Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

Марка 3 Паводля Марка 3 разьдзел

1 І ўвайшоў (Ён) ізноў у сынагогу; і быў там чалавек са ссохлаю рукою.
2 І сачылі за Ім, ці ня аздаровіць яго ў суботу, каб абвінаваціць Яго.
3 І кажа сухарукаму чалавеку: стань пасярэдзіне.
4 І кажа да іх: у суботу належыць рабіць добрае ці рабіць злое? Душу ўратаваць ці загубіць? А яны маўчалі.
5 І глянуўшы на іх з гневам, тужачы аб жорсткасьці сэрца іхнага, кажа таму чалавеку: працягні руку тваю. І (той) выцягнуў, і сталася ягоная рука здаровай як другая.
6 І выйшаўшы, хварысэі зараз жа з гірадзіянамі ўчынілі змову супраць Яго, каб загубіць Яго.
7 Але Ісус адыйшоўся разам з вучнямі Сваімі да мора; і пайшлі за Ім мноства людзей із Галілеі, і ізь Юдэі,
8 і ізь Ярузаліму, і із Ідумэі, і ад Ярдану, і ваколіц Тыру і Сідону, натоўп вялізны, пачуўшы, што Ён рабіў, прыйшоў да Яго.
9 І сказаў (Ён) вучням Сваім, каб па прычыне шматлюдзтва, прыгатавалі Яму човен, каб ня ціснуліся да Яго;
10 бо многіх (Ён) аздаравіў так што ўсе хворыя ціснуліся да Яго каб дакрануцца да Яго.
11 І духі нячыстыя калі бачылі Яго падалі перад Ім і крычалі, кажучы: Ты ёсьць Сын Бога.
12 Але (Ён) строга загадаваў ім, каб ня выяўлялі Яго.
13 І ўзыходзіць на гару і кліча каго Ён хацеў; і прыйшлі да Яго.
14 І прызначыў дванаццаць, каб былí разам зь Ім, і каб пасылаць іх прапаведаваць,
15 і каб мелі ўладу аздараўляць ад хваробаў і выганяць дэманаў;
16 і даў Сымону імя Пётра.
17 А Якубу Завядзеяваму і Яану брату Якубаваму, ім жа даў імёны Боанэргес, што значыць сыны грома;
18 і Андрэя, і Піліпа, і Барталамея, і Мацьвея, і Хаму́, і Якуба Алхвеявага, і Тадэя, і Сымона Кананіта,
19 і Юду Іскарыёта, які і прадаў Яго.
20 І прыходзяць у дом. І ізноў зыходзіцца народ, так што яны ня маглі нават хлеба зьесьці.
21 І, пачуўшы, родныя Ягоныя пайшлі ўзяць Яго (сілай), бо казалі, што (Ён) згубіў розум.
22 І кніжнікі, прыйшоўшыя зь Ярузаліму, казалі: «(Ён) мае Вэльзевула», і што (Ён) выганяе дэманаў з дапамогай князя дэманаў.
23 І паклікаўшы іх да Сябе гаварыў ім прыповесьцямі: як можа шата́н выганяць шата́на?
24 Бо калі валадарства будзе разьдзелена само ў сабе, ня можа ўсто́яць валадарства тое;
25 і калі дом будзе разьдзелены сам у сабе, ня можа ўсто́яць дом той.
26 і калі шатан паўстаў супраць самога сябе і быў разьдзелены, ня можа ўсто́яць, але канец (яму) прыйшоў.
27 Ня можа ніхто ўвайшоўшы ў дом дужо́га авалодаць ягонай маёмасьцю, калі спачатку ня зьвяжа дужо́га; і тады авалодае домам ягоным.
28 Праўду кажу вам, што ўсе грахі будуць дарованы сынам чалавечым, і блюзьнерствы, якімі б (яны) ні блюзьнерылі;
29 але хто прамовіць блюзьнерства на Духа Сьвятога, той ня мае дараваньня ніколі, але ён падлягае вечнаму засуджэньню,
30 бо казалі: «мае духа нячыстага».
31 І прыйшлі браты і матка Ягоная і, стоячы звонку, паслалі да Яго паклікаць Яго.
32 Вакол жа Яго сядзеў народ; і сказалі Яму: вось матка Твая і браты Твае вонках настойліва патрабуюць Цябе.
33 А (Ён) адказаў ім, кажучы: хто ёсьць матка Мая альбо браты Мае?
34 І глянуўшы навокал (і) на тых, што сядзелі каля Яго, кажа: вось матка Мая і браты Мае.
35 Бо хто б ні выканаў волю Бога, ён ёсьць брат Мой і сястра Мая і матка.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводля Марка Сьвятое Эвангельле, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020