Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

Адкрыцьцё 13 Адкрыцьцё 13 разьдзел

1 І я быў пастаўлены на пяску марскім, і ўбачыў зьвера, выходзячы з мора, які меў сем галоў і дзесяць рогаў, і на рогах ягоных — дзесяць дыядэмаў, а на галовах ягоных — імя блюзьнерскае.
2 А зьвер, якога я ўбачыў, быў падобны да пантэры, і ногі ягоныя — як у мядзьведзя, і пашча ягоная — як пашча ў льва. І даў яму дракон сілу сваю і пасад свой, і ўладу вялікую.
3 І ўбачыў я адну із галоў ягоных, быццам на сьмерць забітую, але гэта сьмяротная рана ягоная была загоена. І была зьдзіўлена ўся зямля, (гледзячы) на зьвера.
4 І пакланіліся дракону, каторы даў уладу зьверу, і пакланіліся зьверу, кажучы: хто падобны гэтаму зьверу? Хто можа ваяваць супраць яго?
5 І даны быў яму рот, які вымаўляў моцныя (прамовы) і блюзьнерствы, і дадзена яму ўлада дзейнічаць сорак два месяцы.
6 І ён разявіў рот свой для блюзьнерства на Бога, каб блюзьнерыць на Імя Ягонае і на Скінію Ягоную, і на тых, што жывуць на небе.
7 І дадзена было яму ўчыніць вайну супраць сьвятых і перамагчы іх; і дадзена была яму ўлада над усякім родам і мовай, і племям.
8 І паклоняцца яму ўсе жыхары зямлі, чые імёны ня запíсаны ў скрутку жыцьця Ягняка́, ахвярна забітага ад заснаваньня сьвету.
9 Калі хто мае вуха, пачуй.
10 Калі хто вядзе ў палон, (сам) пойдзе ў палон; калі хто забівае мечам, мусіць быць сам забіты мечам. У гэтым выяўляецца стойкасьць і вера сьвятых.
11 І ўбачыў я другога зьвера, выходзячы із зямлі; і ён меў два рогі, падобныя да Ягняковых, і гаварыў, як дракон.
12 І ўсю ўладу першага зьвера (ён) чыніць перад ім і прымушае зямлю і тых, што жывуць на ёй, каб яны пакланіліся зьверу першаму, у якога была загоена сьмяротная рана ягоная;
13 і ён чыніць зна́кі вялікія, так што і агонь зводзіць зь неба на зямлю перад людзьмі,
14 і заблуджае тых, што жывуць на зямлі знакамі, якія дадзена было яму чыніць перад зьверам, кажучы жыхарам зямлі, зрабіць абраз зьвера, які мае рану ад меча і жывы.
15 І дадзена было яму даць дух вобразу зьвера, каб вобраз зьвера і гаварыў і рабіў (так), каб усе, хто ня паклоніцца абразу зьвера былі забіты.
16 І ён робіць (так), каб усім, малым і вялікім, і багатым і ўбогім, і вольным і рабам было ім зроблена кляймо на іхную правую руку альбо на іхныя ілбы,
17 і каб ніхто ня мог купіць альбо прадаць акрамя таго, хто мае гэта кляймо альбо імя зьвера, альбо лічбу імені ягонага.
18 У гэтым ёсьць мудрасьць. Хто мае розум вылічы лічбу зьвера, бо гэта ёсьць лічба чалавека. А лічба ягоная — шасьцьсот шэсьцьдзясят шэсьць.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Адкрыцьцё Яана Багаслова, 13 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020