Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

Да піліппянаў 3 Да піліппянаў 3 разьдзел

1 Урэшце, браты мае, радуйцеся ў Госпадзе. Пісаць вам тое, аб чым пішу, для мяне ня цяжка, а для вас натхняльна быць няпахіснымі.
2 Сьцеражыцеся псоў, сьцеражыцеся благіх працаўнікоў, сьцеражыцеся абразаньня.
3 Бо мы ёсьць абразаньне, якія служым Богу духам і хвалімся Хрыстом Ісусам, і ня на цела маем надзею,
4 хаця я магу мець упэўненасьць і ў целе. Калі хто іншы думае спадзявацца на цела, дык я больш:
5 абрэзаны ў восьмы дзень, з роду Ізраэлявага, з калена Бэніямінавага, жыд з жыдоў, паводля Закону — хварысэй,
6 паводля руплівасьці — той, хто перасьледаваў царкву, па праведнасьці, што паводля Закону — бяззаганны.
7 Але што было для мяне выгодай, тое я палічыў дзеля Хрыста за марнасьць.
8 Але больш за тое, я лічу ўсё марнасьцю дзеля перавагі пазнаньня Хрыста Ісуса, Госпада майго, дзеля Якога я ўсё страціў і лічу за сьмецьце, каб Хрыста прыдбаць
9 і быць знойдзеным у Ім, маючы ня маю праведнасьць, якая паводля Закону, але тую, якая паводля веры Хрыста — праведнасьць па веры ад Бога;
10 каб пазнаць Яго і сілу ўваскрэсеньня Ягонага і ўдзел у пакутах Ягоных, упадабляючыся сьмерці Ягонай,
11 каб адпаведным чынам дасягнуць уваскрэсеньня мёртвых.
12 Ня таму, што я ўжо дасягнуў ці ўжо ўдасканалены; але імкнуся, ці ня дасягну і я таго, як я сам спасьцігнуты Хрыстом Ісусам.
13 Браты, я ня лічу сябе дасягнуўшым; але забываючы тое, што засталося ззаду, і імкнучыся наперад,
14 імкнуся да мэты, да ўзнагароды вышэйшага прыкліканьня Бога ў Хрысьце Ісусе.
15 Калі хто з нас дасканалы, хай думае так! А калі вы аб чым-небудзь думаеце інакш, і гэта Бог вам адкрые.
16 Але чаго мы дасягнулі, паводля такога ж правіла павінны жыць і так думаць.
17 Будзьце пераймальнікамі маімі, браты, і глядзіце на тых, якія паступаюць па прыкладу, які маеце ў нас.
18 Бо многія, пра каторых я часта казаў вам, а цяпер кажу нават са сьлязьмі, паступаюць, як ворагі крыжа Хрыста.
19 Канец іхны — пагібель, бог іхны — чэрава, і слава іхняя — у сораме, яны думаюць пра зямное.
20 Наша ж грамадзянства — на Нябёсах, адкуль і Збаўцу чакаем, Госпада Ісуса Хрыста.
21 Які пераўтворыць цела нашага прыніжэньня, каб зрабіць яго падобным целу славы Ягонай, магутнасьцю, якою Ён можа і падпарадкаваць Сабе ўсё.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Пасланьне Апостала Паўлы да піліппянаў, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020