1 Кіраўніку хору: на лад песьні: Памры за сына. Псальм Давідавы.
2 Буду славіць Ягову ад усяго сэрца; усе цуды Твае абвяшчаціму.
3 У Табе буду радавацца і весяліцца, выслаўляціму Імя Тваё, о, Найвышэйшы,
4 бо ворагі мае ўцякаюць, спатыкаюцца і гінуць перад Абліччам Тваім.
5 Бо Ты ўчыніў суд мой і справу маю завяршыў; Ты сядзіш на Пасадзе, як справядлівы Судзьдзя.
6 Ты ўгнявіўся на паганаў, зьнішчыў бязбожнага; імя іхнае зруйнаваў на вякі вякоў.
7 Ворагі зьнішчаны — руіна навекі; і месты разбурыў Ты, счэзла і памяць аб іх.
8 Але Ягова прабывае на векі; Ён прыгатаваў Пасад Свой дзеля суду.
9 І Ён будзе судзіць гэты сьвет паводля справядлівасьці, і будзе судзіць народы паводля праўды.
10 І будзе Ягова прытулкам для прыгнечаных, прытулкам у час тугі.
11 І будуць спадзявацца на Цябе тыя, што ведаюць Імя Тваё, бо Ты, Ягова, ня пакідаеш тых, хто шукае Цябе!
12 Сьпявайце хвалу Ягове, Які жыве на Сыёне, апавядайце між народамі ўчынкі Ягоныя!
13 Бо Той, Хто спаганяе за кроў, успомніў пра іх: Ён ня забыўся пра плач прыгнечаных.
14 Зьлітуйся нада мною, Ягова! Глянь на бядоту маю ад маіх нянавісьнікаў, — Ты, што падыймаеш мяне ад брамаў сьмерці,
15 каб я абвяшчаў усю хвалу Тваю ў брамах дачкі Сыёнавай і радаваўся са збаўленьня Твайго.
16 Паўваліваліся пагане ў яму, што самі выкапалі; у сетку, што ўкрадкам паставілі, ублуталася нага іхная.
17 Ягова даў спазнаць Сябе, учыніўшы суд; ва ўчынках рук сваіх заблытаўся бязбожнік. (Зэля).
18 Няхай сыйдуць грэшнікі ў пекла, усе народы, што забываюць Бога.
19 Бо ня на векі будзе забыты ўбогі, і надзея няшчасьлíвых ня згіне назаўсёды.
20 Паўстань, Ягова, ня дай чалавеку здабыць перавагу; хай будуць суджаны пагане перад Абліччам Тваім.
21 Навядзі, Ягова, страх на іх! няхай пазнаюць пагане, што яны людзі! (Зэля).
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 9

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020