1 Кіраўніку хору. Ядутуну. Асапавы. Псальм.
2 Голас мой да Бога, і я гукаю! Голас мой да Бога, і Ён схіляе вуха да мяне.
3 У дзень уціску майго я шукаў майго Госпада. Уначы рука мая працягнута і ня апускаецца. Душа мая адмовілася быць суцешанай.
4 Успамінаю я пра Бога і стагну́. Я разважаю, а дух мой прыгне́чаны. Зэля.
5 Павекі маіх вачэй Ты трымаеш адплюшчанымі. Я (так) устрывожаны, што ня магу гаварыць.
6 Я разважаў пра дні даўнія, пра гады спрадвечныя.
7 Я ўспамінаю маю струнную ігру ўначы, разважаю ў сэрцы маім, і дух мой старанна дасьледуе.
8 Няўжо мой Госпад адкіне навекі? І няўжо Ён напе́рад больш ня будзе спагада́ць?
9 Няўжо ж назаўсёды канец Міласэрнасьці Ягонай? Няўжо абяцаньню прыйшоў канец з роду ды ў род?
10 Няўжо ж Бог забыўся быць міласэрным? Няўжо Ён у гневе зачыніў спачуваньні Свае? Зэля.
11 І я сказаў: гэта ж пакута мая: (цяжкія) гады Правіцы Найвышэйшага.
12 Я запішу і буду помніць Дзеяньні Яговы, так, я буду ўспамінаць Цудоўныя Ўчынкі Твае спрадвечныя,
13 і я буду разважаць пра ўсякі Твой Чын, і буду разважаць пра ўсе Твае Дзеяньні.
14 Божа, у Сьвятасьці шлях Твой. Хто ёсьць такі вялікі Бог, як (наш) Бог?
15 Ты Бог, Які чыніць Цуды. Ты выявіў магутнасьць Тваю сярод народаў.
16 Ты вызваліў Рукой народ Твой, сыноў Якуба і Язэпа. — Зэля.
17 Воды бачылі Цябе, Божа, воды бачылі Цябе. Яны збаяліся. Сапраўды, глыбіні задрыжалі.
18 Хмары люнулі воды. Нябёсы выдалі голас. Сапраўды, лёталі стрэлы Твае.
19 Гук грому Твайго быў у віхуры. Маланкі асьвятлялі сьвет. Зямля дрыжэла і трэслася.
20 Праз мора вёў Твой шлях, і сьцежка Твая праз воды вялікія, і сьляды Твае былі нявядомыя.
21 Як статак вёў Ты народ Твой рукой Масея і Агарона.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Псальмаў, псальм 77
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020