1 Няхай ня трыво́жыцца сэрца вашае; верце ў Бога, і ў Мяне верце.
2 У Доме Бацькі Майго ёсьць многа Сьвятліц, а калі б ня (гэтак было), Я сказаў бы вам. Іду прыгатаваць вам Мейсца,
3 і калі пайду і прыгатую вам Мейсца, ізноў прыйду і вазьму вас да Сябе, каб дзе Я, і вы былі.
4 І куды Я йду, ведаеце, і Шлях ведаеце.
5 Кажа Яму Хама: Госпадзе! ня ве́даем, куды йдзеш, і як можам ведаць шлях?
6 Кажа яму Ісус: Я ёсьць Шлях і Праўда, і Жыцьцё. Ніхто ня прыхо́дзе да Бацькі, калі ня це́раз Мяне.
7 Калі б (вы) пазналі Мяне, дык і Бацьку Майго пазналі бы. І ад цяпе́р ведаеце Яго і бачылі Яго.
8 Кажа Яму Піліп: Госпадзе! пакажы нам Бацьку, і годзе нам.
9 Кажа яму Ісус: ці це́перся Я з вамі, і (ты) ня пазна́ў Мяне, Піліп? Хто бачыў Мяне, бачыў Бацьку. І як ты кажаш: пакажы нам Бацьку?
10 Ты ня ве́рыш, што Я ў Бацьку, і Бацька ўва Мне? Словы, што Я кажу вам, ад Сябе ня кажу́, але Бацька, Які ёсьць ува Мне, Ён робіць Чыны.
11 Верце Мне, што Я ў Бацьку, і Бацька ўва Мне; калі ж не, верце Мне па самых Учынках.
12 Праўду, Праўду кажу вам: хто верыць у Мяне, Учынкі, якія Я раблю, і ён будзе рабіць, дый большыя за гэтыя зробіць, бо Я да Бацькі Майго йду.
13 І тое, чаго папросіце ў Імя Маё, тое Я зраблю, каб быў услаўлены Бацька ў Сыне.
14 Калі чаго папросіце ў Імя Маё, Я зраблю.
15 Калі любіце Мяне, Прыказаньні Мае споўніце.
16 І Я ўпрашу Бацьку, і Ён дасьць вам другога Суцяшальніка, каб быў з вамі на векі,
17 Духа Праўды, Якога сьвет ня мо́жа прыняць, бо ня ба́чыць Яго, і ня ве́дае Яго; а вы ведаеце Яго, бо Ён з вамі ёсьць, і ў вас будзе.
18 Ня пакіну вас сіротамі: прыйду да вас.
19 Яшчэ трохі, і сьвет Мяне больш ня ўба́чыць, а вы ўбачыце Мяне, бо Я жыву, і вы жыць будзеце.
20 У той дзень вы пазнаеце, што Я ў Бацьку Маім, і вы ўва Мне, і Я ў вас.
21 Той, хто ма́е Прыказаньні Мае́ і выпаўняе Іх, ён ёсьць той, хто любіць Мяне, а той, хто любіць Мяне, будзе палюблены Бацькам Маім, і Я палюблю яго, і зьяўлюся яму Сам.
22 Кажа Яму Юда, ня Іскарыёт: Госпадзе, што (гэта) сталася, што Ты хочаш зьявіць Сябе нам, а ня сьве́ту?
23 Адказаў Ісус і сказаў яму: калі хто любіць Мяне, споўніць Слова Маё; і Бацька Мой палюбіць яго; і Мы прыйдзем да яго і зробім Сялібу ў яго.
24 Хто ня любіць Мяне, ня выпаўняе Словаў Маіх; а Слова, якое (вы) чуеце, ня ёсьць Маё, але Бацькі, Які паслаў Мяне.
25 Гэтае сказаў Я вам, будучы з вамі.
26 Суцяшальнік жа, Дух Сьвяты, Якога пашле Бацька ў Імя Маё, Ён навучыць вас усяго і напомніць вам усё, што Я сказаў вам.
27 Мір пакідаю вам, Мір Мой даю вам; ня та́к, як сьвет дае, Я даю вам (Мір Мой). Няхай ня трыво́жыцца сэрца вашае і ня баíцца.
28 Вы пачулі, што Я сказаў вам: адыходжу (ад вас) і прыходжу да вас. Калі (б) вы любілі Мяне, (вы) радаваліся б, што Я сказаў: іду да Бацькі, бо Бацька Мой ёсьць большы за Мяне.
29 І Я сказаў вам цяпе́р, перш, чым сталася, каб (вы) паверылі, як станецца.
30 Ужо ня до́ўга Я буду гаварыць з вамі, бо прыходзе князь гэтага сьвету і ўва Мне ня ма́е нічога.
31 Але, каб сьвет пазнаў, што Я люблю Бацьку і, як загадаў Мне Бацька, так раблю. Устаньце, пойдзем адгэтуль.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводля Яана Сьвятое Эвангельле, 14 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020