1 І вось Ісус за шэсьць дзён да Пасхі прыйшоў у Бітаню, дзе быў Лазар памерлы, якога Ён ускрасіў зь мёртвых.
2 І вось там Яму прыгатавалі вячэру, і Марта паслугоўвала, Лазар жа быў адным із супачываючых зь Ім за сталом.
3 Марыля ж, узяўшы хунт дарагой чыстай нардовай масьці, памазала Ногі Ісусавы і выцерла валасамі сваімі Ногі Ягоныя, і дом напоўніўся пахам ад масьці.
4 Тады кажа адзін із вучняў Ягоных Юда Сымонаў Іскарыёт, які маніўся Яго прадаць:
5 чаму ня прадалі гэтае масьці за трыста дынараў і ня далí ўбогім?
6 А сказаў гэта ня дзе́ля таго, што ён дбаў пра ўбогіх, але дзеля таго, што быў злодзей і меў (пры сабе) скарбонку, і насіў, што (туды) кідалі.
7 Тады сказаў Ісус: пакінь яе; яна захавала гэта на дзень Майго пахаваньня,
8 бо ўбогіх заўсёды маеце з сабою, а Мяне́ ня заўсёды маеце.
9 І вось даведаўся вялікі натоўп ізь юдэяў, што Ён ёсьць там, і прыйшлі ня то́лькі дзеля Ісуса, але каб і Лазара пабачыць, якога Ён ускрасіў зь мёртвых.
10 Архірэі ж пастанавілі, каб і Лазара забіць,
11 бо дзеля яго многа юдэяў прыходзілі і верылі Ісусу.
12 Назаўтрае вялікі натоўп, які прыйшоў на сьвята, пачуўшы, што Ісус ідзе ў Ярузалім,
13 узялі пальмовае вецьце і выйшлі на спатканьне Яму, і крычалі: Госанна, багаслаўлёны Той, Хто йдзе ў Імя Госпада, Кароль Ізраэляў.
14 Ісус жа, знайшоўшы маладога асла, сеў на яго, як ёсьць напісана:
15 ня бо́йся, дачка Сыёну! Вось, Кароль твой ідзе, седзячы на маладым асьле асьліцы.
16 І гэтага вучні Ягоныя сьпярша ня зразуме́лі, але, як Ісус быў услаўлены, тады ўспомнілі, што гэтак было аб Ім напісана, і гэтае зрабілі Яму.
17 Сьведчылі ж (і) людзі, якія былі зь Ім, калі Ён выклікаў Лазара зь ягонай магілы і ўскрасіў яго зь мёртвых.
18 Вось чаму і сустрэў Яго натоўп, бо пачуў (аб) гэтым Ім учыненым Цудзе.
19 Хварысэі ж сказалі міжы сабою: (вы) бачыце, што (вы) нічога ня пасьпява́еце! Вось, сьвет пайшоў за Ім.
20 Былі ж нікаторыя грэкі сярод тых, што ўзыйшлі, каб пакланіцца ў сьвята.
21 І вось яны падыйшлі да Піліпа, (што быў) з Бэтсаіды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: пане, (мы) хочам бачыць Ісуса.
22 Піліп прыходзе і кажа Андрэю; і ізноў Андрэй і Піліп кажуць Ісусу.
23 А Ісус адказаў ім, кажучы: прыйшла гадзіна, каб услаўлены быў Сын Чалавечы.
24 Праўду, Праўду кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, ня памрэ, яно застаецца адно, а калі памрэ, дае багаты плён.
25 Хто надта шануе сваё жыцьцё (зямное), той згубіць яго, а хто нянавідзіць жыцьцё сваё на сьвеце гэтым, захавае яго ў Жыцьцё Вечнае.
26 Калі хто Мне служыць, (няхай) ідзе за Мною, і дзе Я ёсьць, там і слуга Мой будзе; і калі хто Мне служыць, ушануе яго Бацька (Мой).
27 Цяпер Душа Мая моцна ўсхвалявана; і што Я скажу? Тата Мой, збаў Мяне ад гэтае гадзіны, але дзеля гэтага Я прыйшоў на гадзіну гэтую.
28 Тата Мой, услаў Імя Тваё! зыйшоў тады Голас зь Неба: і ўславіў, і яшчэ ўслаўлю.
29 Людзі ж, якія стаялі і пачулі, казалі: (гэта) быў гром. Другія казалі: Ангел прамаўляў да Яго.
30 Адказаў Ісус і сказаў: ня дзе́ля Мяне быў гэты Голас, але дзеля вас.
31 Цяпер суд сьвету гэтаму; цяпер князь гэтага сьвету выгнаны будзе вон.
32 І Я, як буду падняты зь зямлі, усіх прываблю да Сябе.
33 Гэтае ж гаварыў Ён, паказуючы, якою сьмерцяй меўся Ён памерці.
34 Людзі адказалі Яму: мы пачулі з Закону, што Хрыстос жыве вечна; і як Ты кажаш, што мусіць быць падняты Сын Чалавечы? Хто ёсьць Ён, Сын Чалавечы?
35 Тады сказаў ім Ісус: яшчэ малы час Сьвятло ёсьць з вамі; хадзіце, пакуль маеце Сьвятло, каб ня праглыну́ла вас цемра; а хто ходзіць у цемры, (той) ня ве́дае, куды йдзе.
36 Пакуль маеце Сьвятло, верце ў Сьвятло, каб (вы) сынамі Сьвятла сталіся. Гэтае сказаў Ісус і, адыйшоўшы, укрыўся ад іх.
37 І (хоць) гэтулькі шмат Цудаў Ён зрабіў перад імі, (яны) ня ве́рылі ў Яго:
38 каб было споўнена слова прарока Гісаі, якое (ён) сказаў: Госпадзе! хто паверыў вестцы нашай? і Рука Госпадава каму была адкрыта? (Гісая 53:1)
39 Дзеля таго ня маглí (яны) верыць, што яшчэ Гісая сказаў:
40 (народ гэты) (вершы 37−39) заплюшчыў вочы свае, і сэрца сваё абярнуў у ка́мень, каб ім ня ўбачыць вачыма, і ня зразумець сэрцам, і каб ім ня навярнуцца (да Мяне), і каб Я аздаравіў іх.
41 Гэтае сказаў Гісая, калі ўбачыў Славу Ягоную і абвясьціў аб Ім.
42 Аднак нават і з начальнікаў многія ўверылі ў Яго, але дзеля хварысэяў ня вызнавалí Яго, каб ня былí (яны) адлучаны ад сынагогі,
43 бо палюбілі балей славу людзкую, чымся Славу Боскую.
44 Ісус жа крычаў і сказаў: хто верыць у Мяне, ня ў Мяне́ верыць, але ў Таго, Хто паслаў Мяне.
45 І хто бачыць Мяне, бачыць Таго, Хто паслаў Мяне.
46 Я Сьвятло прыйшоў у сьвет, каб кожны, хто верыць у Мяне, ня застава́ўся ў цемры.
47 І калі хто пачуе Мае Словы і ня паве́рыць, Я ня суджу́ яго, бо Я прыйшоў ня каб судзіць сьвет, але каб ратаваць сьвет.
48 Хто адкідае Мяне і ня прыйма́е Слоў Маіх, мае Тое, Што судзіць яго: Слова, Якое Я сказаў, Яно будзе судзіць яго ў апошні дзень;
49 бо Я ня ад Сябе́ сказаў, але Бацька, Які паслаў Мяне, Ён даў Мне Загад, што казаць і што гаварыць.
50 І Я ведаю, што Прыказаньне Ягонае ёсьць Жыцьцё Вечнае. І вось запраўды Я кажу, як сказаў Мне Бацька, так кажу.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводля Яана Сьвятое Эвангельле, 12 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020