1 Псальм Аса́па. Магутны Бог, Ягова, гаворыць, Ён кліча зямлю ад усходу сонца да ягонага захаду.
2 Зь Сыёну, дасканаласьці прыгажосьці, Бог зьзяе перад Сабой.
3 Бог наш прыйдзе, і Ён ня будзе маўчаць. Перад Ім агонь пажыральны, а вакол Яго моцная бура.
4 Ён гукае згары нябёсы і зямлю, каб судзіць народ Свой:
5 зьбярыце вы да Мяне Маіх сьвятых, якія ўчынілі са Мной Запавет пры ахвяры.
6 І нябёсы абвесьцяць Ягоную справядлівасьць, бо Бог ёсьць Судзьдзя. Зэля.
7 Слухай, народзе Мой, і Я буду прамаўляць, Ізраэль, і Я буду сьведчыць супраць цябе. Я ёсьць Бог, твой Бог.
8 Ня за ахвяры твае Я буду дакараць цябе, і твае цэласпаленьні заўжды перада Мною.
9 Ня вазьму цяляці з дому твайго ані казлоў са статкаў тваіх,
10 бо Мае ёсьць усе зьвяры ў лесе і жывёлы на тысячы гор.
11 Я ведаю ўсё птаства ў гарах, і зьвер польны перада Мною.
12 Калі б Я быў галодны, дык ня сказаў бы табе, бо Мой ёсьць сусьвет і ўсё, што яго напаўняе.
13 Ці ем Я мяса ад валоў і п’ю кроў ад казлоў?
14 Ахвяруй Богу падзяку і выконвай твае абяцаньні Ўсявышняму,
15 і пакліч Мяне ў дзень бяды, і Я ўратую цябе, і ты будзеш славіць Мяне.
16 А да бязбожніка Бог кажа: Чаму ты пераліча́еш Пастановы Мае і бярэш Мой Запавет у вусны твае?
17 А сам нянавідзіш выхаваньне і Словы Мае кіда́еш за сябе.
18 Як ты бачыш злодзея, дык ты сябруеш зь ім, і з пералюбцамі ўдзел твой.
19 Вусны твае ты адчыняеш на ліхое, і язык твой пляце ашу́ку.
20 Ты сядзіш і на брата твайго намаўляеш. І супраць сына маткі тваёй ты пушчаеш абмову.
21 Ты гэта рабіў, і Я маўчаў, дык ты падумаў, што Я такі самы, як і ты. Але Я дакару цябе і пастаўлю гэта перад вачамі тваімі.
22 Зразумейце гэта вы, што забываеце пра Бога, каб Я ня расшмата́ў вас, а выратавальніка няма.
23 Хто ў ахвяру прыносіць падзяку, той шануе Мяне, і ўладкоўвае шлях; а Я пакажу яму выратаваньне Божае.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Псальмаў, псальм 50
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020