Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

Адкрыцьцё 17 Адкрыцьцё 17 разьдзел

1 І прыйшоў адзін із сямёх Ангелаў, што мелі сем чараў, і прамовіў да мяне, кажучы мне: падыдзі, я пакажу табе суд (над) вялікай блудадзейкай, якая сядзіць на водах многіх,
2 зь якой блудадзеялі валадары зямлі, і былі напоены віном блудадзейства ейнага жыхары зямлі.
3 І ён завёў мяне ў пустэльню ў духу, і я ўбачыў жанчыну, якая сядзіць на зьверы барвовым, поўным імёнаў блюзьнерскіх, які мае сем галоў і дзесяць рогаў.
4 І гэта жанчына, апранутая ў пархвіру і (вопратку) барвовую, і ўпрыгожаная золатам і каштоўным камнем і пэрламі, мела залатую чару ў руцэ сваёй, поўную агідаў і бруду блудадзейства свайго.
5 І на лобе ейным напісана імя: тайна, Бабілёнія вялікая, матка блудадзеяк і агідаў зямлі.
6 І я ўбачыў гэту жанчыну, якая ўпілася крывёю сьвятых і крывёю сьведкаў Ісуса. І я зьдзівіўся, гледзячы на яе, зьдзіўленьнем вялікім.
7 І сказаў мне Ангел: чаго ты зьдзівіўся? Я скажу табе тайну гэтай жанчыны і зьвера, які носіць яе, які мае сем галоў і дзесяць рогаў.
8 Зьвер, якога ты ўбачыў, быў, і няма яго, і мае падняцца з бяздоньня і пайсьці ў пагібель; і зьдзівуюцца жыхары зямлі, чые імёны ня запісаны ў скрутак жыцьця ад стварэньня сьвету, бачучы зьвера, што (ён) быў, і няма яго, хаця (ён) ёсьць.
9 Тут розум, які мае мудрасьць. Сем галоў ёсьць сем гор, дзе гэта жанчына сядзіць на іх;
10 і сем валадароў, із каторых пяць упалі, а адзін ёсьць, (а) другі яшчэ ня прыйшоў, і калі прыйдзе, нядоўга ён мае заставацца.
11 І зьвер, які быў, і няма (яго), і ён ёсьць восьмы, і із сямёх ён, і ідзе ў пагібель.
12 І дзесяць рогаў, каторыя ты ўбачыў, ёсьць дзесяць валадароў, якія валадарства яшчэ ня прынялі, але ўладу як валадары на адну гадзіну прымуць разам са зьверам.
13 Яны маюць адну думку, і сілу і ўладу сваю перадаюць зьверу.
14 Яны будуць весьці вайну зь Ягняком, і Ягняк пераможа іх, таму што Ён Госпад валадароў і Кароль (над) каралямі, і тыя, што зь Ім — пакліканыя і выбраныя і верныя.
15 І кажа мне: воды, якія ты ўбачыў, дзе сядзіць блудадзейка — народы і натоўпы, і плямёны, і мовы.
16 І дзесяць рогаў, якія ты ўбачыў на зьверу, яны ўзьнянавідзяць блудадзейку і спустошаць яе, і аголяць, і зьядуць яе цела, і спаляць яе ў агні.
17 Бо Бог палажыў на сэрцы ім учыніць намер Ягоны, і выканаць адну волю і аддаць валадарства іхнае зьверу, дакуль ня споўняцца словы Бога.
18 І жанчына, якую ты ўбачыў, ёсьць мясьціна (у сэнсе: места, горад) вялікая, якая мае панаваньне над валадарамі зямлі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Адкрыцьцё Яана Багаслова, 17 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020