Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

Мацьвея 12 Паводля Мацьвея 12 разьдзел

1 У той час праходзіў Ісус ў суботу засеянымі палямі, а вучні Ягоныя прагаладаліся і пача́лі зрываць кало́сьсе і есьці.
2 Хварысэі ж, убачыўшы, сказалі Яму: вось вучні Твае робяць, чаго нельга рабіць у суботу.
3 Ён жа сказаў ім: хíба вы ня чыталі, што зрабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, што былí зь ім.
4 Як ён увайшоў у дом Бога і з’еў хлябы ахвярныя, якіх не́льга было́ е́сьці ні яму, ні тым, што былí зь ім, а то́лькі адным сьвятара́м?
5 Альбо ці ня чыталі вы ў Законе, што ў суботы сьвятары ў Сьвятыні парушаюць суботу, аднак ня вінаватыя?
6 Але кажу вам, што тут ёсьць Большы за Сьвятыню.
7 Калі б вы ведалі, што азначае: міласьці хачу, а ня ахвяры, то ня асудзілі бы нявінаватых;
8 бо Госпад ёсьць і (Гаспадар) суботы, Ён ёсьць Сын Чалавечы.
9 І, адыйшоўшы адтуль, прыйшоў Ён у сынагогу іхную;
10 і вось (там) быў чалавек з сухою рукою; і каб абвінаваціць Яго, спыталі Яго, кажучы: ці можна аздараўляць у суботы?
11 Ён жа сказаў ім: ці ёсьць сярод вас такі чалавек, каторы маючы адну авечку, і калі яна ў суботу ўваліцца ў яму, ня возьме яе і ня выцягне?
12 На колькі ж чалавек лепшы за авечку! Таму можна ў суботу рабіць дабро.
13 Тады (Ён) кажа гэнаму чалавеку: выцягні руку́ тваю! І той выцягнуў. І сталася яна здаровая, як другая.
14 А хварысэі, выйшаўшы, учынілі супраць Яго раду, каб Яго загубіць.
15 Ісус жа, даве́даўшыся, пайшоў адтуль, і пайшлі ўсьлед за Ім мноства народу, і Ён аздаравіў іх усіх.
16 І забараніў ім, каб ніякіх распавяданьняў пра Яго ня рабілі.
17 Каб збыло́ся ска́занае праз праро́ка Гісаю, які кажа:
18 вось Юнак Мой, Якога Я выбраў, Улюблены Мой, Якога ўпадаба́ла Душа́ Мая. Ускладу́ Дух Мой на Яго, і абвесьціць народам суд.
19 Ня запярэчыць, ні залямантуе, ня пачуе ніхто на вуліцах Голасу Ягонага;
20 трысьцíны надло́мленай ня перало́міць і лёну тлеючага ня зага́сіць, пакуль ня давядзе суд да перамогі;
21 і на Імя Ягонае будуць спадзявацца народы.
22 Тады прывялí да Яго апанава́нага дэманам сьляпога і нямога, і аздаравíў яго, так што сьляпы і нямы стаў гаварыць і ба́чыць.
23 І зьдзіўляліся ўсе людзі і казалі: ці ня Гэты ёсьць Сын Давіда?
24 А хварысэі пачуўшы (гэтае) сказалі: Ён выганяе дэманаў няйначай як Бэльзэбулам, князям дэманаў.
25 Але Ісус ведаючы думкі іхныя, сказаў ім: усякае валадарства, якое разьдзялілася само́е ў сабе спусташа́ецца; і ўсякае места ці дом разьдзелены сам супраць сябе ня ўстоіць.
26 І калі шатан шатана выганяе, ён сам супраць сябе разьдзелены. Як жа ўстоіць валадарства ягонае?
27 І калі Я Бэльзэбулам выганяю дэманаў, (то) сыны вашыя кім выганяюць? Пагэтаму яны будуць судзьдзямі вашымі.
28 Калі ж Я Духам Бога выганяю дэманаў, значыць дасягнула да вас Валадарства Бога.
29 Альбо як можа нехта ўвайсьці ў дом асілка, і адабраць у яго маёмасьць ягоную, калі сьпярша ня зьвяжа асілка? І тады адбярэ (у яго) маёмасьць дома ягонага.
30 Хто ня са Мною, (той) супраць Мяне; і хто ня зьбірае са Мною, (той) раскідае.
31 Таму кажу вам: усякі грэх і ганьбаваньне будуць дараваны чалавекам. Але зласлоўе на Духа ня будзе даравана чалавекам.
32 Калі хто скажа слова супраць Сына Чалавечага, дарована будзе яму; а хто скажа супраць Духа Сьвятога, ня будзе дарована яму ані ў гэтым веку, ані ў будучым.
33 Альбо прызнайце дрэва добрым і плод ягоны добрым, альбо прызнайце дрэва благім і плод ягоны благім. Бо дрэва пазнаецца паводля плоду.
34 Выро́дзьдзе яхідны! Як вы можаце казаць добрае, калі вы благія? Бо ад лішніцы сэрца гавораць вусны.
35 Добры чалавек з добрага скарбу сэрца выносіць «добрае», а благі чалавек з благога скарбу сэрца выносіць благое.
36 Кажу ж вам, што за ўсякае пустое слова, якое скажуць людзі, яны дадуць адказ у дзень суду́.
37 Таму паводля слоў сваіх будзеш апра́ўданы, і паводля слоў сваіх будзеш засуджаны.
38 Тады загаварылі нікаторыя з кніжнікаў і хварысэяў, кажучы: Настаўнік! хочам убачыць ад Цябе знак.
39 Ён жа, адказаўшы, сказаў ім: род спагу́дны і чужаложны шукае знаку, і знак ня будзе дадзены яму, апрача знаку Ёны прарока.
40 Бо як Ёна быў у чэраве кіта́ тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы.
41 Мужчыны нінэвійскія ўстануць на суд з родам гэтым і засудзяць яго, бо яны пакаяліся праз пропаведзь Ёны; і вось тут Бо́льшы за Ёну.
42 Каралева паўднёвая будзе паднята на суд з родам гэтым і засудзіць яго, бо яна прыйшла з краю зямлі паслухаць мудрасьці Салямона; і вось тут Бо́льшы за Салямона.
43 Калі ж нячысты дух выйдзе з чалавека, дык блукае па бязводных мясьцінах, шукаючы супакою, і ня знаходзіць.
44 Тады кажа: вярнуся ў дом свой, адкуль я выйшаў. І, прыйшоўшы, знаходзіць яго пустым, вымеценым і прыбраным.
45 Тады ідзе і бярэ з сабою сем другіх духаў, люцейшых за сябе, і ўвайшоўшы жывуць там; і для чалавека гэнага апошняе становіцца горш за першае. Так будзе і роду гэтаму ліхому.
46 Калі Ён яшчэ гаварыў да людзей, вось матка і браты Ягоныя сталі вонках, хочучы гаварыць зь Ім.
47 І нехта сказаў Яму: вось матка Твая і браты Твае стаяць вонках, хочучы з Табою пагаварыць.
48 Ён жа, адказаўшы, сказаў гаварыўшаму Яму: хто ёсьць матка Мая і хто ёсьць браты Мае?
49 І, паказаўшы Рукою Сваёю на вучняў Сваіх, сказаў: вось матка Мая і браты Мае;
50 бо хто будзе выконваць волю Ба́цькі Майго, Які ёсьць у Нябёсах, той Мне брат, і сястра, і матка.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводля Мацьвея Сьвятое Эвангельле, 12 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020