1 Кіраўніку хору. Песьня. Псальм. Гукай да Бога, уся зямля!
2 Сьпявайце (і іграйце) славе Імя Ягонага. Дайце Яму слаўную хвалу.
3 Кажыце Богу: «Якія вартыя багавейнасьці (аж да страху) Учынкі Твае! Дзеля велічы сілы Тваёй будуць падлыгваць Табе ворагі Твае.
4 Уся зямля паклоніцца Табе, будзе сьпяваць Табе, будзе сьпяваць Імю Твайму. Зэля.
5 Прыйдзіце і паглядзіце на Ўчынкі Бога! Варты багавейнасьці (да страху) ёсьць Ён у Сваёй Дзеі да сыноў чалавечых.
6 Ён ператварыў мора ў су́шу. Яны перайшлі раку пехатою. Там мы радаваліся ў Ім.
7 Ён валадарыць у магутнасьці Сваёй вечна. Вочы Ягоныя глядзяць на народы. Бунтаўнікі хай ня ўзвышаюцца самі ў сабе. Зэля.
8 Багаславіце, народы, Бога нашага, і хай будзе чу́тны гук славы Ягонай,
9 Які душу́ нашую ўтрымаў у жыцьці, і нагам нашым ня даў пахіснуцца.
10 Бо Ты нас выпрабаваў, Божа, пераплавіў нас, як пераплаўляюць срэбра.
11 Ты ўвёў нас у сетку, усклаў цяжа́р на паясьніцу нашую.
12 Ты даў людзям езьдзіць па галовах нашых; мы прайшлі праз агонь і ваду́, але Ты вывеў нас да збытку.
13 Я ўвайду ў Дом Твой з цэласпаленьнямі і споўню Табе абяцаньні мае,
14 якія вымавілі вусны мае, і якія гукаў рот мой ва ўціску маім.
15 Тлу́стыя цэласпале́ньні прынясу́ я Табе з ускурэньнем ад бараноў; прынясу Табе быкоў з казламі. Зэля.
16 Прыйдзіце і паслухайце, усе, хто баіцца Бога, і я распавяду, што Ён учыніў для душы маёй.
17 Я паклікаў Яго вуснамі маімі і ўзьвялічыў Яго языком маім.
18 Калі б я бачыў у сэрцы маім бяззаконьне, дык Госпад ня выслухаў бы (мяне).
19 Але, сапраўды Бог выслухаў і зва́жыў на голас малітвы маёй.
20 Хай будзе багаславёны Бог, Які ня адхінуў малітвы маёй і Багадаці Сваёй ад мяне.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 66

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020