1 Кіраўніку хору. Паводля мелёдыі: «Ня загубі». Апісаньне Давідава, калі Саўл паслаў, і яны вартавалі ягоны дом, каб яго забіць.
2 Вызвалі мяне ад маіх ворагаў, Божа мой! Зрабі мяне нядаступным для тых, што паўстаюць супраць мяне!
3 Вызваль мяне ад злачынцаў і ўратуй мяне ад крыважэрных!
4 Бо вось яны цікуюць за душою маёю. Зьбіраюцца на мяне дужыя бяз правіны маёй і бяз грэху майго, Ягова.
5 Бязь віны з майго боку яны зьбягаюцца і ўзбройваюцца. Паўстань мне на дапамогу і паглядзі!
6 І Ты, Ягова, Божа войскаў, Бог Ізраэля, паўстань, каб парахавацца са ўсімі паганамі. Ня пашкадуй нікога са здраднікаў і бяззаконьнікаў. Зэля.
7 Увечары яны вяртаюцца і скуголяць, як сабакі, і места абыходзяць яны наўкола.
8 Вось! із роту іхнага яны вырыгаюць лаянку. У вуснах іхных ме́чы, бо: «Хто гэта чуе?»
9 Але Ты, Ягова, пасьмяешся зь іх, Ты пасьмяешся над усімі паганамі.
10 (Гэта ёсьць) Сіла Ягоная. Цябе я буду трымацца. Так, Бог ёсьць мая высокая крэпасьць.
11 Бог, Міласэрнасьць Ягоная, гэта — міласэрнасьць да мяне, якой Ён сустрэне мяне. Бог дасьць мне ўбачыць засаду, якую ўчынілі супраць мяне.
12 Ня забівай іх, каб (і) народ мой ня забыў гэтае. Праз Магутнасьць Тваю пакінь іх блукаць і кінь іх долу, Госпад мой, шчыт наш.
13 Іхны рот грашыць пры кожным слове іхных вуснаў. Няхай яны будуць злоўлены ў пыхлівасьці іхнай за праклёны ды ілжу, якія яны вымаўляюць.
14 Зрабі (ім) канец у гневе (Тваім)! Зрабі (ім) канец, і каб іх ня было, і каб яны пазналі, што Бог валадарыць у Якубе аж да краёў зямлі. — Зэля.
15 І ўвечары яны вяртаюцца і скуголяць, як сабакі, і места абыходзяць яны наўкола.
16 Яны бадзяюцца вакол, бо прымушаны шукаць ежы, і калі яны ня насыцяцца, яны бурчаць.
17 А я, я буду сьпяваць пра Тваю Магутнасьць і раніцай буду ўрачыста славіць Тваю Міласэрнасьць, бо Ты ёсьць для мяне высокая крэпасьць і мейсца прытулку ў дзень маёй бяды.
18 Сіла мая! Табе буду пець і іграць. Бо Бог ёсьць мая высокая крэпасьць, мой Бог міласэрны.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Псальмаў, псальм 59
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020