Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

Марка 2 Паводля Марка 2 разьдзел

1 І зноў праз некалькі дзён прыйшоў (Ён) у Капэрнавум. І разыйшлася чутка што Ён у доме.
2 І адразу былі сабраны многія, так што больш ня заставалася мейсца нават каля дзьвераў; і (Ён) гаварыў ім Слова.
3 І прыходзяць да Яго са спаралізаваным, якога несьлі чацьвёра;
4 і ня маючы магчымасьці падыйсьці да Яго цераз народ разабралі дах (дома), дзе (Ён) быў і, пракапаўшыся апускаюць пасьцель на якой ляжаў спаралізаваны.
5 І ўбачыўшы веру іхную, Ісус гаворыць спаралізаванаму: дзіця! дарованы табе грахі твае.
6 Былі ж там нікаторыя з кніжнікаў, якія сядзелі і разважалі ў сэрцах сваіх:
7 чаму Гэты так блюзьнерыць? Хто можа дараваць грахі, акрамя аднаго Бога?
8 І адразу пазнаўшы Духам Сваім, што так (яны) разважаюць самі ў сабе, Ісус сказаў ім: чаму так разважаеце ў сэрцах вашых?
9 Што лягчэй сказаць спаралізаванаму: «дарованы табе грахі» ці сказаць: «устань і вазьмі пасьцелю сваю і хадзі?»
10 Але каб (вы) ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі, — гаворыць спаралізаванаму,
11 табе кажу: устань і вазьмі пасьцелю тваю, і ідзі ў дом твой.
12 І (ён) адразу ўстаў, і, узяўшы пасьцелю, выйшаў перад усімі, так што ўсе пачалі давацца дзіву і славіць Бога, кажучы: ніколі такога (мы яшчэ) ня бачылі.
13 І выйшаў (Ён) ізноў да мора; і ўвесь народ ішоў да Яго, і (Ён) вучыў іх.
14 І, праходзячы міма, убачыў Левія Алхвеявага, які сядзеў на мытні, і кажа яму: ідзі за Мною. І (той), устаўшы, пайшоў усьлед за Ім.
15 І сталася, калі Ісус узьляжаў за ядой у доме ягоным (Левія), узьляжалі зь Ім і вучнямі Ягонымі шмат мытнікаў і грэшнікаў; было іх многа, бо яны хадзілі за Ім.
16 А кніжнікі і хварысэі ўбачыўшы Яго, як есьць з мытнікамі і грэшнікамі, сказалі вучням Ягоным: чаму Ён есьць і п’е з мытнікамі і грэшнікамі?
17 І, пачуўшы, Ісус кажа ім: ня здаровыя маюць патрэбу ў лекары, а хворыя; Я прыйшоў заклíкаць да пакаяньня ня праведнікаў а грэшнікаў.
18 А вучні Яана і хварысэяў пасьцілі. І прыходзяць, і кажуць Яму: чаму вучні Яана і хварысэяў посьцяць, а Твае вучні ня посьцяць?
19 І сказаў ім Ісус: ня могуць пасьціць сыны палацу шлюбнага, у якім Малады знаходзіцца разам зь імі. Столькі часу сколькі зь імі Малады, ня могуць пасьціць.
20 Але прыйдуць дні калі Малады ад іх будзе ўзяты, і тады будуць пасьціць у тыя дні.
21 І ніхто ня прышывае латкі з новай тканіны да вопраткі старой: бо прышытая да старой вопраткі новая латка аддзярэцца, і дзірка стане яшчэ горшай.
22 І ніхто ня налівае віна маладога ў мяхі старыя: бо віно маладое прарывае мяхі (старыя), і віно выцякае, і мяхі прападуць. Але віно маладое трэба ўліваць у мяхі новыя.
23 І давялося Яму праходзіць у суботу цераз пасевы, і вучні Ягоныя даро́гай пача́лі зрываць калосьсе,
24 і хварысэі казалі Яму: глядзі што (яны) робяць у суботу, чаго нельга (рабіць).
25 А Ён казаў ім: няўжо (вы) ніколі ня чыталі, што зрабіў Давід калі меў патрэбу і згаладаўся сам і тыя, што былí зь ім?
26 Як увайшоў (ён) у Дом Бога у (час) архірэя Абіятару і з’еў хлябы ахвярныя, якіх ня можна было есьці нікому, акрамя сьвятароў і даў і тым што былí зь ім?
27 І казаў ім: субота дзеля чалавека сталася, а ня чалавек дзеля суботы;
28 пагэтаму Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар і суботы.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводля Марка Сьвятое Эвангельле, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020