Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

Мацьвея 19 Паводля Мацьвея 19 разьдзел

1 І сталася, калі Ісус скончыў словы гэтыя, то выйшаў з Галілеі і прыйшоў далей Ярдана ў межы Юдэі.
2 І ўсьлед за Ім пайшлі многа людзей, і Ён аздаравіў іх там.
3 І прыступіліся да Яго хварысэі, спакушаючы Яго і кажучы Яму: дык ці дазволена чалавеку адпускаць жонку сваю па ўсякай прычыне?
4 Ён жа, адказаўшы, сказаў ім: ці ня прачыталі вы, што Творца ад (самага) пачатку сатварыў іх мужчынаю і жанчынаю?
5 І сказаў: таму пакіне чалавек бацьку і матку і стане прылеплены да жонкі сваёй, і будуць двое (аб’яднаны) у цела адно.
6 Дык яны ўжо ня двое, але адно цела. Пагэтаму, што Бог злучыў (шлюбам), чалавеку ня разлучаць!
7 Кажуць Яму: як жа Масей загадаў даць разводны ліст і адпусьціць яе?
8 Кажа ім: Масей дзеля жорсткасьці сэрца вашага дазволіў вам адпускаць жонак вашых; а спачатку ня было гэтак.
9 Але (Я) кажу вам: хто адпусьціць жонку сваю акрамя (прычыны) пералюбства, і ажэніцца з другою, той чыніць пералюб; і хто ажэніцца з разьведзенаю, той чыніць пералюб.
10 Кажуць Яму вучні Ягоныя: калі такое патрабаваньне да чалавека перад жонкай — лепш ня жаніцца.
11 Ён жа сказаў ім: ня ўсе разумеюць слова гэтае, але каму дадзена.
12 Бо ёсьць скапцы, якія з жывата маткі народжаны гэткімі; і ёсьць скапцы, якіх выпакладалі людзі; і ёсьць скапцы, якія выпакладалі самі сябе дзеля Валадарства Нябёсаў. Хто можа разумець, хай разумее.
13 Тады прыведзены былі да Яго дзеці, каб (Ён) усклаў на іх Ру́кі і памаліўся, вучні ж забаранілі ім.
14 Але Ісус сказаў: пусьціце дзяцей і ня перашкаджайце ім прыйсьці да Мяне, бо гэткіх ёсьць Валадарства Нябёсаў.
15 І, усклаўшы на іх Ру́кі, пайшоў адтуль.
16 І вось нехта, падыйшоўшы, сказаў Яму: Настаўнік добры! што зрабіць мне добрае, каб мець жыцьцё вечнае?
17 Ён жа сказаў яму: чаму (ты) называеш Мяне добрым? Ніхто ня добры, акрамя толькі Бога. Калі ж хочаш увайсьці ў жыцьцё, выпаўняй прыказаньні.
18 Кажа Яму: якія? Ісус жа сказаў: ня забівай, ня чыні пералюбу, ня крадзі, ня сьведчы ілжыва;
19 шануй бацьку твайго і матку і любі бліжняга твайго як самога сябе. (Вых. 20:12,13−16; Ляв. 19:18; Другазак. 5:16,17−20)
20 Юнак кажа Яму: усё гэтае я выконваў з юнацтва майго: чаго яшчэ (мне) ня хапае?
21 Ісус яму сказаў: калі хочаш быць дасканалым пайдзі прадай маёмасьць сваю і раздай убогім і будзеш мець скарб на небе; і прыходзь (ды) ідзі ўсьлед за Мною.
22 Пачуўшы ж гэтае слова, юнак адыйшоў замаркочаны, бо ў яго было многа маёнткаў.
23 Ісус жа сказаў вучням Сваім: праўду кажу вам: цяжка багатаму ўвайсьці ў Валадарства Нябёсаў.
24 І яшчэ кажу вам: лягчэй вярблюду́ прайсьці праз іголчына вуха, чым багатаму ўвайсьці ў Валадарства Бога.
25 Пачуўшы ж (гэтае), вучні Ягоныя былі вельмі зьдзіўлены, кажучы: хто ж можа быць збаўленым?
26 Але паглядзеўшы Ісус сказаў ім: людзям гэта нямагчыма, а Богу ўсё магчыма.
27 Тады адказаўшы Пётр сказаў Яму: вось мы пакінулі ўсё і пайшлі ўсьлед за Табою; што ж будзе нам?
28 А Ісус сказаў ім: праўду кажу вам, што ў новым жыцьці вы, што пайшлі ўсьлед за Мною, калі Сын Чалавечы сядзе на пасадзе Славы Сваёй, сядзеце і вы на дванаццаці пасадах судзячы дванаццаць родаў Ізраэля.
29 І кожны хто пакінуў дамы альбо братоў, альбо сёстраў, альбо бацьку, альбо матку, альбо жонку, альбо дзяцей, альбо землі дзеля Імені Майго, атрымае ў сто разоў больш і ўспадкуе жыцьцё вечнае.
30 А многія першыя будуць апошнімі, і апошнія — першымі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводля Мацьвея Сьвятое Эвангельле, 19 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020