1 У Цябе, Ягова, я бяру прытулак, ня дай мне быць пасаромленым вавек!
2 У Тваёй справядлівасьці вызвалі мяне і дай мне пазьбегнуць. Нахілі Вуха Тваё да мяне і выратуй мяне.
3 Будзь мне скалой прытулішча, куды я заўсёды мог бы схавацца. Ты загадаў мяне ўратаваць, бо Ты ёсьць мая скала і крэпасьць мая.
4 Божа мой, вызвалі мяне з рукі бязбожніка, з рукі крыўдніка і ўціска́льніка,
5 бо Ты Надзея мая, Госпад мой; Ягова, Спадзяваньне маё ад юнацтва майго,
6 на Цябе апіраўся я ад улоньня маткі. Ты вывеў мяне з чэрава маткі маёй, хвала мая Табе нясупынна.
7 Многім я стаўся, як дзіва, але Ты ёсьць маё моцнае прыту́лішча.
8 Мой рот напоўнены хвалой Табе, шанаваньнем Цябе ўвесь дзень.
9 Ня адпіхні мяне ў часе маёй старасьці, ня пакінь мяне пры зьнікненьні маёй сілы,
10 бо ворагі мае змаўляюцца супраць мяне, і тыя, што цікуюць душу маю, раюцца паміж сабою,
11 кажучы: «Бог пакінуў яго. Перасьледуйце і схапіце яго, бо няма (ў яго) выратава́льніка».
12 Божа, ня аддаляйся ад мяне! Божа мой, пасьпяшайся мне на дапамогу!
13 Хай будуць пасаромлены, (і) зьнішчаны тыя, што варожа ставяцца да душы маёй. Хай будуць пакрыты сорамам і ганьбай тыя, што шукаюць мне ліха.
14 А я заўсёды буду чакаць (на Цябе) і памнажаць хвалу Табе.
15 Мой рот будзе абвяшчаць справядлівасьць Тваю, цэлы дзень — збаўленьне Тваё, бо я ня ведаю ліку ім.
16 Я пайду ва ўладарных дзеях Яговы, майго Госпада. Я буду ўспамінаць Тваю справядлівасьць, адзіна Тваю.
17 Божа! Ты вучыў мяне ад юнацтва майго, і дагэтуль я Цуды Твае абвяшчаю.
18 І да старасьці, і да сівíзны, Божа, ня пакідай мяне, пакуль абвяшчу (сілу) Рукі Тваёй (гэтаму) роду, усім, хто (яшчэ) прыйдзе, Тваю магутнасьць.
19 І Твая справядлівасьць, Божа, (дасягае аж) да Вышынí. Ты, што зрабіў вялікія ўчынкі: Божа! Хто ёсьць як Ты?
20 Ты, Які даў убачыць Мне шмат нягодаў і лíха, Ты ажывіш Мяне ізноў і вывядзеш Мяне з глыбіняў зямлі.
21 Ты памножыш велічнасьць маю і акружыш мяне, і суцешыш мяне.
22 А я буду ўсхваляць Цябе і Праўду Тваю на псалтыры, Божа мой, і іграць Табе на гарпе, о Сьвяты Ізраэляў.
23 Будуць урачыста радавацца вусны мае, калі я буду пець і іграць Табе, і душа мая, якую Ты вызваліў.
24 Таксама язык мой будзе ўвесь дзень абвяшчаць пра справядлівасьць Тваю, бо будуць пасаромленымі, будуць пакрыты ганьбай тыя, што шукаюць майго няшчасьця.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 71

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020