Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

Лукаша 9 Паводля Лукаша 9 разьдзел

1 Склікаўшы ж дванаццаць вучняў Сваіх, даў ім сілу і ўладу над усімі дэманамі і аздараўляць ад хваробаў.
2 І паслаў іх апавяшчаць пра Гаспадарства Боскае і аздараўляць хворых.
3 І сказаў ім: нічога ня бярэце ў дарогу: ні кія, ні торбы, ні хлеба, ні срэбра, і двух вопратак ня мець;
4 і ў які дом увойдзеце, там заставайцеся, і адтуль адпраўляйцеся;
5 а на ўсіх, хто ня прыйме вас, (то) выходзячы з таго места абтрасеце і пыл з ног вашых у сьведчаньне на іх.
6 Выходзячы ж (яны) праходзілі цераз сёлы, абвяшчаючы Эвангельле і ўсюды аздараўляючы.
7 Пачуў жа Гірад чацьвертаўладнік пра ўсё, што робіцца празь Яго і быў зьбянтэжаны, бо нікаторыя казалі, што Яан уваскрос зь мёртвых;
8 а нікаторыя, што Ільля зьявіўся, а іншыя, што адзін са старажытных прарокаў уваскрос.
9 І сказаў Гірад: Яана я сьцяў; Хто ж Гэты, пра Якога я чую такое? І імкнуўся ўбачыць Яго.
10 І, вярнуўшыся, Апосталы расказалі Яму ўсё, што зрабілі; і (Ён) узяўшы іх (з Сабою) пайшоў асобна ў пустэльнае мейсца (каля) места называнага Бэтсаідаю.
11 Але людзі, даведаўшыся, пайшлі за Ім; І (Ён), прыняўшы іх, гаварыў ім пра Гаспадарства Боскае і тых, хто меў патрэбу ў аздараўленьні, аздараўляў.
12 Калі ж дзень схіліўся да вечара, дык дванаццаць, падыйшоўшы, сказалі Яму: адпусьці людзей, каб пайшлі ў навакольныя сёлы і вёскі, пераначавалі і знайшлі ежу, бо мы тут у пустэльным мейсцы.
13 Але (Ён) сказаў ім: вы дайце ім есьці. Яны ж сказалі: няма ў нас больш, чым пяць хлябоў і дзьвух рыбаў, хíба нам пайсьці купіць ежы для ўсяго гэтага народу?
14 Бо (іх) было каля пяцёх тысячаў мужчын. Але (Ён) сказаў вучням Сваім: рассадзіце іх групамі па пяцьдзясят.
15 І зрабілі так, і рассадзілі ўсіх.
16 (Ён) жа, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбы і паглядзеўшы ў неба, багаславіў іх і паламаў і даў вучням, каб раздаць народу.
17 І пад’елі і насыціліся ўсе, і было сабрана ў іх дванаццаць кашоў астаўшыхся кавалкаў.
18 І сталася, як маліўся насамоце, і вучні былі зь Ім, Ён спытаўся ў іх, кажучы: за Каго лічыць Мяне народ?
19 Яны ж, адказаўшы, сказалі: за Яана Хрысьціцеля, іншыя ж за Ільлю; другія ж (кажуць), што нехта з старадаўных прарокаў уваскрос.
20 (Ён) жа спытаўся ў іх: а вы за Каго маеце Мяне? Адказаўшы ж, Пётра сказаў: за Хрыста Божага.
21 Але Ён, забараніўшы, загадаў ім нікому ня казаць пра гэта,
22 сказаўшы: Сыну Чалавечаму належыць шмат адпакутаваць і быць адрынутым старэйшынамі і архірэямі, і кніжнікамі, і быць забітым, і на трэйці дзень быць уваскрэшаным.
23 А да ўсіх казаў: калі хто хоча ісьці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой кожны дзень і ідзе ўсьлед за Мною.
24 Бо хто хоча жыцьцё сваё зьберагці, (той) загубіць яго; а хто загубіць жыцьцё сваё дзеля Мяне, той уратуе яго.
25 Бо якую карысьць атрымлівае чалавек, здабыўшы ўвесь сьвет, а сябе загубіўшы ці (сабе) пашкодзіўшы?
26 Бо хто пасаромеецца Мяне і Маіх слоў, таго Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў Славе Сваёй і Бацькі і сьвятых Ангелаў.
27 Кажу ж вам праўду: ёсьць нікаторыя з тых, што тут стаяць, якія ня зазнаюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Гаспадарства Боскага.
28 І сталася дзён праз восем пасьля слоў гэтых: узяўшы Пятра і Яана і Якуба ўзыйшоў (Ён) на гару памаліцца.
29 У час малітвы Ягонай выгляд Аблічча Ягонага стаў іншым, і вопратка Ягоная стала белай, зіхатлівай.
30 І вось два мужчыны размаўлялі зь Ім, каторыя былі Масей і Ільля;
31 якія былі зьяўлены ў славе; (яны) гаварылі аб сьмерці Ягонай, што належала (Яму) споўніць у Ярузаліме.
32 Пётра ж і тыя, што (былі) зь ім былі апанаваны сном; прабудзіўшыся ж, (яны) убачылі Славу Ягоную і двух мужчын, што стаялі зь Ім.
33 І сталася: калі яны адыходзілі ад Яго, сказаў Пётр да Ісуса: Настаўнік! добра нам тут быць; і зробім тры буданы: адзін Табе і адзін Масею, і адзін Ільлі, ня ведаючы, што кажа.
34 Калі ж ён гаварыў гэтае, сталася хмара і ахінула іх; і яны спалохаліся, як увайшлі ў хмару.
35 І быў з хмары Голас, гаворачы: Гэты ёсьць Сын Мой узьлюблены, Яго слухайце.
36 І калі быў Голас гэты, апынуўся Ісус адзін. І яны прамаўчалі і нікому ня расказалі ў тыя дні нічога з таго, што бачылі.
37 І сталася, у наступны дзень, калі яны зыйшлі з гары, сустрэла Яго мноства народу.
38 І вось мужчына з натоўпу крыкнуў, гаворачы: Настаўнік! малю Цябе, глянь на сына майго, бо ён у мяне адзіны;
39 і вось, дух хапае яго, і ён раптам крычыць, і курчыць яго зь пенай, мучае яго і ледзь адступае ад яго;
40 і я папрасіў вучняў Тваіх, каб выгналі яго, і (яны) ня змаглі.
41 Ісус жа, адказваючы, сказаў: о, родзе няверны і распусны! Дакуль буду з вамі і буду цярпець вас? Прывядзі сюды сына твайго.
42 І калі той яшчэ падыходзіў, кінуў яго дэман і скурчыў. Але Ісус забараніў духу нячыстаму і аздаравіў хлопца, і аддаў яго ба́цьку ягонаму.
43 І ўсе дзівіліся велічы Бога. Калі ж усе дзівіліся ўсяму, што зрабіў Ісус, (Ён) сказаў вучням Сваім:
44 укладзеце вы ў вушы вашыя словы гэтыя: бо Сыну Чалавечаму належыць быць пераданаму ў рукі чалавечыя.
45 Яны ж ня разумелі слова гэтага, і было (яно) закрыта ад іх, так што яны ня спасціглі яго; і (яны) баяліся спытацца ў Яго пра слова гэтае.
46 Прыйшла ж ім спрэчная думка: хто бы (сярод) іх ёсьць большы?
47 Ісус жа, убачыўшы помысел сэрца іхнага, узяўшы дзіця, паставіў яго перад Сабою,
48 і сказаў ім: калі хто прыйме гэтае дзіця ў Імя Маё, той Мяне прыймае; а калі хто Мяне прыйме, прыймае Таго, Хто паслаў Мяне; бо хто ёсьць сярод усіх вас меншы, той будзе вялікі.
49 Загаварыўшы ж Яан сказаў: Настаўнік! (Мы) убачылі нейкага (чалавека) Іменем Тваім выганяючага дэманаў, і забаранілі яму, бо (ён) ня ходзіць з намі.
50 І сказаў яму Ісус: ня забараняйце; бо хто ня супраць нас, той за нас.
51 Наступіў жа час набліжэньня дзён забраньня Ягонага, і Ён умацаваў Аблічча Сваё ісьці ў Ярузалім.
52 І паслаў пасланцоў перад Абліччам Сваім, і, пайшоўшы, увайшлі ў сяло самарскае, каб прыгатаваць Яму;
53 але (там) ня прынялі Яго, бо Выгляд Ягоны быў (як у) ідучага ў Ярузалім.
54 Убачыўшы ж (гэтае) вучні Ягоныя Якуб і Яан сказалі: Госпадзе! хочаш, (мы) скажам, каб агонь зыйшоў зь неба і зьнішчыў іх, як і Ільля зрабіў?
55 Але Ён, зьвярнуўшыся (да іх), забараніў ім і сказаў: ня ведаеце якога вы духу;
56 бо Сын Чалавечы ня прыйшоў душы чалавечыя загубіць, але выратаваць. І пайшлі ў другое сяло.
57 І сталася: (як) яны былі ў дарозе, нехта сказаў Яму: Госпадзе, (я) пайду за Табою куды б (Ты) ні ішоў.
58 І сказаў яму Ісус: лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы ня мае, дзе Галаву прыхіліць.
59 А другому сказаў: ідзі за Мною. Той жа сказаў: Госпадзе! дазволь мне перш пайсьці пахаваць бацьку майго.
60 Але Ісус сказаў яму: пакінь мёртвым хаваць сваіх нябожчыкаў; а ты ідзі абвяшчай Гаспадарства Боскае.
61 Сказаў жа (яшчэ) і другі: (я) пайду за Табою, Госпадзе, але перш дазволь мне разьвітацца з хатнімі маімі.
62 Але Ісус сказаў яму: ніхто з тых, што кладзе руку́ сваю на плуг і азіраецца назад, ня прыдатны для Гаспадарства Бога.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводля Лукаша Сьвятое Эвангельле, 9 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020