Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

Да рымлянаў 11 Да рымлянаў 11 разьдзел

1 Пагэтаму пытаюся: няўжо адкінуў Бог народ Свой? Хай ня будзе (такога)! Бо і я ізраэлянін ад насеньня Абрагамавага, з роду Бэньямінавага.
2 Ня адкінуў Бог народу Свайго, які ведаў наперад. Хіба ня ведаеце, што кажа Пісаньне пра Ільлю? Як ён скардзіцца Богу на Ізраэля, кажучы:
3 «Госпадзе! Прарокаў Тваіх яны забілі і ахвярнікі Твае разбурылі, і я застаўся адзін, і яны шукаюць (і) маёй душы».
4 Але што кажа яму Божы адказ? «Я пакінуў Сабе сем тысячаў мужчынаў, якія ня ўкленчылі перад Баалам».
5 Такім жа чынам і ў цяперашні час захавалася рэшта па выбраньню Багадаці.
6 Калі ж па Багадаці, то ўжо ня ад учынкаў, інакш Багадаць ужо ня зьяўляецца Багадацьцю. Калі ж ад учынкаў, то гэта ўжо ня Багадаць, інакш учынак ужо ня ёсьць учынак.
7 Што ж? Чаго Ізраэль шукае, таго ня атрымаў; выбраная ж (частка) атрымала, а астатнія былі ажарсьцьвёнымі,
8 як напісана: «Даў ім Бог дух атупеньня: вочы — каб ня бачыць і вушы — каб ня чуць, нават да сягоньняшняга дня».
9 І Давід кажа: «Хай будзе трапеза іхняя (для іх) пасткаю і сілом, і спакусай, і адплатаю ім.
10 Хай будуць зацемраны вочы іхныя, каб ня бачыць і хрыбет іхны сагні назаўсёды».
11 Пагэтаму пытаюся: няўжо яны спатыкнуліся, каб (зусім) упасьці? Хай ня будзе (такога)! Але іхны ўпадак (служыць на) выратаваньне паганам, каб выклікаць рупнасьць іхную.
12 Калі ж упадак іхны — багацьце сьвету, а зьбядненьне іхнае — багацьце паганаў, насколькі ж большая іхная поўная мера?
13 Бо вам кажу, паганам. Таму што я зьяўляюся Апосталам паганаў, (я) ганаруся служэньнем маім.
14 Ці ня выклічу (я) рупнасьць у (сваякоў) маіх па целу і (ці ня) выратую нікаторых ізь іх?
15 Калі ж адхіненьне іхнае — замірэньне сьвету, чым (жа зьяўляецца) прыняцьце, калі ня жыцьцём ізь мёртвых?
16 Калі ж рашчына сьвятая, (то) і месіва — (сьвятое); і калі корань сьвяты, то і галінкі (сьвятыя).
17 Калі ж нікаторыя із галінак былі адламанымі, а ты, дзікая аліва, была прышчэплена між імі і стала супольніцай караня і сакавітасьці алівы,
18 (дык) ня вывышшайся над галінамі. Калі ж вывышшаешся, (то ведай, што) ня ты трымаеш корань, а корань цябе.
19 Тады скажаш: галінкі адламаны, каб я быў прышчэплены.
20 Добра. Яны адламаныя празь няверу, а ты трымаешся вераю: ня хванабэрся, але бойся.
21 Бо калі Бог ня пашкадаваў прыродных галін, (то глядзі), каб пашкадаваў цябе.
22 Бачыш цяпер дабрыню і суворасьць Бога? Да першых, якія адпалі — суворасьць, а да цябе — дабрыню, калі застане́шся ў дабрыні (Бога). Інакш і ты будзеш адцяты.
23 Бо і тыя, калі ня застануцца ў няверы, будуць прышчэплены, бо Бог мае сілу ізноў прышчапіць іх.
24 Калі ж ты адсечаны ад дзíкай па прыродзе алівы і прышчэплены да добрай па прыродзе алівы, наколькі больш гэтыя (галінкі), якія па прыродзе (добрыя) будуць прышчэплены да сваёй алівы.
25 Бо ня хачу, браты, каб вы ня ведалі гэтай тайны, каб вы ня (вельмі) мудрымі былі самі ў сабе, таму што ажарсьцьвеньне ў Ізраэлі адбылося часткова і да таго часу пакуль ня ўвойдзе паўната паганаў.
26 І так увесь Ізраэль будзе збаўлены, як напісана: «Прыйдзе Збаўца ад Сыёна і адверне грахоўнасьць ад Якуба».
27 І гэта ім ад Мяне Запавет, калі Я здыму (зь іх) грахі іхныя.
28 Адносна ж Эвангельля (яны ёсьць) ворагі дзеля вас; адносна ж выбраньня (яны ёсьць) любасныя дзеля ба́цькаў.
29 Бо дары і прызваньне Бога (ёсьць) няадменныя.
30 Як і вы некалі былі няпаслухмянымі Богу, цяпер жа (вы) памíлаваныя дзеля іхнай няпаслухмянасьці,
31 так і яны цяпер ня скарыліся дзеля вашага памілаваньня, каб і яны былі памілаваны.
32 Бо Бог замкнуў усіх у няпаслушэнства, каб усіх памілаваць.
33 О глыбіня багацьця і мудрасьці, і разуменьня Бога! Як нядасягальныя для дасьледаваньня Суды Ягоныя і як няспасьціжны шляхі Ягоныя!
34 Бо хто спазнаў Розум Госпада? Або хто стаў Яму дарадцам?
35 Ці хто даў Яму наперад, каб таму было аддадзена?
36 Таму што ўсё ізь Яго і празь Яго і дзеля Яго. Яму слава ў вяках вякоў. Амін.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Пасланьне Апостала Паўлы да рымлянаў, 11 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020