Біблія » Пераклады » Пераклад Васіля Сёмухі

Выслоўяў Саламонавых 13 Выслоўяў Саламонавых 13 разьдзел

1 Мудры сын слухае бацькавых настаўленьняў; а насьмешнік ня слухае засьцярогаў.
2 Ад плоду вуснаў сваіх чалавек спажывае дабро, а душа здраднікаў закона — зло.
3 Хто захоўвае вусны свае, той захоўвае душу сваю, а хто шырока свой рот разьзяўляе, таму бяда.
4 Душа гультая жадае, але марна: а душа руплівых насыціцца.
5 Праведнік ненавідзіць ілжывае слова, а бязбожны сарамаціць і ганьбіць сябе.
6 Праўда ахоўвае беззаганнага ў дарозе, а бязбожнасьць губіць грэшнікаў.
7 Сёй-той выдае сябе за багатага, а ў яго нічога няма; другі сябе за беднага, а ў яго багацьця многа.
8 Багацьцем сваім чалавек адкупляе жыцьцё сваё, а бедны і пагрозы ня чуе.
9 Сьвятло праведных весела гарыць; а сьветач бязбожных тухне.
10 Ад пыхі паходзіць разлад, а ў тых, што раяцца, — мудрасьць.
11 Багацьце ад марнасьці памяншаецца, а хто зьбірае працаю, памнажае яго.
12 Надзея, якая доўга ня праўдзіцца, стамляе сэрца, а жаданьне, якое споўнілася, — як дрэва жыцьця.
13 Хто пагарджае словам, той робіць шкоду сабе; а хто баіцца запаведзі, будзе ўзнагароджаны.
14 Навука ў мудрага — крыніца жыцьця, якая аддаляе ад сьмерці.
15 Добры розум дае зычлівасьць; а дарога бязбожных цьвёрдая.
16 Кожны разумны дзее зь веданьнем, а немысель выстаўляе на паказ дурасьць.
17 Неразумны пасол трапляе ў бяду, а верны пасланец — ратунак.
18 Галеча і ганьба таму, хто пагарджае навукай; а хто трымаецца настаўленьня, пашанаваны будзе.
19 Жаданьне, якое споўнілася, — прыемнае душы; агідна неразумнаму ўхіляцца ад зла.
20 Хто сябруе з мудрым, будзе мудры; а хто сябруе зь неразумнымі, разбэсьціцца.
21 Грэшнікаў даганяе зло, а праведнікам дасца дабро.
22 Добры пакідае спадчыну і ўнукам, а багацьце грэшніка зьберагаецца праведнаму.
23 Шмат хлеба бывае і на палетку ў бедных; але маёмасьць гіне ад бяспраўя.
24 Хто шкадуе дубца свайго, той ненавідзіць сына; а хто любіць, той змалку карае яго.
25 Праведнік есьць да сытасьці, а жывот бязбожных церпіць нястачы.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга выслоўяў Саламонавых, 13 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002