Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

Адкрыцьцё 5 Адкрыцьцё 5 разьдзел

1 І я ўбачыў у Правіцы Сядзячага на Пасадзе скрутак, напíсаны з унутранага і задняга бакоў, запячатаны сямю пячаткамі.
2 І я ўбачыў Ангела дужога, які абвяшчаў моцным голасам: хто годны разгарнуць скрутак і зьняць ягоныя пячаткі?
3 І ніхто ня мог ані на небе, ані на зямлі, ані пад зямлёй разгарнуць скрутак, ані паглядзець (у) яго.
4 І я моцна плакаў, таму што ніхто ня быў знойдзены годным, каб разгарнуць і прачытаць скрутак, ані паглядзець у яго.
5 І адзін са старэйшынаў кажа мне: ня плач. Вось Леў, Каторы з роду Юды, карэнь Давідаў, перамог (і можа) разгарнуць скрутак і зьняць сем пячаткаў ягоных.
6 І я глянуў, і вось пасярод Пасаду і чатырох жывёлаў ды пасярод старэйшынаў стаіць Ягняк, быццам забіты ў ахвяру, Які мае сем рагоў і сем вачэй, якія ёсьць сем духаў Бога, якія пасла́ны на ўсю зямлю.
7 І Ён прыйшоў і ўзяў скрутак із Правіцы Сядзячага на Пасадзе.
8 І калі Ён узяў скрутак, чатыры жывёлы і дваццаць чатыры старэйшыны ўпалі перад Ягняком, маючы кожны гарпу і чары залатыя, поўныя тыміаму (пахнасьцяў), якія ёсьць малітвы сьвятых.
9 І пяюць песьню новую, кажучы: годзен Ты ўзяць скрутак і зьняць пячаткі ягоныя, таму што Ты быў ахвярна забіты і адкупіў нас для Бога Крывёю Тваёй із усякага роду і мовы, і народу, і племені,
10 і зрабіў нас Богу нашаму каралямі і сьвятарамі, і мы будзем валадарыць на зямлі.
11 І я ўбачыў і пачуў голас многіх Ангелаў вакол Пасаду і жывёл і старэйшынаў, і (быў лік іх мірыяды мірыядаў і) тысячы тысячаў (нязьлічонае мноства),
12 якія гаварылі голасам моцным: годзен Ягняк ахвярна забіты прыняць сілу і скарб (багацьце), і мудрасьць, і магутнасьць, і чэсьць, і славу, і багаслаўленьне.
13 І ўсякае стварэньне, якое ёсьць на небе і на зямлі, і пад зямлёй, і на моры, і ўсё, што знаходзіцца ў іх, пачуў я, што гаварылі: Сядзячаму на Пасадзе і Ягняку́ — багаслаўленьне і чэсьць, і слава, і ўладарства ў вяках вякоў.
14 І чатыры жывёлы казалі: Амін. І дваццаць чатыры старэйшыны ўпа́лі і пакланіліся Жыву́чаму ў вяках вякоў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Адкрыцьцё Яана Багаслова, 5 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020