Біблія » Пераклады » Пераклад Васіля Сёмухі

Псалтыр 110 110 псальма

1 Алілуя! Слаўлю Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім на радзе праведных і на сходні.
2 Вялікія дзеі Гасподнія, вабныя ўсім, хто іх любіць.
3 Дзея Ягоная — слава і хараство, і праўда Ягоная застаецца навечна.
4 Незабыўнымі зрабіў Ён цуды Свае; літасьцівы і шчодры Гасподзь.
5 Ежу дае тым, хто баіцца Яго; вечна памятае Свой запавет.
6 Сілу дзеяў Сваіх паказаў Ён народу Свайму, каб даць яму спадчыну язычнікаў.
7 Дзеі рук Ягоных праўда і суд; усе Яго запаведзі правільныя,
8 цьвёрдыя на вякі вечныя, заснаваныя на праўдзе і слушнасьці.
9 Збавеньне паслаў Ён народу Свайму; наказаў навечна Свой запавет. Сьвятое і страшнае імя Ягонае!
10 Пачатак мудрасьці страх Гасподні: розум правільны ва ўсіх, хто выконвае запаведзі Ягоныя. Хвала Яму няхай будзе вечная.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псалтыр, 110 псальма

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002