Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

Да піліппянаў 4 Да піліппянаў 4 разьдзел

1 Гэтак, браты мае любасныя і жаданыя, радасьць і вянок мой, стойце гэтак у Госпадзе, любасныя.
2 Умольваю Яводзію і ўмольваю Сінтыху думаць аднолькава пра Госпада.
3 Таксама прашу і цябе, шчыры супрацоўніку, дапамагай тым (жанчынам), якія ў дабравешчаньні змагаліся разам са мной і з Кліментам і з астатнімі супрацоўнікамі маімі, чые імёны ў скрутку жыцьця.
4 Радуйцеся ў Госпадзе заўсёды; ізноў скажу: радуйцеся.
5 Лагоднасьць вашая хай будзе вядомая ўсім людзям. Госпад блізка.
6 Ня турбуйцеся ні пра што, але ва ўсім, просьбы вашыя хай будуць адкрытымі перад Богам у малітве і мальбе з удзячнасьцю,
7 і мір Бога, які перавышае ўсякі розум, захавае сэрцы вашыя і думкі вашыя ў Хрысьце Ісусе.
8 Урэшце, браты, што ёсьць праўдзівае, што чэснае, што справядлівае, што чыстае, што ласкавае, што хвалебнае, калі ёсьць цната і калі пахвала, — пра гэта думайце.
9 Чаму вы навучыліся, і што прынялі і пачу́лі, і ўбачылі ўва мне, гэтае рабіце, і Бог міру будзе з вамі.
10 Я ж вельмі ўзрадаваўся ў Госпадзе, таму што вы ўжо ізноў пача́лі клапаціцца пра мяне, пра гэта вы і думалі, але ня мелі нагоды.
11 Кажу гэта ня таму, што маю патрэбу, бо я навучыўся быць здаволеным тым, што ў мяне ёсьць.
12 Умею жыць і ў гароце, умею (жыць) і ў дастатку; усяму і ва ўсім я навучыўся: і насычацца і галадаць, і мець дастатак, і быць у нястачы.
13 Усё магу ў Хрысьце, Які ўзмацняе мяне.
14 Нарэшце, вы добра зрабілі, прыняўшы ўдзел у маёй бядзе.
15 І вы ж ведаеце, піліппяне, што ў пачатку Дабравешчаньня, калі я выйшаў з Македоніі, ніводная царква ня прыняла́ ўдзелу адносна мяне ў сэнсе дораньня і прыняцьця, акрамя вас адных;
16 таму што і ў Тэссалоніку і раз і два вы прыслалі мне на патрэбу.
17 Ня таму, што я шукаю дораньня, але я шукаю плоду, які памнажаецца вам на карысьць.
18 А я атрымаў усё і збыткую; я забясьпечаны, атрымаўшы ад Эпатрадзіта тое, што ад вас, — пах прыемны водара, прыемную ахвяру, заўгодную Богу.
19 А Бог мой папоўніць усякую вашую патрэбу паводля багацьця Свайго ў славе ў Хрысьце Ісусе.
20 Богу ж і Бацьку нашаму слава ў вяках вякоў! Амін.
21 Вітайце ўсякага сьвятога ў Хрысьце Ісусе. Вітаюць вас браты, якія са мной.
22 Вітаюць вас усе сьвятыя, асабліва ж з кесаравага дому.
23 Багадаць Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.

Каментары ці зноскі:

Да піліппянаў напісана з Рыму цераз Эпатрадзіта.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Пасланьне Апостала Паўлы да піліппянаў, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020