1 А што тычыць прынесенага ў ахвяру балваном мы ведаем, таму што мы ўсе маем веданьне. (Але) веданьне надзімае, а любоў (ад Бога) збудоўвае.
2 Калі хто думае, што ён што-небудзь ведае, той яшчэ нічога ня ведае, як належыць ведаць.
3 Калі ж хто любіць Бога, той пазнаны Ім.
4 Што тычыць спажываньня ў ежу ахвяраванага балваном, мы ведаем, што балван у (гэтым) сьвеце нічога ня значыць, і што няма іншага Бога, акрамя Адзінага.
5 Бо калі і ёсьць гэтак званыя богі, ці то на небе, ці то на зямлі, бо ёсьць шмат багоў і шмат валадароў,
6 але ў нас адзін Бог Бацька, ад Якога ўсё, і мы для Яго; і адзін Госпад Ісус Хрыстос, цераз Якога ўсё, і мы празь Яго.
7 Але ня ўва ўсіх гэткае (правільнае) веданьне: нікаторыя ж (дагэтуль маюць) сумленьне, якое прызнае балваноў, дагэтуль ядуць (ахвяры паганскія), як ахвяры балваном, і сумленьне іхнае, як нядужае, апаганьваецца.
8 Але ежа ня набліжае нас да Бога: бо калі мы ядзім, (мы) ня становімся лепшымі (перад Богам), альбо, калі ня ядзім, ня становімся горшымі (перад Богам).
9 Але глядзіце, каб гэтая вашая ўлада ня сталася камнем спатыканьня для слабых.
10 Бо калі нехта ўбачыць цябе, маючага веданьне, узьлягаючага ў паганскай бажніцы, дык ці ня будзе схілена (гэтым) ягонае сумленьне, як слабога, каб есьці ахвяраванае балваном?
11 І загіне ад твайго веданьня слабы брат, за якога Хрыстос памёр.
12 А такім чынам грэшачы супраць братоў і ранячы іх слабое сумленьне, грэшыце супраць Хрыста.
13 Таму, калі ежа спакушае брата майго, ня буду есьці (ахвяраванага для балваноў) мяса вавек, каб брата майго ня спакусіць.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Першае Пасланьне Апостала Паўлы да карыньцянаў, 8 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020