1 Прыйдзеце, урачыста засьпявайма Ягове! Ра́дасна ўсклікнем да Скалы нашага збаўленьня!
2 Станьма прад Абліччам Ягоным з падзякай; гучна засьпявайма Яму псальмы,
3 бо Бог вялікі ёсьць Ягова, і вялікі Кароль над усімі бага́мі,
4 у Ягонай Руцэ глыбіні зямлі, і Яму належаць вяршыні гораў,
5 Ягонае мора, і Ён стварыў яго, і сушу стварылі Рукі Ягоныя.
6 Прыйдзеце, суклонімся і ўпадзем. Укленчым перад Абліччам Яговы, Які стварыў нас,
7 бо Ён ёсьць Бог наш, і мы народ пасты Ягонай і авечкі Ягонай Рукі. Сёньня, калі вы Ягоны Голас чуеце,
8 ня зрабіце жорсткімі сэрца вашае, як у Мэрыбе, як у дзень спакушэньня ў пустэльні,
9 дзе ба́цькі вашыя спакушалі Мяне, выпрабоўвалі Мяне, хаця яны бачылі Дзею Маю.
10 Сорак гадоў Я цярпеў нараканьне ад роду гэтага, і Я сказаў: «Яны ёсьць народ заблуканыя сэрцам, і яны ня спазналі шляхоў Маіх.»
11 Таму і пакляўся Я ў гневе Маім: «яны ня ўвойдуць у Супакой Мой!»
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Псальмаў, псальм 95
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020