Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

Адкрыцьцё 11 Адкрыцьцё 11 разьдзел

1 І дана мне трысьціна падобная да скíпетру (і) сказана: устань (і ідзі) абмерай Сьвятыню Бога і ахвярнік і тых, што пакланяюцца ў ёй;
2 а панадворак, каторы вонках Сьвятыні, выключы і ня абмярай яго, бо ён адданы пага́нам; і места сьвятое яны будуць таптаць сорак два месяцы.
3 І дам двум сьведкам Маім, і будуць прарочыць тысячу дзьвесьце шэсьцьдзясят дзён, апранутыя ў зрэбніну.
4 Яны ёсьць дзьве аліўкі і два сьветачы, якія стаяць перад Богам зямлі.
5 І калі хто захоча ім нашкодзіць, агонь выйдзе із роту іхняга і пажарэ ворагаў іхных; і калі хто захоча ім нашкодзіць, то яму належыць быць забітым.
6 Яны маюць уладу зачыніць неба, каб ня ішоў дождж у дні іхнага прарочаньня, і маюць уладу над водамі ператвараць іх у кроў, і пляжыць зямлю ўсялякай напасьцяй, калі толькі захочуць.
7 І калі яны скончаць сьведчаньне сваё, зьвер, што выходзіць зь бяздоньня, будзе весьці вайну супраць іх, і пераможа іх і заб’е іх.
8 І трупы іхныя (будуць ляжаць) на (шырокай) вуліцы места вялікага, якое называецца духова Садом і Ягіпет, дзе і Госпад наш быў укрыжаваны.
9 І будуць глядзець на іхныя трупы із народаў і родаў, і моваў, і плямёнаў тры с паловай дні і трупы іхныя ня дазволяць пакласьці ў магілы.
10 І тыя, што жывуць на зямлі, будуць радавацца аб іх і весяліцца, і пашлюць адзін аднаму падарункі, таму што гэтыя два прарокі мучылі жыхароў зямлі.
11 І пасьля трох з паловай дзён дух жыцьця ад Бога ўвайшоў у іх, і яны ўсталі на ногі свае; і страх вялікі напаў на тых, што глядзелі на іх.
12 І пачулі яны моцны голас зь неба, які казаў ім: узыйдзіце сюды. І яны ўзыйшлі на неба на воблаку; і ўбачылі іх ворагі іхныя.
13 І ў той (жа) момант адбыўся вялікі землятрус, і дзясятая частка места разбурылася, і было забіта землятрусам сем тысячаў чалавечых імёнаў, а астатнія былі зьняты жахам і аддалі хвалу Богу Нябёснаму.
14 Гора другое прайшло, вось гора трэйцяе ідзе хутка.
15 І сёмы Ангел затрубіў, і прагучалі моцныя галасы на небе гаворачы: сталіся валадарствы сьвету (Валадарствам) Госпада нашага і Хрыста Ягонага, і Ён будзе валадарыць на векі вякоў.
16 І дваццаць чатыры старэйшыны, якія сядзелі перад Богам на пасадах сваіх, упалі на абліччы свае і пакланіліся Богу,
17 кажучы: дзякуем Табе, Госпадзе, Бог Уседзяржыцель, Які ёсьць і Які быў, і Які ідзе, што Ты праявіў сілу Тваю вялікую і заваладарыў.
18 І пагане былі напоўнены злосьцю, і прыйшоў гнеў Твой і пара́ мёртвым быць судзімымі, і даць узнагароду рабам Тваім прарокам і сьвятым, і тым, хто баіцца Імені Твайго, малым і вялікім, і зьнішчыць тых, што нішчаць зямлю.
19 І была расчынена Сьвятыня Бога на Небе, і быў зьяўлены кібот Запавету Ягонага ў Сьвятыні Ягонай; і сталіся маланкі і галасы і громы, і землятрус, і град вялікі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Адкрыцьцё Яана Багаслова, 11 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020