Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

Адкрыцьцё 19 Адкрыцьцё 19 разьдзел

1 І пасьля гэтага я пачуў на небе моцны голас народу шматлікага, які гаварыў: галілуя (хваліце вы Ягову)! збаўленьне і слава, і чэсьць, і сіла Госпаду Богу нашаму!
2 Таму што праўдзівыя і праведныя суды Ягоныя, таму што Ён засудзіў блудадзейку вялікую, якая разбэшчвала зямлю блудадзействам сваім, і Ён спагнаў кроў рабоў Сваіх ад рукі ейнай.
3 І паўторна яны сказалі: галілуя (хваліце вы Ягову)! і дым ейны ўздымаецца ў вяках вякоў.
4 Тады ўпа́лі дваццаць чатыры старэйшыны і чатыры жывёлы і пакланіліся Богу, Які сядзеў на Пасадзе, кажучы: амін, галілуя (хваліце вы Ягову)!
5 І выйшаў голас з Пасаду, які мовіў: хваліце Бога нашага ўсе рабы Ягоныя і тыя, што баяцца Яго, і малыя і вялíкія.
6 І я пачуў быццам голас народу шматлікага і быццам шум водаў многіх, і быццам грымоту громаў моцных, якія кажуць: галілуя (хваліце вы Ягову)! таму што заваладарыў Госпад Бог Уседзяржыцель.
7 Радуймася і весялімася, і давайма славу Яму, таму што надыйшло вясельле Ягняка́, і жонка Ягоная прыгатавала сябе.
8 І дадзена было ёй, каб яна апранулася ў віссон чысты і сьветлы; віссон жа ёсьць ўчынкі праведнасьці сьвятых.
9 І (Ангел) гаворыць мне: напішы: шчасьлівыя запрошаныя на вячэру вясельля Ягняка́. І кажа мне: гэтыя словы ёсьць сапраўдныя (Словы) Бога.
10 Тады я ўпаў да ног ягоных, каб пакланіцца яму, але ён гаворыць мне: глядзі, ня (рабі гэтага); (таму што) я суслужнік твой і братоў тваіх, якія маюць сьведчаньне Ісуса. Богу пакланіся, таму што сьведчаньне Ісуса ёсьць дух прароцтва.
11 І я ўбачыў Неба расчыненае. І вось конь белы, і Сядзяшчы на ім, Якога называюць Верны і Праўдзівы; і Ён судзіць і ваюе па справядлівасьці.
12 А Вочы Ягоныя, як полымя агню, і на Галаве Ягонай шмат дыядэмаў. (Ён) мае Імя напісанае, якога ніхто ня ведае, апрача Яго Самога.
13 І (Ён) апрануты ў вопратку, змочаную крывёю. І называецца Імя Ягонае: Слова Бога.
14 І войскі на Небе ішлі ўсьлед за Ім на конях белых, апранутыя ў віссон белы і чысты.
15 І із вуснаў Ягоных выходзіць меч востры, каб ім (Ён) падпарадкаваў народы. І Ён будзе пасьвіць іх ськіпетрам жалезным. І Ён топча чавільню віна помсты і гневу Бога Ўседзяржыцеля.
16 І (Ён) мае на вопратцы і на сьцягне Сваім напíсанае Імя: Кароль (над) каралямі і Госпад валадароў.
17 І я ўбачыў аднаго Ангела, стоячы на сонцы; і ён крыкнуў голасам моцным, кажучы ўсім птушкам, якія лётаюць на ўзвышшы неба: ляціце, зьбірайцеся сюды на вячэру Вялікага Бога,
18 каб пажэрці трупы каралёў і трупы тысячнікаў і трупы ду́жых, і трупы коней і коньнікаў на іх, і трупы ўсіх вольных і рабоў, і малых, і вялікіх.
19 І я ўбачыў зьвера і валадароў зямлі, і войскі іхныя, сабраныя каб учыніць вайну супраць Сядзяшчага на кані і супраць войска Ягонага.
20 І схоплены быў зьвер і зь ім ілжэпрарок, што чыніў знакі перад ім, якімі ён зблудзіў тых, што прынялі кляймо зьвера і тых, што пакланяюцца абразу́ ягонаму: абое жывыя ўкінуты ў возера агню, палаючае серкаю;
21 а астатнія былі забіты мечам Сядзяшчага на кані, які выходзіў з вуснаў Ягоных; і ўсе птушкі насыціліся трупамі іхнімі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Адкрыцьцё Яана Багаслова, 19 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020