Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

Да эхвесцаў 6 Да эхвесцаў 6 разьдзел

1 Дзеці, слухайцеся бацькоў вашых у Госпадзе, бо гэта справядліва.
2 «Шануй бацьку твайго і матку» — гэта ёсьць першае прыказаньне з абяцаньнем:
3 «каб было табе добра, і будзеш доўгалетным на зямлі».
4 І вы, ба́цькі, ня ўцьвяляйце дзяцей вашых, але выхоўвайце іх у навуцы і напамінаньні Госпадавым.
5 Рабы, слухайцеся гаспадароў (вашых) паводля цела са страхам і трымценьнем у прастаце сэрца вашага, як Хрыста, —
6 ня на вачах толькі служачы, як абманваючыя падхалімы перад чалавекам, але як рабы Хрыста, якія спаўняюць волю Бога ад шчырай душы,
7 служачы шчыра, як Госпаду, а ня людзям,
8 ве́даючы тое, што кожны, калі зробіць нешта добрае, ад Госпада ён атрымае тое самае, ці то раб ці то вольны.
9 І вы, гаспадары, таксама паступайце зь імі, сьцішаючы патрабавальнасьць, ве́даючы, што і ў вас і ў іх ёсьць у Нябёсах Госпад, і прадузятасьці (да асобы) у Яго няма.
10 Нарэшце, браты мае, мацуйцеся Госпадам і магутнасьцю сілы Ягонай.
11 Апраніцеся ў поўную зброю ад Бога, каб вы маглі выстаяць супраць хітрыкаў д’ябла,
12 таму што наша барацьба ня супраць крывí і це́ла, але супраць начальстваў, супраць уладаў, супраць сусьветных валадароў цемры веку гэтага, супраць духаў злобы, што ў небе.
13 Дзеля гэтага прыміце поўную зброю ад Бога, каб вы змаглі супрацьстаць у дзень ліхí і, ўсё пераадолеўшы, выстаяць.
14 Дык стойце, падперазаўшы паясьніцу вашую праўдаю, і надзеўшы панцыр праведнасьці,
15 і абуўшы ногі ў гатовасьць абвяшчаць мір;
16 а да ўсяго гэтага, узяўшы шчыт веры, якім вы зможаце пагасіць усе агнявыя стрэлы ліхога,
17 і шалом выратаваньня вазьміце і меч Духа, які ёсьць Слова Бога.
18 Усякай малітвай і маленьнем, молячыся ва ўсякі час у Духу, і аб гэтым самым рупцеся са ўсякай трываласьцю і прашэньнем аб усіх сьвятых
19 і аба мне, каб мне было дадзена слова — на адкрываньне маіх вуснаў адважна абвясьціць тайну Эвангельля,
20 дзеля якога я пасольствую ў кайданах, каб мне адважна дабравесьціць, як і належыць мне апавяшчаць.
21 А каб і вы ведалі аба мне, і што раблю, усё вам раскажа Тыхік, любасны брат і верны служка ў Госпадзе,
22 якога я паслаў да вас для таго самага, каб вы даведаліся пра нас, і каб ён суцешыў сэрцы вашыя.
23 Мір братам і любоў зь верай ад Бога Бацькі і Госпада Ісуса Хрыста.
24 Багадаць са ўсімі, хто любіць Госпада нашага Ісуса Хрыста любоўю вечнай. Амін.

Каментары ці зноскі:

Да эхвесцаў напісана з Рыму праз Тыхіка.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Пасланьне Апостала Паўлы да эхвесцаў, 6 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020