Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

Мацьвея 15 Паводля Мацьвея 15 разьдзел

1 Тады прыходзяць да Ісуса зь Ярузаліму кніжнікі і хварысэі, кажучы:
2 чаму вучні Твае парушаюць звычай старэйшынаў? бо ня ўмываюць рук сваіх, калі ядуць хлеб.
3 Ён жа адказаўшы сказаў ім: чаму і вы парушаеце прыказаньне Бога дзеля звычаю вашага?
4 Бо Бог загадаў, кажучы: шануй бацьку твайго і матку; і — хто ліхасловіць бацьку ці матку, няхай памрэ сьмерцяй.
5 А вы кажаце: калі хто скажа бацьку альбо матцы: дар (Богу) — тое, чым бы ты ад мяне скарыстаўся,
6 той можа і ня ўшанаваць бацьку свайго альбо матку сваю; такім чынам вы скасавалі прыказаньне Бога дзеля звычаю вашага.
7 Крывадушнікі! добра прарочыў аб вас Гісая, кажучы:
8 набліжаюцца да Мяне людзі гэтыя вуснамі сваімі і шануюць Мяне языком; а сэрца іхняе адлягае далёка ад Мяне.
9 Але дарэмна пакланяюцца Мне, навучаючы вучэньням, запаветам чалавечым.
10 І паклікаўшы людзей сказаў ім: слухайце і разумейце:
11 ня тое, што ўваходзіць у вусны, апаганьвае чалавека; але (тое), што выходзіць з вуснаў, тое апаганьвае чалавека.
12 Тады вучні Ягоныя, прыступіўшыся, сказалі Яму: ці ведаеш, што хварысэі, пачуўшы Слова гэтае, адступіліся ў супраціў?
13 Ён жа адказаўшы сказаў: усякая расьліна, якую ня пасадзіў Ба́цька Мой Нябесны, будзе выкаранена.
14 Пакіньце іх; яны — сьляпыя павадыры сьляпых; а калі сьляпы вядзе сьляпога абодва ўваляцца ў яму.
15 І адказаўшы Пётра сказаў Яму: растлумач нам прыповесьць гэтую.
16 Ісус жа сказаў: усё яшчэ і вы няцямлівыя?
17 Ці яшчэ ня разумееце, што ўсё, што ўваходзіць у вусны, уваходзіць у чэрава, і выкідаецца вон?
18 А што выходзіць з вуснаў — з сэрца выходзіць; і гэтае апаганьвае чалавека:
19 бо з сэрца выходзяць благія думкі, забойствы, чужаложствы, блудадзействы, крадзяжы, ілжывыя сьведчаньні, блюзьнерствы:
20 гэта апаганьвае чалавека. А есьці няпамытымі рукамі — ня апаганьвае чалавека.
21 І выйшаўшы адтуль, Ісус адыйшоў у землі Тыра і Сыдона.
22 І вось жанчына хананэйская, прыйшоўшая з тых ваколіц закрычала Яму, кажучы: зьлітуйся нада мною, Госпадзе, Сын Давіда! Дачку маю жорстка мучыць дэман.
23 Але Ён ня адказаў ёй ні слова. І вучні Ягоныя, прыступіўшыся, упрашвалі Яго: адпусьці яе, бо яна крычыць за намі.
24 Ён жа, адказаўшы, сказаў: Я пасланы толькі да загíнулых авечак дому Ізраэля.
25 А яна, падыйшоўшы, кланялася Яму, кажучы: Госпадзе! памажы мне.
26 Ён жа адказаўшы, сказаў: ня добра ўзяць хлеб ад дзяцей і кінуць сабакам.
27 Яна ж сказала: так, Госпадзе! але й сабакі ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхных.
28 Тады адказаўшы, Ісус сказаў ёй: о, жанчына! вялікая вера твая; няхай станецца табе як жадаеш. І аздароўлена была дачка яе з тае гадзíны.
29 І перайшоўшы адтуль, прыйшоў Ісус да мора Галілеі і ўзыйшоўшы на гару сеў там.
30 І прыступіліся да Яго мноства людзей, якія мелі з сабою кульгавых, сьляпых, нямых, калек і многа іншых і паклалі іх да Ног Ісусавых; і (Ён) аздаравіў іх;
31 так што людзі зьдзіўляліся, бачучы, нямых гаворачымі, калек здаровымі, кульгавых ходзячымі і сьляпых бачучымі; і праславілі Бога Ізраэля.
32 Ісус жа, прыклікаўшы вучняў Сваіх сказаў: шкада Мне людзей, бо ўжо тры дні знаходзяцца пры Мне і ня маюць чаго паесьці; а адпусьціць іх галоднымі ня хачу, каб ня аслаблі ў дарозе.
33 І кажуць Яму вучні Ягоныя: адкуль нам (узяць) у пустэльні столькі хлябоў, каб накарміць столькі людзей?
34 І кажа ім Ісус: сколькі хлябоў маеце? Яны ж сказалі: сем, і некалькі рыбак.
35 І загадаў людзям узьлегці на зямлю.
36 І ўзяўшы сем хлябоў і рыбы, учыніў падзяку, паламаў і даў вучням Сваім; а вучні — народу.
37 І паелі ўсе і наеліся; і сабралі рэшты кавалкаў сем кашоў поўных.
38 А еўшых было — чатыры тысячы мужчын, акрамя жанчын і дзяцей.
39 І адпусьціўшы народ Ён увайшоў у човен і прыбыў у межы Магдалы.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводля Мацьвея Сьвятое Эвангельле, 15 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020