Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

Да рымлянаў 6 Да рымлянаў 6 разьдзел

1 Што ж скажам? Ці заставацца нам у грэху, каб памножылася Багадаць?
2 Хай ня будзе (такога)! Мы, каторыя памерлі для грэху, як (жа) яшчэ будзем жыць у ім?
3 Ці ня ведаеце, што ўсе мы, якія ахрышчаны ў Хрыста Ісуса, у сьмерць Ягоную ахрышчаны?
4 Такім чынам, мы пахаваныя зь Ім праз хрышчэньне ў сьмерць, каб, падобна як Хрыстос уваскрэшаны зь мёртвых славаю Бацькі, так (каб) і мы жылí ў абноўленым жыцьці.
5 Калі ж мы злучаны зь Ім падабенствам Ягонай сьмерці, тады будзем і (удзельнікамі Ягонага) уваскрэшаньня,
6 ведаючы гэта, што стары наш чалавек раскрыжаваны зь (Ім), каб было зьнíшчана цела грэху, каб больш ня служыць нам грэху;
7 таму што памерлы (ёсьць) вызвалены ад грэху.
8 Калі ж мы паме́рлі разам з Хрыстом, (то) верым, што і жыць будзем (разам) зь Ім,
9 ведаючы, што Хрыстос, будучы ўваскрэшаным зь мёртвых, (ужо) больш ня ўмірае, (бо) сьмерць ужо над Ім ня мае ўлады.
10 А тое, што Ён аднойчы памёр, (азначае), што (Ён) памёр для грэху, а тое, што (Ён) жыве, (азначае) што (Ён) жыве для Бога.
11 Такім чынам і вы прызнавайце сябе мёртвымі для грэху, а жывымі для Бога ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.
12 Дык хай ня валадарыць грэх у сьмяротным целе вашым, каб вам слухацца яго ў пажадлівасьцях ягоных.
13 І ня аддавайце чэлясаў вашых грэху, як сродкі няправеднасьці, але аддайце сябе Богу як із мёртвых ажыўшыя, і чэлясы вашыя Богу, як сродкі праведнасьці.
14 Грэх ня будзе мець над вамі ўладу таму што вы ня знаходзіцеся пад Законам, але пад Багадацьцю.
15 Дык што? Будзем грашыць, таму што мы ёсьць ня пад Законам, але пад Багадацьцю? Хай ня будзе (такога)!
16 Хíба вы ня ведаеце, што каму вы аддаяце сябе ў рабы на паслушэнства, таму вы (і) рабы, каго слухаецеся: ці грэха — на сьмерць, ці паслушэнства (Богу) — на праведнасьць?
17 Вы былі некалі рабамі грэху, але (цяпер), дзякуй Богу, што ад сэрца (вы) скарыліся пераданаму вам вобразу вучэньня.
18 І вызваліўшыся ад грэху вы сталі рабамі праведнасьці.
19 Па-чалавечы кажу па прычыне немачы вашай плоці. Як аддавалі вы чэлясы вашыя ў слугі нячыстасьці і бяззаконьню на бяззаконьне, так цяпер аддайце чэлясы вашыя ў слугі праведнасьці для асьвячэньня.
20 Калі ж вы былі рабамі грэху, (тады вы) былі свабоднымі (ад) праведнасьці.
21 Які ж плод мелі вы тады? (Такія ўчынкі), якіх вы цяпер сароміцеся, таму што канец іхны — сьмерць.
22 Цяпер жа вызваліўшыся ад грэху і стаўшы рабамі Богу, маеце плод ваш — на асьвячэньне, а канец (ягоны) — жыцьцё вечнае.
23 Бо расплата за грэх — сьмерць. А дар Бога — жыцьцё вечнае ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Пасланьне Апостала Паўлы да рымлянаў, 6 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020