1 Псальма Давідава. Заступіся, Госпадзе, перад тымі, хто судзіцца са мною, зваюй тых, хто ваюе мяне;
2 вазьмі шчыт і латы, і ўстань на дапамогу мне;
3 агалі меч, і заступі дарогу тым, што гоняць мяне; скажы душы маёй: Я — ратунак твой!
4 Хай пасаромяцца і паганьбуюцца тыя, хто цікуе душу маю, хай адступяцца і пакрыюцца ганьбаю тыя, хто шкоду мне намышляе;
5 хай будуць яны, як пыл на ветры, і анёл Гасподні хай праганяе іх.
6 Хай будзе шлях іхні цёмны і коўзкі, і анёл Гасподні няхай гоніць іх,
7 бо яны бязь віны схавалі мне яму — сетку сваю; выкапалі яе на бязьвінную душу маю!
8 Хай спадзе на яго пагібель нянаджаная, і сетка ягоная, якую ён схаваў на мяне, хай яго самога і ўловіць; хай у яе і ўпадзе на пропадзь сваю.
9 А душа мая зарадуецца ў Госпадзе; усьцешыцца збавеньнем ад Яго.
10 Усе косткі мае скажуць: «Госпадзе! хто да Цябе падобны? Ты ратуеш слабога ад дужага, беднага і ўбогага ад зьдзірцы ягонага?»
11 Паўсталі на мяне сьведкі няправедныя: чаго я ня ведаю, — выпытваюць у мяне;
12 плацяць мне злом за дабро, сіроцтвам душы маёй.
13 А як былі хварэлі яны, я апранаўся ў вярэту, душу маю таміў пастом, і малітва мая вярталася ў нетру маю.
14 Я рабіў, быццам сябру, як брату майму; я хадзіў смутны, панурыўшы голаў, як бы аплакваючы маці.
15 А калі я спатыкаўся, яны радаваліся і зьбіраліся; зьбіраліся агуднікі супроць мяне, ня ведаю завошта, ганілі мяне, і не пераставалі;
16 з крывадушнымі пакепнікамі скрыгаталі на мяне зубамі сваімі.
17 Госпадзе! ці доўга будзеш глядзець на гэта? Адвядзі душу маю ад злачынстваў іхніх, ад ільвоў — самотную душу маю!
18 Я праслаўлю Цябе на сходзе вялікім, сярод процьмы народу ўсхвалю Цябе,
19 каб не збыткавалі зь мяне тыя, што ваявалі супроць мяне несправядліва, і не перамігваліся вачыма тыя, што ненавідзяць мяне бязьвіннага;
20 бо не за мір прамаўляюць яны, а супроць мірных на землях плятуць аблудныя намыслы;
21 разьзьяўляюць на мяне вусны свае; кажуць: «добра! добра! бачыла наша вока».
22 Ты бачыў, Госпадзе, не змаўчы; Госпадзе! не аддаляйся ад мяне.
23 Устань, прачніся на суд мой, на цяжбіну маю, Божа мой і Госпадзе мой!
24 Судзі мяне па праўдзе Тваёй, Госпадзе, Божа мой, і хай ня радуюцца яны празь мяне;
25 хай ня кажуць у сэрцы сваім: «добра! добра!, нам да душы!» Хай ня кажуць: «мы праглынулі яго».
26 Няхай пасаромяцца і паганьбуюцца ўсе, хто радуецца зь няшчасьця майго; хай убяруцца ў сорам і ганьбу, хай фанабэрацца над мною.
27 Няхай радуюцца і весяляцца, хто маёй слушнасьці прагне, і няхай кажуць заўсёды: «хай праславіцца Гасподзь, Які зычыць міру рабу Свайму!»
28 І язык мой будзе абвяшчаць Тваю праўду і хвалу Табе дзень у дзень.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псалтыр, 34 псальма

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002