Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

Лукаша 6 Паводля Лукаша 6 разьдзел

1 Здарылася ж у суботу другуюпершую праходзіць Яму цераз пасевы, і зрывалі вучні Ягоныя каласы і елі, расьціраючы рукамі.
2 Нікаторыя ж з хварысэяў сказалі ім: чаму вы робіце тое, што ня дазволена рабіць у суботы?
3 І адказаўшы ім сказаў Ісус: хіба (вы) гэтага ня чыталі, што зрабіў Давід, калі згаладаўся ён і быўшыя разам зь ім?
4 Як (ён) увайшоў у Дом Божы і ўзяў хлябы перадвыстаўленьня, і зьеў, і даў таксама тым, (што былі) разам зь ім (есьці) тое, што ня дазволена есьці, апрача адных сьвятароў?
5 І казаў ім: Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар і суботы.
6 Давялося ж Яму і ў другую суботу ўвайсьці ў сынагогу і навучаць. І быў там чалавек, і правая рука ягоная была сухая.
7 Цікавалі ж за Ім кніжнікі і хварысэі, ці ня аздаровіць (Ён) у суботу, каб знайсьці абвінавачаньне (супраць) Яго.
8 Ён жа ўбачыў помыслы іхныя і сказаў чалавеку, які меў сухую руку: устань і выйдзі на сярэдзіну. Ён жа, устаўшы, выйшаў.
9 Тады сказаў ім Ісус: спытаюся (Я) у вас: што дазволена (рабіць) па суботах — дабро рабіць, ці зло рабіць? Душу выратаваць, ці загубіць? (Яны ж маўчалі).
10 І, паглядзеўшы на ўсіх іх, сказаў таму чалавеку: выцягні руку́ тваю. І ён зрабіў так. І сталася рука ягоная здаровая, як другая.
11 Яны ж апанаваліся шаленствам і гаварылі між сабою: што б ім зрабіць Ісусу.
12 Сталася ж у тыя дні: узыйшоў (Ён) на гару памаліцца і быў усю ноч на малітве да Бога.
13 І калі настаў дзень паклікаў вучняў Сваіх і выбраў зь іх дванаццаць, каторых і назваў Апосталамі:
14 Сымона, каторага і назваў Пятром, і Андрэя, брата ягонага, Якуба і Яана, Піліпа і Барталамея,
15 Мацьвея і Хаму, Якуба Алхвеявага, і Сымона, называнага Зілотам,
16 Юду Якубавага і Юду Іскарыёта, каторы і стаўся здраднікам.
17 І, зыйшоўшы разам зь імі, стаў на роўным мейсцы, і мноства вучняў Ягоных, і вялікае мноства народу з усяе Юдэі і Ярузаліму і прыморскіх мейсцаў Тыру і Сідону, каторыя прыйшлі паслухаць Яго і аздаравіцца ад хворасьцяў сваіх;
18 таксама мучымыя духамі нячыстымі, і былі аздараўляемы.
19 І ўвесь народ імкнуўся дакрануцца да Яго, бо ад Яго зыходзіла сіла і аздараўляла ўсіх.
20 І Ён, падняўшы Вочы Свае на вучняў Сваіх, гаварыў: шчасьлівыя ўбогія (духам), бо вашае ёсьць Гаспадарства Божае.
21 Шчасьлівыя галодныя цяпер, бо будзеце насычаны, шчасьлівыя, хто плача цяпер, таму што будзеце сьмяяцца.
22 Шчасьлівыя вы, калі зьнянавідзяць вас людзі і калі адлучаць вас і зганьбяць (вас), і выкінуць імя вашае, як зло, за Сына Чалавечага.
23 Радуйцеся ў той дзень і весяліцеся, бо вось узнагарода вашая вялікая на небе, таму што гэтак рабілі прарокам ба́цькі іхныя.
24 Але гора вам, багатыры! Бо (вы ўжо) атрымліваеце задавальненьне вашае.
25 Гора вам перасычаныя, бо будзеце цярпець голад. Гора вам, хто сьмяецца цяпер, бо заплачаце і зарыдаеце.
26 Гора вам, калі ўсе людзі будуць гаварыць пра вас добра, бо гэтак рабілі з хвальшывымі прарокамі ба́цькі іхныя.
27 Але вам, хто слухае, кажу: любеце ворагаў вашых, чынеце дабро нянавідзячым вас.
28 Багаслаўце праклінаючых вас і малецеся за крыўдзячых вас.
29 Таму, хто б’е цябе па шчацэ, падстаў і другую; а таму, хто забірае ў цябе верхнюю вопратку, ня перашкаджай узяць і кашулю.
30 Кожнаму ж, хто просіць у цябе, дай; і ў таго, хто забірае тваё, ня патрабуй назад.
31 І як (вы) хочаце, каб рабілі вам людзі, так і вы ім рабіце.
32 І калі (вы) любіце тых, хто любіць вас, якая вам (за гэта) падзяка? Бо і грэшнікі любяць тых, хто іх любіць.
33 І калі робіце дабро тым, хто вам робіць дабро, якая вам (за гэта) падзяка? Бо і грэшнікі тое самае робяць.
34 І калі пазычаеце тым, ад каторых спадзяецёся дастаць назад, якая вам (за тое) удзячнасьць? Бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб гэтулькі (ж) дастаць назад.
35 Але вы любеце ворагаў вашых, і рабеце дабро, і пазычайце, ня чакаючы нічога; і будзе ўзнагарода вашая вялікая, і будзеце сынамі Найвышэйшага, бо Ён добры і да няўдзячных і злых.
36 Дык будзьце міласэрныя, як і Бацька ваш (Нябесны) міласэрны.
37 І ня судзіце, і (вас) ня асудзяць; і ня асуджайце, і ня будзеце засуджанымі; дароўвайце, і дараваныя будзеце;
38 давайце, і вам будзе дадзена: мерай добрай, утрэсенай і націсьненай і з коптарам насыплюць вам у прыпол, бо якою мераю мераеце, такою і вам адмераецца.
39 Сказаў таксама ім прыповесьць: ці можа сьляпы вадзіць сьляпога? ці ня абодва ўваляцца ў яму?
40 Вучань ня вышэйшы за настаўніка свайго, удасканаліўшыся ж кожны будзе як настаўнік ягоны.
41 Што ж (ты) разглядаеш парушынку ў воку брата твайго, бервяна ж у ўласным воку ня заўважаеш?
42 Альбо як можаш казаць брату твайму: браце, дай (я) выму парушынку, што ў воку тваім, сам (жа) у воку тваім бервяна ня заўважаеш? Крывадушнік, вымі сьпярша бервяно з вока твайго, і тады добра ўбачыш, (як) вынуць парушынку, што ў воку брата твайго.
43 Бо няма дрэва добрага, якое прыносіць плод благі, таксама няма дрэва благога, якое прыносіць плод добры.
44 Бо ўсякае дрэва пазнаецца па сваім плодзе; бо ня зьбіраюць смокваў зь цярноўнікаў, і ня зьнімаюць вінаград з калючага куста.
45 Добры чалавек із добрага скарбу сэрца свайго выносіць добрае, а злы чалавек са злога скарбу сэрца свайго выносіць злое, бо ад перапоўненасьці сэрца гавораць вусны ягоныя.
46 Што ж (вы) называеце Мяне: Госпадзе, Госпадзе, і ня выконваеце таго, што (Я) кажу?
47 Кожны, хто прыходзіць да Мяне і слухае Словы Мае і таксама выконвае іх, пакажу вам, каму ён падобны.
48 Ён падобны да чалавека, будуючага дом, які выкапаў і паглыбіўся, і заклаў падмурак на камені; (калі) ж здарылася паводка (і) плынь наперла на гэны дом, і ня здолела скрануць яго, бо (ён) быў заснаваны на камені,
49 а хто пачуў і ня выпаўніў, той падобны да чалавека, які пабудаваў дом на зямлі бяз падмурку, на які наперла плынь, і (ён) адразу абваліўся, і было разбурэньне дома таго вялікае.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводля Лукаша Сьвятое Эвангельле, 6 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020