Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

Адкрыцьцё 20 Адкрыцьцё 20 разьдзел

1 І я ўбачыў Ангела, спускаючыся зь Неба, які меў ключ ад бяздоньня і ланцуг вялікі ў руцэ сваёй.
2 І ён схапіў дракона, зьмея старадаўнага, які ёсьць д’ябал і шатан, і зьвязаў яго на тысячу гадоў,
3 і кінуў яго ў бяздоньне і замкнуў яго і запячатаваў над ім, каб болей ня зблуджаў народы, пакуль ня скончыцца тысяча гадоў; і пасьля гэтага належыць яго вызваліць на малы час.
4 І я ўбачыў пасады, і паселі на іх, і суд быў да́дзены ім, і душы сьцятых за сьведчаньне Ісуса і за Слова Бога, і каторыя ня пакланіліся зьверу, ні абразу ягонаму, і ня прынялі кляймо на лоб свой і на руку сваю. І яны ажылí і валадарылі са Хрыстом тысячу гадоў.
5 Але астатнія зь мёртвых ня ажылí, пакуль ня скончыцца тысяча гадоў. Гэта — уваскрасеньне першае.
6 Шчасьлівы і сьвяты той, хто мае ўдзел ва ўваскрасеньні першым: над гэтымі сьмерць другая ня мае ўлады, але яны будуць сьвятарамі Бога і Хрыста і будуць валадарыць зь Ім тысячу гадоў.
7 І калі міне́цца тысяча гадоў, будзе вызвалены шатан ізь вязніцы сваёй
8 ды выйдзе заблуджаць народы, што на чатырох краёх зямлі, Гога і Магога, каб сабраць іх на вайну, лік якіх, як пясок мора.
9 І ўзыйшлі яны на абсяг зямлі, і акружылі стан сьвятых і места любаснае. І зыйшоў ад Бога агонь зь неба і зжэр іх;
10 а д’ябал, які заблуджаў іх, укінуты ў возера агню і серкі, дзе зьвер і ілжэпрарок, і будуць мучаны ўдзень і ўначы ў вяках вякоў.
11 І ўбачыў я вялікі белы Пасад і Сядзяшчага на ім, ад Аблічча Каторага ўцякла зямля і неба, і ня знойдзена было ім мейсца.
12 І ўбачыў я мёртвых, малых і вялікіх, якія стаялі перад Богам; і скруткі былі разгорнуты, і іншы скрутак быў разгорнуты, які ёсьць (скрутак) жыцьця; і суджаны былі мёртвыя па напісанаму ў скрутках па ўчынках сваіх.
13 Тады мора аддало мёртвых, што былі ў ім, і сьмерць і пекла аддалі мёртвых, што былі ў іх; і суджаны былі кожны па ўчынках сваіх.
14 І сьмерць і пекла кінуты ў возера агню. Гэта ёсьць сьмерць другая.
15 І калі хто ня быў знойдзены ў скрутку жыцьця запісаным, быў укінуты ў возера агню.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Адкрыцьцё Яана Багаслова, 20 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020