Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

Марка 15 Паводля Марка 15 разьдзел

1 І адразу нараніцы архірэі са старэйшынамі і кніжнікамі і ўвесь сынедрыён, зьвязаўшы Ісуса, завялі і перадалі Пілату.
2 І спытаўся ў Яго Пілат: Ты ёсьць Кароль жыдоў? Ён жа адказаўшы сказаў яму: ты кажаш.
3 І архірэі вінавацілі Яго ў многім.
4 А Пілат зноў пытаўся ў Яго, кажучы: ня адказваеш нічога? Глядзі, як многа супраць Цябе сьведчаць.
5 Але Ісус больш нічога ня адказаў, так што Пілат зьдзівіўся.
6 А на сьвята (ён) звальняў ім аднаго вязьня, (за) каторага прасілі.
7 Быў жа ў кайданах са сваімі саўдзельнікамі нейкі называны Бараўва, якія падчас бу́нту ўчынілі забойства.
8 І закрычаўшы натоўп пачаў прасіць (Пілата) аб тым, што (ён) ім рабіў заўсёды.
9 Пілат жа адказаў ім, кажучы: хочаце, звольню вам Караля жыдоў?
10 Бо ведаў, што архірэі выдалі Яго праз зайздрасьць.
11 Але архірэі падбухторылі натоўп (прасіць), каб звольніў ім ле́пей Бараўву.
12 Пілат жа адказаўшы ізноў сказаў ім: а што хочаце, (каб) я зрабіў Таму (Каго вы) называеце Каралём жыдоў?
13 А яны ізноў закрычалі: укрыжуй Яго!
14 Пілат жа казаў ім: якое ж ліха ўчыніў (Ён)? Але яны яшчэ мацней закрычалі: укрыжуй Яго!
15 Тады Пілат, жадаючы дагадзіць натоўпу, звольніў ім Бараўву, а Ісуса аддаў бічаваць, каб потым быў укрыжаваны.
16 І жаўнеры завялі Яго ўсярэдзіну двара, гэта значыцца ў прэторыю, і сабралі ўсю кагорту.
17 І апранаюць Яго ў парфіру і ўскладаюць на Яго спле́цены цярнёвы вянок (як карону),
18 і пача́лі вітаць Яго: радуйся, Кароль жыдоў!
19 І бíлі Яго па Галаве кіям, і плявалі на Яго, і кленчачы, кланяліся Яму.
20 І калі насьмяяліся зь Яго, зьня́лі зь Яго парфіру і апранулі Яго ў Ягоныя адзеньні. І павялі Яго, каб укрыжаваць Яго.
21 І прымушаюць праходзячага міма нейкага Сымона кірэнэйца, які ішоў з поля, бацьку Аляксандравага і Рутавага, каб узяў крыж Ягоны.
22 І прыводзяць Яго на Галготу — мейсца, якое ў перакладзе ёсьць: мейсца Чэрапу.
23 І давалі Яму выпіць віно, зьмяша́нае са сьмірнаю. Але Ён ня ўзяў.
24 А тыя, што ўкрыжавалі Яго, дзялілі вопраткі Ягоныя, кіда́ючы жэрабя аб іх, хто што во́зьме.
25 Была ж гадзіна трэйцяя, і ўкрыжавалі Яго.
26 І быў надпіс віны Ягонай напісаны: Кароль жыдоў.
27 І разам зь Ім укрыжавалі двух разбойнікаў, аднаго з правага, а другога зь левага (боку) ад Яго.
28 І збылося Пісаньне, што гаво́рыць: і да злачынцаў залíчаны.
29 І тыя, што праходзілі міма, зьняважалі Яго, ківаючы галовамі сваімі і кажучы: гэй! Той, Хто разбурае Сьвятыню і ў тры дні адбудоўвае!
30 Уратуй Самога Сябе і зыйдзі з крыжа.
31 Падобна ж і архірэі з кніжнікамі насьмяхаючыся між сабою казалі: другіх выратаваў, (а) Сябе ня можа выратаваць.
32 Хрыстос, Кароль Ізраэля, зыйдзі зараз з крыжу, каб (мы) убачылі і паверылі. І ўкрыжаваныя зь Ім ліхасловілі Яго.
33 А калі настала гадзіна шостая, па ўсёй зямлі сталася цемра ажно да дзявятае гадзіны.
34 А на дзявятай гадзіне загаласіў Ісус моцным голасам, кажучы: Элоі, Элоі! ламма сабахтані? што азначае ў перакладзе: Бог Мой! Бог Мой! дзеля чаго (Ты) Мяне пакінуў?
35 Тады нікато́рыя, што стаялі по́бач, пачуўшы (гэта) казалі: вось Ільлю кліча.
36 І адзін пабег, набраў у губку воцату і, насадзіўшы на кій, даваў Яму піць, кажучы: чакайце, паглядзім, ці прыйдзе Ільля зьняць Яго.
37 А Ісус, загаласіўшы моцным голасам, выпусьціў Дух.
38 І завеса Сьвятыні была разадрана напалам ад верху да нізу.
39 А сотнік, што стаяў насупраць Яго, убачыўшы, што так загаласіўшы выпусьціў Дух, сказаў: запраўды, Чалавек Гэты быў Сын Бога.
40 Былі ж (тут) і жанчыны, назіраўшыя здалёк, сярод якіх была і Марыля Магдаліна і Марыля, матка Якуба меншага і Ёсі, і Салямія,
41 якія ішлі ўсьлед за Ім і служылі Яму, калі Ён быў у Галілеі; і многія іншыя, што разам зь Ім прыйшлі ў Ярузалім.
42 І як ужо настаў вечар, а дзень быў параскева, гэта значыць перадсубоцьце,
43 прыйшоў Язэп з Арыматэі, знатны прыналежнік сынэдрыёна, які і сам чакаў Каралеўства Бога. Адважыўшыся ўвайшоў да Пілата і прасіў Цела Ісусавага.
44 А Пілат зьдзівіўся, што (Ён) ужо памёр, і, паклікаўшы сотніка, спытаў яго, ці даўно памёр.
45 І даведаўшыся ад сотніка, аддаў Цела Язэпу.
46 І, купіўшы сіндон і зьняўшы Яго, абярнуў сіндонам і паклаў Яго ў магіле, якая была высечана ў скале, ды накаціў камень на дзьверы магілы.
47 А Марыля Магдаліна і Марыля (матка) Ёсі глядзелі, дзе (Ён) пакладзены.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводля Марка Сьвятое Эвангельле, 15 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020