Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

Мацьвея 17 Паводля Мацьвея 17 разьдзел

1 А цераз дзён шэсьць бярэ Ісус Пётру, Якуба і Яана, брата ягонага, і ўзводзіць іх адных на высокую гару.
2 І пераабразіўся перад імі: і зазьзяла Аблічча Ягонае, як сонца, а адзецьці Ягоныя сталіся белымі, як сьвятло.
3 І вось, зьявіліся ім Масей і Ільля, размаўляючы зь Ім.
4 І загаварыўшы Пётра сказаў Ісусу: Госпадзе! добра нам тут быць; калі хочаш, зробім тут тры буданы: Табе адзін, Масею адзін і адзін Ільлю.
5 Калі ён яшчэ гаварыў, вось, воблака сьветлае асланіла іх; і вось Голас із воблака гаворыць: Гэты ёсьць Сын Мой улюблены, Якога Я моцна ўпадабаў; Яго слухайце!
6 І, пачуўшы, вучні ўпалі на абліччы свае і вельмі перапалохаліся.
7 І падыйшоўшы Ісус дакрануўся да іх і сказаў: устаньце і ня бойцеся.
8 І падняўшы вочы свае (яны) нікога ня ўбачылі акрамя аднаго Ісуса.
9 І калі яны сыходзілі з гары, Ісус загадаў ім, кажучы: нікому ня кажыце пра гэтае бачаньне, пакуль Сын Чалавечы ня ўваскрэсьне зь мёртвых.
10 І спыталіся ў Яго вучні Ягоныя, кажучы: як жа кніжнікі кажуць, што Ільля мусіць прыйсьці раней?
11 Ісус жа, адказаўшы, сказаў ім: Ільля сапраўды прыйдзе раней і падрыхтуе ўсё.
12 Але кажу вам, што Ільля ўжо прыйшоў, ды ня пазналі яго, а зрабілі зь ім, што захацелі; так і Сын Чалавечы мае пацярпець ад іх.
13 Тады вучні зразумелі, што (Ён) сказаў ім пра Яана Хрысьціцеля.
14 І калі яны прыйшлі да народу, то падыйшоў да Яго чалавек кленчучы перад Ім і кажучы:
15 Госпадзе! зьлітуйся над маім сынам, бо ён памесяўнік і цяжка пакутуе, бо часта падае ў вагонь і часта ў ваду.
16 І (я) прывёў яго да вучняў Тваіх, і (яны) ня змаглі аздаравіць яго.
17 І, адказаўшы, Ісус сказаў: о, род няверны і разбэшчаны! дакуль буду з вамі? Дакуль буду цярпець вас? Прывядзіце яго да Мяне сюды.
18 І загадаў яму Ісус, і выйшаў зь яго дэман, і быў аздароўлены юнак у тую ж хвіліну.
19 Тады прыступіўшыся насамоце вучні сказалі Ісусу: чаму мы ня змаглі выгнаць яго?
20 Ісус жа сказаў ім: праз няверу вашую: бо праўду кажу вам: калі вы будзеце мець веру, як гарчычнае зерне (і) скажаце гары гэтай: перайдзі адгэтуль туды, дык (яна) пяройдзе, і нічога ня будзе нямагчымага вам.
21 Гэты ж род выганяецца толькі малітваю і по́стам.
22 А ў час быцьця іхнага ў Галілеі сказаў ім Ісус: Сын Чалавечы мае быць аддадзеным ў рукі чалавечыя.
23 І заб’юць Яго, і на трэйці дзень будзе ўваскрэшаны. І (яны) вельмі зажа́ліліся.
24 Калі ж яны прыйшлі ў Капэрнавум, дык падыйшлі да Пятра зьбіральнікі дзідрахмаў і сказалі: ці ня заплаціць ваш Настаўнік падатка дзідрахмы?
25 Ён кажа: так. І калі (ён) увайшоў у дом, дык Ісус абпярэдзіў яго, кажучы: як табе здаецца Сымоне? Валадары зямныя з каго бяруць даніны ці падатак — з сыноў сваіх ці зь іншых?
26 Кажа Яму Пётра: зь іншых. Ісус сказаў яму: значыць сыны вольныя.
27 Але каб нам ня спакусіць іх пайшоўшы на мора закінь вуду і вазьмі першую злоўленую рыбу; і, расчыніўшы яе рот, знойдзеш стацір; узяўшы яго, аддай ім за Мяне і за сябе.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводля Мацьвея Сьвятое Эвангельле, 17 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020