1 У першы год Кіра, цара Персідскага, дзеля выкананьня слова Гасподняга з вуснаў Ераміі, абудзіў Гасподзь дух Кіра, цара Персідскага; і ён загадаў абвясьціць па ўсім царстве сваім, словамі і пісьмова.
2 так кажа Кір, цар Персідскі: усе царствы зямлі даў мне Гасподзь Бог нябесны, і Ён загадаў мне пабудаваць Яму дом у Ерусаліме, што ў Юдэі.
3 Хто ёсьць з вас, з усяго народу Яго, — хай будзе Бог яго зь ім, — і хай ён ідзе ў Ерусалім, што ў Юдэі, і будуе дом Госпада Бога Ізраілевага, таго Бога, Які ў Ерусаліме.
4 А ўсе, што засталіся ва ўсіх месцах, дзе б той ні жыў, хай дапамогуць яму жыхары месца таго срэбрам і золатам і іншай маёмасьцю, і быдлам, з дабраахвотным дараваньнем на дом Божы, што ў Ерусаліме.
5 І падняліся ўзначальнікі пакаленьняў Юдавых і Веньямінавых, і сьвятары і лявіты, кожны, у кім абудзіў Бог дух ягоны, каб пайсьці будаваць дом Гасподні, які ў Ерусаліме.
6 І ўсе суседзі іхнія дапамагалі ім срэбным посудам, і золатам, іншай маёмасьцю і быдлам, і дарагімі рэчамі, звыш усякага дабрахотнага дараваньня на храм.
7 І цар Кір вынес посуд дома Гасподняга, які Навухаданосар узяў у Ерусаліме і паклаў у доме бога свайго,
8 і вынес яго Кір, цар Персідскі, рукою Мітрэдата скарбоўца, а ён, палічыўшы, здаў Шэшбацару князю Юдаваму.
9 І вось лік яго: місак залатых трыццаць, місак срэбраных тысяча, нажоў дваццаць дзевяць,
10 чараў залатых трыццаць, чараў срэбраных двайных чатырыста дзесяць, іншага посуду тысяча:
11 усяго посуду, залатога і срэбнага, пяць тысяч чатырыста. Усё гэта ўзяў з сабою Шэшбацар пры адпраўленьні перасяленцаў з Вавілона ў Ерусалім.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Першая кніга Эздры, 1 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002