Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

Мацьвея 14 Паводля Мацьвея 14 разьдзел

1 У той час Гірад тэтрарх пачуў погалас пра Ісуса.
2 І сказаў слугам сваім: Гэты ёсьць Яан Хрысьціцель; Ён уваскрэшаны зь мёртвых, і таму сілы дзейнічаюць у Ім.
3 Бо Гірад, схапіўшы Яана, зьвязаў яго і пасадзіў у вязьніцу за Гірадзіяду, жонку Пілíпавую, брата ягонага;
4 бо Яан казаў яму: нельга табе мець яе.
5 І хацеў забіць яго, але пабаяўся народу, бо яго мелі за прарока.
6 У дзень сьвяткаваньня дня народзінаў, якое праводзіў Гірад, дачка Гірадзіяды скакала пасярод (сабраных) і дагадзіла Гіраду.
7 Пагэтаму ён пад прысягаю паабяцаў ёй даць, чаго б (яна) ні зажадала.
8 Яна ж, падвучаная маткаю сваёю, сказала: дай мне тут на місе галаву Яана Хрысьціцеля.
9 І засмучоны быў гаспадар, але дзеля прысягаў і тых, што ўзьляжалі зь ім, загадаў даць.
10 І, паслаўшы, адсек галаву Яану ў вязьніцы.
11 І прынесена была галава ягоная ў місе і аддана дзяўчыне, а (яна) прынесла матцы сваёй.
12 І, прыйшоўшы, вучні ягоныя ўзялі цела (ягонае) і пахавалі яго; і, прыйшоўшы, паведамілі Ісусу.
13 І, пачуўшы, Ісус адплыў адтуль у чаўне адзін у пустэльнае мейсца. А людзі, пачуўшыя (пра гэтае), пайшлі ўсьлед за Ім зь местаў пешкі.
14 І, выйшаўшы, Ісус убачыў мноства людзей і пашкадаваў іх і аздаравіў хворых іхных.
15 Калі ж наступіў вечар, прыступіліся да Яго вучні Ягоныя, кажучы: пустэльная тут мясьціна, а час ужо позьні: адпусьці людзей, каб яны, пайшоўшы ў сёлы, купілі сабе ежу.
16 А Ісус сказаў ім: ня трэба ім ісьці: вы дайце ім паесьці.
17 Яны ж кажуць Яму: тут няма нічога, акрамя пяці хлябоў і дзьвух рыбін.
18 Ён жа сказаў: прынясеце іх Мне сюды.
19 І, загадаўшы людзям узьлегці на траву і ўзяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбіны, падняўшы вочы да неба, багаславіў і, паламаўшы, даў хлябы вучням, — а вучні — людзям.
20 І паелі ўсе і наеліся; і назьбіралі рэшты кавалкаў дванаццаць кашоў поўных.
21 А еўшых было каля пяці тысячаў мужчын, апрача жанчын і дзяцей.
22 І адразу прымусіў Ісус вучняў Сваіх увайсьці ў човен і адплысьці раней за Яго на той бок, пакуль (Ён) адпусьціць людзей.
23 І адпусьціўшы людзей, Ён узыйшоў на гару памаліцца насамоце; і ўвечары заставаўся там Адзін.
24 А човен ужо быў пасярэдзіне мора і яго біла хвалямі, бо вецер быў супраціўны.
25 А ў чацьвёртую варту ночы пайшоў да іх Ісус, ідучы па моры.
26 І вучні, угледзіўшы Яго, ідучы па моры, сумеліся, кажучы: гэта здань. І ад страху закрычалі.
27 Але Ісус адразу загаварыў зь імі, кажучы: падбадзёрцеся; гэта Я, ня бойцеся.
28 Пётра ж адказаўшы сказаў Яму: Госпадзе! калі гэта Ты, загадай мне прыйсьці да Цябе па вадзе.
29 Ён жа сказаў: прыйдзі. І, выйшаўшы з чаўна, Пётра пайшоў па вадзе, направіўшыся да Ісуса.
30 Але бачачы моцны вецер спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў, кажучы: Госпадзе! уратуй мяне!
31 Ісус адразу ж працягнуўшы Руку́, падтрымаў яго і кажа яму: малаверны! чаму ты засумняваўся?
32 І калі яны ўвайшлі ў човен, вецер заціх.
33 А быўшыя ў чаўне, падыйшоўшы, пакланіліся Яму і сказалі: запраўды Ты Сын Бога!
34 І пераправіўшыся, прыбылí ў зямлю Генісарэцкую.
35 І пазнаўшы Яго мужчыны той мясцовасьці паслалі ва ўсё навакольле тое і прыне́сьлі да Яго ўсіх хворых.
36 І прасілі Яго, каб толькі дакрануцца да краю вопраткі Ягонай; і ўсе каторыя дакрануліся, былі аздароўлены.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводля Мацьвея Сьвятое Эвангельле, 14 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020