяне сетку сваю, і бяз прычыны выкапалі яму на душу́ маю.
8 Хай на яго прыйдзе загуба, пра якую ён ня ведае, і хай ягоная сетка, якую ён украдкам паклаў, хай зловіць яго самога; і хай ён уваліцца на пагібель (у выкапаную яму).
9 А мая душа будзе ўрачыста радавацца ў Ягову, радавацца ў Ягоным ратунку.
10 Усе мае косткі скажуць: хто ёсьць, як Ты, Ягова, Які ратуеш слабога ад дужэйшага за яго, убогага і беднага ад ягонага рабаўніка?
11 Паўстаюць хвальшывыя сьведкі, яны выпытваюць у мяне, чаго я ня ведаю.
12 Яны плацяць мне благім за дабро. Асірочваюць душу маю.
13 А я — як яны хварэлі, вопраткой маёй было жалобнае адзеньне. Я марыў пастом душу маю, а малітва сэрца майго вярталася назад.
14 Быццам бы гэта быў мой сябра, быў мой брат, так хадзіў я жалобна. Як той, што аплаквае матку, хадзіў я згорбіўшыся і панурыўшы галаву.
15 Але яны радаваліся аб маім спатыканьні, зьбіраюцца зьняважнікі супраць мяне, і я іх ня ведаю. Яны абмаўляюць і ня спыняюцца;
16 з гнуснымі насмешлівымі дармаедамі яны скрыгочуць супраць мяне зубамі.
17 Мой Госпад, як доўга Ты будзеш яшчэ на гэта глядзець? Адвядзі душу́ маю ад іхных злачынстваў, ад маладых ільвоў маю адзінокую!
18 Я буду славіць Цябе ў вялікім сходзе, буду ўсхваляць Цябе сярод шматлікага народу.
19 Хай ня пацяшаюцца нада мною тыя, якія нясправядліва варагуюць супраць мяне, хай ня пераміргваюцца вачыма тыя, якія нянавідзяць мяне бяз прычыны:
20 бо ня аб міры гавораць яны, але супраць ціхіх зямлі яны выдумваюць здрадлівыя словы.
21 І яны разявілі супраць мяне свае ляпы, яны кажуць: «ага, ага! бачыла нашае вока!»
22 Ты бачыў гэтае, Ягова! Дык ня маўчы! Госпадзе, ня аддаляйся ад мяне!
23 Прабудзіся і ўстань за маю правату, Бог мой і Госпад мой, за маю справядлівую справу!
24 Судзі мяне паводля Тваёй справядлівасьці, Ягова, Божа мой! І хай яны ня пацяшаюцца зь мяне!
25 Хай яны ня скажуць у сэрцы сваім: «Ага! Гэтага мы і хацелі!» Хай ня скажуць: «мы яго праглынулі!»
26 Хай будуць пасаромлены і зганьбаваны ўсе, якія радуюцца майму няшчасьцю. Хай будуць апрануты ў сорам і ганьбу ўсе, што нада мною вывышаюцца.
27 Хай радуюцца і ўрачыста радуюцца ўсе, што жадаюць справядлівасьці для мяне. Хай яны няўстанна гавораць: «хай будзе ўзьвялічаны Ягова, Які жадае для раба Свайго міру».
28 Хай мой язык хва́ліць Тваю справядлівасьць і сла́віць Цябе ўвесь дзень.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Псальмаў, псальм 35
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020