Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

1 да тэссалонцаў 2 Першае да тэссалонцаў 2 разьдзел

1 Бо вы самі ведаеце, браты, аб уваходзе нашым да вас, што ён быў ня дарэмны;
2 але і раней нацярпеўшыся гора і зьняваг, як вы ведаеце, у Піліппах, мы адважыліся ў Богу нашым раска́заваць вам Эвангельле Бога зь вялікай барацьбой.
3 Бо ў вучэньні нашым няма ні памылкі, ні нячыстасьці, ні хітрыні;
4 але паколькі мы былі выпрабаваны Богам, і нам даверана Эвангельле, таму і гаворым, ня як бы людзям дагаджаючы, але Богу, Які выпрабоўвае сэрцы нашыя.
5 І мы ніколі ня былі ў вас зь лісьлівым словам, як вы ведаеце, ані з думкай аб карысьці, Бог — сьведка!,
6 і ня шукаючы славы ад людзей: ні ад вас, ні ад другіх, хоць мы і маглі прадставіцца з важнасьцю, як Апосталы Хрыста,
7 але мы былі сярод вас лагоднымі, як карміцелька, якая клапоціцца аб дзетках сваіх.
8 Так і мы, маючы такія пачу́цьці да вас, пажадалі перадаць вам ня толькі Эвангельле Бога, але і душы нашыя, таму што вы сталіся нам любаснымі.
9 Дык помніце, браты, працу нашую і зьнямажэньне: працуючы дзень і ноч, каб ня абцяжарыць каго-небудзь з вас, мы абвяшчалі вам Эвангельле Бога.
10 Вы сьведкі і Бог, як сьвята і праведна і бяздакорна перад вамі, веручымі, мы паступалі,
11 так як вы ведаеце, як кожнага з вас, як бацька дзяцей сваіх, суцяшаючы і ўзмацняючы мы панукалі вас,
12 каб вы паступалі годна Богу, Які прыклікаў вас у Сваё Валадарства і Славу.
13 Таму і мы дзякуем Богу нясупынна за тое, што, прыняўшы слова пачутае ад нас, Слова Бога, вы прынялі (Яго) ня як слова чалавечае, але як Яно ёсьць у сапраўднасьці, як Слова Бога, Якое і дзейнічае ў вас, веручых.
14 Бо вы, браты, сталіся насьлядоўцамі цэркваў Бога, у Хрысьце Ісусе, якія знаходзяцца ў Юдэі, таму што і вы перацярпелі ад сваіх суайчыньнікаў тое самае, што і тыя ад жыдоў
15 якія і Госпада Ісуса забілі, і прарокаў сваіх (пазабівалі), якія і нас перасьледавалі, і Богу ня дагаджаюць, і ўсім людзям супрацівяцца,
16 якія і нам забараняюць абвяшчаць (Эвангельле) паганам, каб яны былі збаўлены, так што заўсёды дапаўняюць свае грахі; але гнеў Божы дасягнуў іх нарэшце цалкам.
17 Мы ж, браты, будучы разлучаны з вамі на кароткі час абліччам а ня сэрцам, зь вялікім жаданьнем прагнулі ўбачыць ваша аблічча.
18 Таму мы і памыкаліся прыйсьці да вас — я, Павал, — і адзін раз, і другі раз, але перашкодзіў нам шатан.
19 Бо хто ёсьць наша надзея ці радасьць, ці вянок пахвалы? Ці ж ня вы перад Госпадам нашым Ісусам Хрыстом у Ягонае прышэсьце?
20 Бо вы ёсьць слава нашая і радасьць.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першае Пасланьне Апостала Паўлы да тэссалонцаў, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020