Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

Мацьвея 27 Паводля Мацьвея 27 разьдзел

1 Калі ж настала раніца, усе архірэі і старэйшыны народу ўчынілі нараду аб Ісусе, каб Яго забіць;
2 і зьвязаўшы Яго завялі і выдалі Яго Понтыю Пілату правіцелю.
3 Тады Юда, які прадаў Яго, убачыўшы, што Ён засуджаны пашкадаваў (аб сваім учынку і) аддаў назад трыццаць срэбнікаў архірэям і старэйшынам,
4 кажучы: саграшыў (я) прадаўшы Кроў нявінную. Яны ж сказалі: што нам да таго? Ты глядзі.
5 І кінуўшы срэбнікі ў Сьвятыні (ён) выйшаў і, пайшоўшы, павесіўся.
6 Архірэі ж, узяўшы срэбнікі, сказалі: ня дазваляецца класьці іх у скарбонку Сьвятыні, бо яны — цана крыві.
7 Учыніўшы ж нараду (яны) купілі за іх поле ганчара для пахаваньня чужынцаў.
8 Таму названа поле тое «полем крыві» нават па сёньняшні дзень.
9 Тады збылося сказанае Прарокам Ярэмай, які кажа: і ўзялі трыццаць срэбнікаў, цану Ацэненага, Якога ацанілі сыны Ізраэля,
10 і аддалі іх за поле ганчара, як сказаў мне Госпад.
11 Ісус жа стаў перад правіцелем. І спытаўся ў Яго правіцель, кажучы: Ты ёсьць Кароль жыдоў? Ісус сказаў яму: ты кажаш.
12 І калі абвінавачавалі Яго архірэі і старэйшыны, (Ён) нічога ня адказаў.
13 Тады кажа Яму Пілат: ці ня чуеш як многа супраць Цябе сьведчаць?
14 І ня адказаў яму аніводнага слова, так што правіцель вельмі зьдзіўляўся.
15 На сьвята ж правіцель меў звычай адпускаць народу аднаго вязьня якога хацелі.
16 Быў жа тады (у іх) вядомы вязень называны Бараўва.
17 І вось калі яны былі сабра́ныя, сказаў ім Пілат: каго хочаце каб (я) вам звольніў: Бараўву ці Ісуса, Якога завуць Хрыстом?
18 Бо ведаў, што з зайздрасьці выдалі Яго.
19 Калі ж ён сядзеў на судовым мейсцы, паслала да яго жонка ягоная, кажучы: нічога ня рабі Праведніку Таму, бо (я) сягоньня ў сьне шмат пацярпела за Яго.
20 Але архірэі і старэйшыны падбухторылі народ, каб папрасілі Бараўву, а Ісуса каб забілі.
21 Адказаўшы ж правіцель сказаў ім: каго хочаце з гэтых двух каб (я) звольніў вам? Яны ж сказалі: Бараўву.
22 Кажа ім Пілат: тады што зраблю Ісусу, Якога называюць Хрыстом? Кажуць яму ўсе: павінен быць раскрыжаваны.
23 Але правіцель сказаў: якое ж злачынства ўчыніў Ён? Яны ж яшчэ мацней крычалі, кажучы: павінен быць раскрыжаваны.
24 Тады Пілат убачыўшы, што нічога ня дапамагае, а ўзбурэньне яшчэ больш павялічваецца, узяўшы вады ўмыў рукі перад народам, кажучы: нявінаваты я ў Крыві Праведніка Гэтага; вы глядзіце.
25 І адказаўшы ўвесь народ сказаў: Кроў Ягоная на нас і на дзецях нашых.
26 Тады (ён) звольніў ім Бараўву, а Ісуса зьбічаваўшы аддаў каб (Ён) быў раскрыжаваны.
27 Тады жаўнеры правіцеля ўзяўшы Ісуса ў прэторыю сабра́лі на Яго ўсю кагорту.
28 І разьдзеўшы Яго апранулі на Яго чырвоны плашч.
29 І сьплёўшы вянок зь цярніны (як карону) усклалі Яму на Галаву і ў правую Руку Ягоную да́лі кій; і стаўшы на калені перад Ім зьдзекаваліся зь Яго, кажучы: радуйся, Кароль жыдоў!
30 І абпляваўшы Яго ўзялі кій і білі Яго па Галаве.
31 А калі назьдзекаваліся зь Яго зьнялі зь Яго (чырвоны) плашч і апранулі на Яго Ягоныя адзежы, і павялі Яго на раскрыжаваньне.
32 Выходзячы ж (яны) сустрэлі чалавека кірэнэйца па іменьню Сымон; гэтага прымусілі несьці крыж Ягоны.
33 І прыйшоўшы на мейсца, якое называецца Галгота што значыць «Чэрапу мейсца».
34 (Яны) далі Яму піць воцат зьмяшаны з жоўцяй; і пакаштаваўшы ня хацеў піць.
35 Раскрыжаваўшыя Яго разьдзялілі адзежы Ягоныя, кіда́ючы жэрабя; каб было споўнена сказанае праз Прарока: падзялілі адзежы Мае паміж сабою і на вопратку Маю кінулі жэрабя;
36 І, седзячы, вартавалі Яго там.
37 І зьмясьцілі над Галавою Ягонай надпіс аб віне Ягонай: Гэты ёсьць Ісус, Кароль жыдоў.
38 Тады раскрыжаваны былі разам зь Ім два разбойнікі: адзін справа, а другі — зьлева.
39 А тыя, што праходзілі міма, ліхасловілі Яго, ківаючы галовамі сваімі
40 і кажучы: Ты, што разбураеш Сьвятыню і за тры дні адбудоўваеш! Уратуй Сябе Самога! Калі Ты Сын Бога, зыйдзі з крыжа.
41 Падобна і архірэі разам з кніжнікамі і старэйшынамі насьмяхаючыся, казалі:
42 другіх ратаваў, а Самога Сябе ўратаваць ня можа. Калі Ён Кароль Ізраэля хай цяпер жа сыйдзе з крыжа, і (мы) паверым Яму.
43 Спадзяваўся на Бога; хай цяпер выбавіць Яго, калі Ён заўгодны Яму. Бо сказаў: Я ёсьць Сын Бога.
44 Нават і разбойнікі раскрыжаваныя зь Ім ліхасловілі Яго.
45 Ад шостай жа гадзіны цемра сталася па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзявятае.
46 А каля дзявятай гадзіны загаласіў Ісус моцным голасам, кажучы: Элі! Элі! лама сабахтанí? гэта ёсьць: Божа Мой! Божа Мой! чаму (Ты) Мяне пакінуў?
47 І нікаторыя, што там стаялі пачуўшы казалі: Ён кліча Ільлю.
48 І адразу адзін зь іх пабег і ўзяўшы губку намачыўшы ў воцат і насадзіўшы на трысьціну даваў Яму піць.
49 А астатнія казалі: чакай, паглядзім ці прыйдзе Ільля ўратаваць Яго.
50 Ісус жа зноў загаласіўшы моцным голасам выпусьціў Дух.
51 І вось завеса Сьвятыні была разадрана напалам зьверху да нізу; і зямля была страсянута і скалы былі расколаты.
52 І магілы былі расчынены, і многія целы памёршых сьвятых былі ўваскрэшаны;
53 і выйшаўшы з магіл пасьля ўваскрасеньня Ягонага, увайшлі ў сьвятое места і былі яўлены многім,
54 Сотнік жа і тыя, што зь ім вартавалі Ісуса, убачыўшы трасеньне зямлі і што сталася, спалохаліся моцна, кажучы: сапраўды, Ён быў Сын Бога.
55 Было ж там многа жанчын якія назіралі здалёк, якія прыйшлі ўсьлед за Ісусам з Галілеі, служачы Яму;
56 сярод якіх была Марыля Магдаліна і Марыля, матка Якуба і Ёсі, а таксама матка сыноў Завядзея.
57 Калі ж настаў вечар прыйшоў багаты чалавек з Арыматэі, іменьнем Язэп, каторы таксама быў вучням Ісуса.
58 Ён, прыйшоўшы да Пілата, выпрасіў Цела Ісуса. Тады Пілат загадаў аддаць Цела.
59 І ўзяўшы Цела Язэп абгарнуў Яго ільняным палатном чыстым
60 і паклаў Яго ў сваёй новай магіле, якую (ён) высек у скале; і прываліўшы вялікі ка́мень да дзьвярэй магілы, адыйшоў.
61 Была ж там Марыля Магдаліна і другая Марыля, якія сядзелі насупраць магілы.
62 На другі дзень, каторы ёсьць пасьля параскевы, былі сабраныя архірэі і хварысэі да Пілата
63 кажучы: пане! мы ўспомнілі, што Ашуканец Той, як быў яшчэ жывы сказаў: цераз тры дні буду ўваскрэшаны.
64 Пагэтаму загадай вартаваць магілу да трэйцяга дня каб вучні Ягоныя прыйшоўшы ўначы ня ўкралі Яго, і ня сказалі народу: уваскрэшаны зь мёртвых. І будзе апошняе ашуканства горшае за першае.
65 А Пілат сказаў ім: маеце варту; ідзіце вартуйце як ведаеце.
66 Яны ж пайшоўшы перадалі вартаваньне магілы (рымскай) варце, прылажыўшы да ка́меня пячатку.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводля Мацьвея Сьвятое Эвангельле, 27 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020