1 Божа помсты, Ягова, Божа помсты, зазьзяй!
2 Узьнімíся, Судзьдзя зямлі! Адплаці пыхлівым адплату!
3 Дакуль жа бязбожнікі, Ягова, дакуль жа бязбожнікі будуць весяліцца?
4 Яны ўзбураюцца, гавораць дзёрзкасьць, пышаюцца ўсе ліхадзеі.
5 Яны топчуць народ Твой, Ягова, і яны прыгнятаюць спадчыну Тваю.
6 Яны забіваюць удаву́ і прыхадня; яны забіваюць сірот
7 і кажуць: «Ягова (гэтага) ня ба́чыць» і: «Бог Якубаў (на гэта) ня зважае.»
8 Апа́мятайцеся, (вы) бязглуздыя сярод народу! І вы няразумныя, калі вы паразумнееце?
9 Той, Хто стварыў вуха, няўжо ж ня пачу́е? Той, Хто стварыў вока, няўжо ж ня ўбачыць?
10 Ці Той, Хто настаўляе паганаў, хíба Ён ня стане выкрываць, Той, Хто вучыць чалавека разуменьню?
11 Ягова ведае думкі чалавека, што яны марныя.
12 Шчасьлівы ёсьць чалавек, якога Ты навучаеш, Ягова, і якога Ты вучыш Закону Твайму,
13 каб даць яму спакой у ліхія дні, пакуль выкапаюць дол бязбожніку;
14 бо Ягова ня адкíне народ Свой і спадку Свайго ня пакíне;
15 бо суд вернецца да справядлівасьці, і ёй пасьледуюць усе шчырыя сэрцам.
16 Хто паўстане за мяне супраць зламысьнікаў? Хто стане за мяне супраць ліхадзеяў?
17 Каб ня Ягова быў мне ўспамогай, мала заставалася, і душа мая апынулася б у сьмяротным маўчаньні.
18 Калі я кажу: «Хістаецца нага мая», дык Міласэрнасьць Твая, Ягова, падтрымлівае мяне.
19 Пры мностве трывожных думак у сэрцы маім суцяшэньні Твае напаўнялі душу́ маю Тваёй падтрымкай.
20 Ці можа быць зьвязаны з Табою пасад пагібелі, які намышляе бяду праз Закон?
21 Яны зьбіраюцца разам супраць душы справядлівага і асуджваюць кроў нявінаватую.
22 Але Ягова стаўся мне высокай цытадэльлю, Бог мой — скалой майго прытулку.
23 І Ён паверне на іх іхнае бяззаконьне, і зьнішчыць іх у злосьці іхнай. Зьнішчыць іх Ягова, Бог наш.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Псальмаў, псальм 94
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020