1 І выйшаў адтуль і прыйшоў на бацькаўшчыну Сваю; і ўсьлед за Ім ідуць вучні Ягоныя.
2 І, калі наста́ла субота, пачаў вучыць у сынагозе; і многія слухаючыя былі зьдзіўленымі кажучы: адкуль у Яго гэта? і якая мудрасьць дадзена Яму, што нават гэткія цуды чыняцца Рукамі Ягонымі?
3 Ці ня цясьляр Ён, Сын Марылі, ды Брат Якуба і Ёсі, і Юды, і Сымона? І ці ня сёстры Ягоныя тут сярод нас?
4 І казаў ім Ісус: ня бывае прарок ня шаноўным, хíба што на бацькаўшчыне сваёй, і сярод родзічаў і ў доме сваім.
5 І ня мог там учыніць ніякага цуду, толькі нямногіх хворых усклаўшы Ру́кі аздаравіў.
6 І зьдзіўляўся зь няверства іхняга, і хадзіў па навакольных сёлах навучаючы.
7 І кліча дванаццацёх, і пачаў іх пасылаць па двое, і даваў ім уладу над нячыстымі духамі.
8 І загадаў ім, каб нічога ня бралі ў дарогу апрача аднаго кія: ні торбы, ні хлеба, ні грошай у капшуку́.
9 Адно абувацца ў пасталы і ня апранаць дзьве адзежыны.
10 І казаў ім: калі дзе ўвойдзеце ў дом, заставайцеся там пакуль ня выйдзеце з той мясьціны.
11 І калі хто ня прыйме вас і ня паслухае вас, выходзячы адтуль, абтрасеце пыл з ног вашых у сьведчаньне ім. Праўду кажу вам: лягчэй будзе Садому ці Гаморы ў дзень суду чым месту таму.
12 І, пайшоўшы, прапаведавалі каб пакаяліся.
13 І многіх дэманаў выганялі, і мазалі алеям многіх хворых і аздараўлялі.
14 І пачуў кароль Гірад — бо Імя Ягонае стала вядо́мым — і казаў: Яан Хрысьціцель зь мёртвых быў уваскрэшаны, і таму цуды дзеюцца ім.
15 Іншыя казалі: гэта Ільля, а іншыя казалі: гэта прарок, альбо як адзін з прарокаў.
16 А Гірад пачуўшы сказаў: ён ёсьць Яан, якому я адцяў галаву. Ён уваскрэшаны зь мёртвых.
17 Бо гэты Гірад, паслаўшы схапіў Яана і ўвязьніў яго ў цямніцу за Гірадзіяду, жонку Піліпа, брата ягонага, бо ўзяў яе за жонку.
18 А Яан казаў Гіраду: нельга табе мець жонку брата твайго.
19 Сама ж Гірадзіяда гневалася на яго і шукала яго загубіць, але ня магла;
20 а Гірад баяўся Яана ведаючы яго як чалавека праведнага і сьвятога, і сьцярог яго, і многае рабіў прыслухоўваючыся да яго, і слухаў яго з ахвотай.
21 І настаў зручны дзень, калі Гірад з нагоды ўгодкаў сваіх учыніў гасьціну вяльможам сваім, і тысячаначальнікам і старэйшынам галілейскім.
22 І ўвайшла дачка ёйная, Гірадзіяды, і танчыла, і дагадзіла Гіраду і тым, што ўзьляжалі зь ім; (і) сказаў кароль дзяўчыне: прасі ў мяне, чаго хочаш, і дам табе;
23 і прысягнуў ёй: чаго ні папросіш у мяне дам табе, нават да паловы валадарства майго.
24 І яна выйшаўшы сказала матцы сваёй: чаго прасіць? а тая сказала: галаву Яана Хрысьціцеля.
25 І зараз жа хутка прыйшоўшы да караля яна настойліва папрасіла кажучы: хачу каб ты мне зараз жа даў на місе галаву Яана Хрысьціцеля.
26 І кароль вельмі моцна зажурыўшыся, але па прычыне прысягі і ўзьляжаўшых зь ім, ня захацеў ёй адмовіць.
27 І кароль адразу паслаўшы ката загадаў прынесьці галаву ягоную. А той пайшоўшы адсек галаву ягоную ў цямніцы.
28 І прынёс галаву ягоную ў місе і аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала яе матцы сваёй.
29 І дачуўшыся, вучні ягоныя прыйшлі і ўзялі труп ягоны і паклалі яго ў магілу.
30 І былí сабра́ныя каля Ісуса Апосталы і расказалі Яму ўсё: і што зрабілі, і чаму навучылі.
31 І сказаў ім: пайдзеце вы самі асобна ў пустэльнае мейсца і крыху адпачнеце. Бо прыхо́дзіла і адыхо́дзіла так многа, што яны ня маглі і паесьці.
32 І выправіліся ў пустэльнае мейсца ў чаўне адны.
33 Але людзі убачылі іх як яны выпраўляліся, і многія пазналі Яго; і пешшу з усіх местаў пабеглі туды і апярэдзілі іх і сабра́ліся да Яго.
34 І выйшаўшы Ісус убачыў мноства людзей і пашкадаваў іх, бо яны былі як авечкі бяз пастуха; і пачаў іх навучаць многа.
35 І як прайшло многа часу, вучні Ягоныя прыступіўшыся да Яго кажуць: мейсца тут пустэльнае, а час ужо позьні;
36 адпусьці іх, каб пайшоўшы ў навакольныя вёскі і сёлы купілі сабе хлеба, бо ня маюць чаго паесьці.
37 Ён жа адказаўшы сказаў ім: вы дайце ім паесьці. І кажуць Яму: можа нам пайсьці купіць хлеба дынараў на дзьвесьце і даць ім паесьці?
38 Ён жа кажа ім: колькі маеце хлябоў? Ідзеце і паглядзе́це. І даведаўшыся, кажуць: пяць (хлябоў) і дзьве рыбіны.
39 І загадаў ім рассадзіць усіх гуртамі на зялёнай траве.
40 І паселі радамі па сто і па пяцьдзясят.
41 І, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбіны, паглядзеўшы на неба, багаславіў хлябы і паламаў (на кавалкі), і даў вучням Сваім, каб разда́лі ім, і дзьве рыбіны разьдзяліў усім.
42 І паелі ўсе, і былі насычаны.
43 І набра́лі кавалкаў хлеба і астаткаў ад рыбін дванаццаць поўных кашоў.
44 А было еўшых хлябы каля пяцёх тысячаў мужчын.
45 І зараз жа прымусіў вучняў Сваіх увайсьці ў човен ды плысьцí напе́рад на той бераг да Бэтсаіды, пакуль Ён распусьціць народ.
46 І, адпусьціўшы іх, пайшоў на гару памаліцца.
47 І, як настаў вечар, човен быў пасярэдзіне мора, а Ён адзін на зямлі.
48 І ўбачыў іх у бядзе ў плаваньні: бо вецер быў ім супраціўны; а каля чацьвёртай варты ночы падходзіць да іх ідучы па моры, і хацеў прайсьці міма іх.
49 А яны ўбачыўшы Яго ідучага па моры, палічылі, што гэта здань, і залямантавалі.
50 Бо ўсе Яго ўбачылі і перапало́халіся. Дык адразу загаварыў да іх і кажа ім: узбадзёрцеся; гэта Я, ня бойцеся.
51 І ўвайшоў да іх у човен; і вецер аціх. І ад такога дзіва яны былі ня ў сабе, і вельмі даваліся дзіву.
52 Бо ня зразуме́лі (яны цуда) над хлябамі; бо сэрца іхнае было ачарсцьвелым.
53 І пераплыўшы прыбылí ў зямлю Генісарэту і прыста́лі да берагу.
54 А калі выйшлі яны з чаўна, адразу пазнаўшы Яго,
55 аббегшы ўсю тую ваколіцу, пачалí прыно́сіць на насілках хворых (туды) дзе як чуваць было́, што (Ён) там знаходзіцца.
56 І куды б (Ён) ня прыходзіў: ці то ў сёлы, ці то ў месты альбо вёскі, — на вуліцах клалі хворых і прасілі Яго, каб дакрануцца хаця бы да краю адзеньня Ягонага; і ўсе, хто дакраналіся да Яго, былі аздароўлены.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводля Марка Сьвятое Эвангельле, 6 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020