Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

Да рымлянаў 3 Да рымлянаў 3 разьдзел

1 Дык якая перавага ў жыда́, ці якая карысьць ад абразаньня?
2 Вялікая ўва ўсіх адносінах; і найперш (перавага) у тым, што ім давераны словы Бога.
3 Дык што, калі нікаторыя (зь іх) былі нявернымі? Няўжо іхная нявернасьць зьнішчыць вернасьць Бога?
4 Няхай ня станецца (такога)! Бог ёсьць верны, а ўсякі чалавек (няўдзячны і някаюшчыйся) ёсьць ілгун, як напíсана: так каб патрабаваньні слоў Тваіх былі прызнаны (нават і няўдзячным і някаюшчымся чалавекам) правымі, і (каб Ты) перамог у судзе Тваім.
5 Калі ж няправеднасьць нашая чыніць моцнай праведнасьць Бога, дык што скажам? Няўжо нясправядлівы Бог, Які праяўляе гнеў (да няўдзячнага і някаюшчагася чалавека)? Кажу як чалавек.
6 Хай ня станецца (такога)! Інакш, якім чынам будзе судзіць Бог гэты (няўдзячны і някаюшчыйся) сьвет?
7 Бо калі вернасьць Бога ўзвышаецца ў славу Ягоную маёй нявернасьцю, чаму я ўсё яшчэ судзімы, як грэшнік? (бо ня суджу сябе сам. 1Кар. 11:31).
8 (А чаму бы) і ня (судзіць)? — як нікаторыя абмаўляюць нас і кажуць, (быццам) мы гаворым так: рабіце ліхое, каб прыйшло добрае — на такіх (паклёпнікаў) ёсьць справядлівы суд.
9 Дык што? (Ці) маем мы (жыды ў параўнаньні зь эллінамі) перавагу (перад судом Бога)? Ні ў якім разе! мы ўжо раней даказалі: што як жыды, так і элліны ўсе ёсьць пад грэхам,
10 як напісана: няма ніводнага праведнага.
11 Няма разумеючага. Няма нікога, хто шукае Бога.
12 Усе зьбіліся з дарогі; усе разам сталіся нягоднымі; няма, хто робіць дабро, няма ніводнага.
13 Горла іхнае — магіла адкрытая; языкамі сваімі яны ашуквалі; атрута асьпідаў на вуснах іхных;
14 Вусны іхныя поўныя праклёну і гарчыні.
15 Ногі іх хуткія на праліцьцё крыві.
16 Руйнаваньне і згуба на шляхох іхных;
17 і шляху міру яны ня пазналі.
18 Няма страху Божага перад вачыма іхнымі.
19 А мы ведаем, што ўсё, што кажа Закон, (ён) кажа для тых, што знаходзяцца пад Законам, каб усе вусны змоўклі, і ўвесь сьвет стаўся вінаватым (перад) Богам:
20 бо (па прычыне нявыкананьня) спраў Закону ня будзе апраўдана перад Ім ніякая плоць; бо праз Закон — пазнаньне грэху.
21 Але цяпер нязалежна ад Закону зьяўлена апраўданьне Богам (чалавека), пра якое засьведчана Законам і Прарокамі.
22 Апраўданьне ж (чалавека) Богам адбываецца па прычыне (мэсіянскай) вернасьці Ісуса Хрыста (Богу Бацьку), (адбываецца) для ўсіх і на ўсіх веручых; бо няма розьніцы (паміж усімі чалавекамі),
23 бо ўсе зграшылі і пазбаўлены славы Бога.
24 (Але цяпер) апраўдваюцца (веручыя) да́рма Багадацьцю Ягонай цераз адкупленьне ў Хрысьце Ісусе,
25 Якога Бог прынёс у ахвяру (дзеля) памілаваньня (чалавека) праз веру (чалавека) у (адкупленьне) Ягонай (Хрыстовай) Крывёю, дзеля выяўленьня апраўданьня Ягонага (чалавека) цераз дараваньне раней зробленых грахоў,
26 у цярпеньні Бога для выяўленьня справядлівасьці Ягонай у цяперашні час, каб быць Яму справядлівым і апраўдываючым таго, хто верыць у Ісуса.
27 Дык у чым (наша) хвальба? Выключана! Якім Законам? (Законам) учынкаў? Не, але цераз Закон веры.
28 Пагэтаму мы робім выснову: чалавек апраўдываецца вераю нязалежна ад учынкаў па Закону.
29 Няўжо Бог — (Бог) толькі жыдоў, а ня і паганаў? Ведама і паганаў.
30 Таму што Адзін Бог, Каторы апраўдае абразаньне па веры і няабразаньне цераз веру.
31 Дык (што), Закон касуем цераз веру? (Хай) ня будзе (такога)! Але Закон сьцьвярджаем.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Пасланьне Апостала Паўлы да рымлянаў, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020