1 Кіраўніку хору: на трубах. Псальм Давідавы.
2 Выслухай словы мае, Ягова, зваж на стагнаньні мае.
3 Зваж на голас галашэньня майго, Валадару мой і Божа мой, бо да Цябе малюся.
4 Спазаранку пачуй, Ягова, голас мой; на досьвітку стану ў малітве перад Табою і буду чакаць.
5 Бо Ты ёсьць Бог, Якому нядаспадобы ганьба; ліхому нельга быць пры Табе!
6 Самаўпэўненыя ня ўстояць перад вачыма Тваімі; усіх злачынцаў Ты нянавідзіш.
7 Ты выгубляеш ілжывых; крыважэрнымі і ашуканцамі брыдзіцца Ягова.
8 Але я, праз вялікую міласэрнасьць Тваю, увайду да Дому Твайго і — у страху Тваім — пакланюся Сьвятыні Тваёй.
9 Ягова, вядзі мяне ў справядлівасьці Тваёй дзеля ворагаў маіх, выпрастуй шлях Твой перада мною.
10 Бо нямашака шчырасьці ў вуснах іхных, сэрца іхнае — загуба, горла іхнае — магіла адкрытая, язык свой яны робяць гладкім.
11 Засудзі іх, Божа! няхай яны загінуць ад заду́маў сваіх! за мноства злачынстваў іхных адкінь іх, бо яны ўзбунтаваліся супраць Цябе.
12 Няхай радуюцца ўсе, што спадзяюцца на Цябе; хай весяляцца навекі, бо Ты іх бароніш; і хай узрадуюцца ў Табе тыя, што любяць Імя Тваё.
13 Бо Ты, Ягова, багаслаўляеш справядлівага, і зычлівасьцю Тваёю, нібы шчытом, асланяеш яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 5

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020