1 Праз два дні была Пасха і Праснакі; і архірэі і кніжнікі намышлялі, як узяць Яго хітрасьцяй (і) забіць;
2 але казалі: (толькі) ня ў сьвята, каб у народзе ня сталася абурэньня.
3 І быў Ён у Бітані, і ўзьляжаў Ён у доме Сымона пракажонага, — прыйшла жанчына з алябастравым збанком міра нардовага чыстага, дарагога і разьбіўшы алябастравы збанок, паліла Яму на Галаву.
4 І былі нікаторыя, якія між сабою абураліся і гаварылі: на што зроблена гэткае марнатраўства гэтага міра?
5 Бо можна было бы прадаць яго больш чым за трыста дынараў і раздаць убогім. І наракалі на яе.
6 Але Ісус сказаў: адчапіцеся ад яе, нашто робіце ёй балюча? Яна зрабіла для Мяне добры ўчынак.
7 Бо ўбогіх маеце заўсёды каля сябе, і калі хочаце, можаце ім рабіць дабро. А Мяне маеце ня заўсёды.
8 Яна зрабіла, што магла: загадзя намасьціла Маё Цела на пахаваньне.
9 Праўду кажу вам: дзе толькі будзе абвешчана Эвангельле гэтае ў цэлым сьвеце, дык і аб тым, што яна зрабіла, будзе сказана ў памяць пра яе.
10 А Юда Іскарыёт, адзін з дванаццацёх, пайшоў да архірэяў, каб прадаць Яго ім.
11 А яны, пачуўшы, узрадаваліся і абяцалі яму даць срэбра. І (ён) шукаў, як бы ў зручную часіну прадаць Яго.
12 І ў першы дзень Праснакоў, калі рэзалі Пасху, кажуць Яму вучні Ягоныя: дзе жадаеш, (каб) мы пайшоўшы прыгатавалі, каб Табе есьці Пасху?
13 І пасылае двух з вучняў Сваіх і кажа ім: ідзеце ў места; і вам сустрэнецца чалавек, які нясе збан вады. Пайдзеце сьледам за ім.
14 І куды (ён) увойдзе, скажыце гаспадару дому, што Настаўнік кажа: дзе сьвятліца, у якой Мне есьці Пасху з вучнямі Маімі?
15 І ён пакажа вам сьвятліцу вялікую засланую, гатовую; там прыгатуйце нам.
16 І пайшлі вучні Ягоныя, і прыйшлі ў места і знайшлі, як сказаў ім; і прыгатавалі Пасху.
17 І калі настаў вечар, (Ён) прыходзіць з дванаццацьцю.
18 І калі яны ўзьляжалі і елі Ісус сказаў: праўду кажу вам, што адзін з вас, які есьць разам са Мною, прадасьць Мяне.
19 Яны ж засмуціліся і пача́лі адзін за другім гаварыць Яму: ці ня я? і другі: ці ня я?
20 Ён жа, адказваючы, сказаў ім: адзін з дванаццацёх, што мачае са Мною ў місе.
21 Бо Сын Чалавечы ідзе, як напісана пра Яго; але гора таму чалавеку, праз якога прадаецца Сын Чалавечы: лепей было б яму, калі б чалавек гэны ня быў народжаны.
22 І калі яны елі, Ісус узяў хлеб, багаславіў, паламаў і даў ім, і сказаў: вазьмеце, ешце; гэта ёсьць Цела Маё.
23 І, узяўшы чару, багаславіўшы, даў ім: і ўсе пілí зь яе.
24 І сказаў ім: гэта ёсьць Кроў Мая Новага Запавету, што за многіх праліваецца.
25 Праўду кажу вам, што больш ня буду піць ад гэтага плоду вінаграднага аж да таго дня, калі буду піць яго новым у Валадарстве Бога.
26 І, засьпяваўшы, пайшлі на гару Аліваў.
27 І кажа ім Ісус: усе вы ў гэтую ноч будзеце запанявераны аба Мне, бо напісана: паражу пастуха, і будуць расьсеяны авечкі.
28 Але пасьля ўваскрэсеньня Майго, прыду на сустрэчу з вамі ў Галілеі раней за вас.
29 А Пётра казаў Яму: нават калі ўсе запаняверацца, але ня я.
30 І кажа яму Ісус: праўду кажу Табе: сёньня, у гэтую ноч, перш чым двойчы прапяе певень, тройчы адрачэшся ад Мяне.
31 Але ён яшчэ больш і больш настойліва казаў: калі б мне выпала (нават) памерці з Табою, ніколі ад Цябе ня адракуся. Гэтак сама казалі і ўсе.
32 І прыходзяць на мейсца, імя якога Гэтсыманя; і кажа вучням Сваім: пасядзеце тут, пакуль памалюся.
33 І бярэ разам з Сабою Пятра, Якуба і Яана; і пачаў жаха́цца і гаротна перажываць.
34 І кажа ім: глыбока паку́туе Душа Мая аж да сьмерці; пабудзьце гэтта і пасуперажывайце.
35 І, адыйшоўшыся трохі, упаў на зямлю і маліўся, каб, калі магчыма, абмінула Яго гэтая гадзíна.
36 І казаў: Тата Мой дарагі! Усё магчыма Табе. Пранясі чару гэтую міма Мяне, але ня чаго Я хачу, але чаго Ты.
37 І вяртаецца і знаходзіць, што яны сьпяць, і гаво́рыць Пятру: Сымоне, ты сьпіш? Ня мог ты аднае гадзіны пасуперажываць?
38 Чувайце і малецеся, каб ня падда́цца спакусе. Сапраўды, (няпашкоджаны) дух гатовы (да барацьбы за праведнасьць), плоць жа (на гэта) няздольная.
39 І ізноў адыйшоўшы маліўся, сказаўшы тое ж слова.
40 І, вярнуўшыся, знайшоў іх ізноў сплючы; бо вочы ў іх абцяжэлі, і ня ведалі, што Яму адказаць.
41 І прыходзіць трэйці раз і кажа ім: усё яшчэ сьпіцё і спачываеце? Годзе! Настала гадзіна! Вось прадаецца Сын Чалавечы ў рукі грэшнікаў.
42 Устаньце! хадзем! вось наблізіўся той, хто прадае Мяне.
43 І адразу, як Ён яшчэ гаварыў, прыходзіць Юда, адзін з дванаццацёх, і разам зь ім вялізны натоўп зь мечамі і каламі ад архірэяў і кніжнікаў, і старэйшынаў.
44 А той, хто прадаваў Яго, даў ім знак, кажучы: Каго я пацалую, Той і ёсьць; хапайце Яго і вядзеце пільна.
45 І, прыйшоўшы, адразу падыйшоў да Яго ды кажа: Раўві! Раўві! і пацалаваў Яго.
46 А яны ўсклалі на Яго ру́кі свае і схапілі Яго.
47 А адзін із тых, што стаялі (там) выхапіўшы меч, ударыў раба архірэйскага і адсек яму вуха.
48 І загаварыўшы, Ісус сказаў ім: быццам на разбойніка выйшлі вы зь мечамі і кала́мі схапіць Мяне.
49 Кожны дзень бываў Я сярод вас у Сьвятыні навучаючы, і вы ня ўзялі Мяне; але каб былі спо́ўнены Пісаньні.
50 Тады, пакінуўшы Яго, усе (вучні) уцяклі.
51 Але адзін нейкі юнак ішоў сьледам за Ім, захінуўшыся пакрывалам па целе у споднім; і жаўнеры хапаюць яго.
52 Але ён, пакінуўшы пакрывала, у споднім уцёк ад іх.
53 І прывялі Ісуса да архірэя; і зьбіраюцца да яго ўсе архірэі і старэйшыны і кніжнікі.
54 А Пётра здалёк ішоў сьледам за Ім, нават ва ўнутр на падворак архірэя, і сядзеў са слугамі і грэўся каля вагню.
55 Архірэі ж і ўвесь сынэдрыён шукалі супраць Ісуса сьведчаньня, каб забіць Яго, але ня знаходзілі.
56 Бо многія сьведчылі ілжыва супраць Яго, але сьведчаньні гэтыя былі супярэчлівыя.
57 Тады нікаторыя, устаўшы, давалі ілжывыя сьведчаньні супраць Яго, кажучы:
58 мы чулі, як Ён гаварыў: Я зруйную гэту Сьвятыню, збудаваную рукамі, а цераз тры дні ўзьвяду другую, нярукатворную.
59 Але і іхнае сьведчаньне ня было згоднае (між сабою).
60 Тады архірэй, устаўшы насярэдзіну, спытаў Ісуса, кажучы: нічога ня адка́зваеш? што яны супраць Цябе сьведчаць?
61 Але (Ён) маўчаў і нічога ня адка́зваў. Ізноў архірэй пытаўся ў Яго і кажа Яму: ці Ты Хрыстос, Сын Багаслаўлёнага?
62 Тады Ісус сказаў: Я ёсьць. І ўбачыце Сына Чалавечага, седзячы праваруч Сілы і ідучы з аблокамі Неба.
63 Тады архірэй, разадраўшы вопраткі свае, кажа: нашто нам яшчэ сьведкі?
64 Вы пачулі блюзьнерства. Як вам здаецца? І яны ўсе Яго засудзілі: варты сьмерці.
65 І нікаторыя пача́лі пляваць на Яго ды, закрываючы Яму Аблічча, біць Яго ды гаварыць Яму: прароч! І слугі білі Яго па Шчоках.
66 І калі Пётра быў на дварэ, унізе, прыходзіць адна служанка архірэя
67 і, убачыўшы Пятра, што ён грэецца, прыгледзіўшыся да яго, кажа: і ты быў зь Ісусам Назаранінам.
68 Але ён адрокся, кажучы: ня ведаю і ня разумею, што ты кажаш. І выйшаў на пярэдні двор; і прапяяў певень.
69 І служанка, убачыўшы яго ізноў, пачала́ казаць тым, што стаялі побач: гэты ізь іх.
70 Ён жа ізноў адрокся. І крыху пазьней тыя, што стаялі побач, ізноў казалі Пятру: сапраўды, ізь іх ты. Бо ты і галілеяц, і гутарка твая падобная.
71 А ён пачаў клясьціся і бажыцца: ня ведаю Чалавека Гэтага, пра Якога гаво́рыце.
72 І певень прапяяў другі раз. Тады Пётра ўспомніў слова, якое сказаў яму Ісус: перш, чым певень прапяе двойчы, тройчы адрачэшся ад Мяне, — і заплакаў наўзрыд.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводля Марка Сьвятое Эвангельле, 14 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020