1 І адразу раніцай першасьвятары з старэйшынамі і кніжнікамі і ўвесь сынедрыён зрабілі нараду і, зьвязаўшы Ісуса, завялі і перадалі Пілату.
2 Пілат спытаўся ў Яго: Ты Цар Юдэйскі? А Ён сказаў яму ў адказ: ты кажаш.
3 І першасьвятары вінавацілі Яго ў многім.
4 А Пілат зноў спытаўся ў Яго: Ты нічога не адказваеш? бачыш, як многа супроць Цябе скаргаў.
5 Але Ісус і на гэта нічога не адказваў, так што Пілат зьдзіўляўся.
6 А на кожнае сьвята ён адпускаў ім аднаго вязьня, за якога прасілі.
7 Тады быў у кайданах нейкі Варава, са сваімі саўдзельнікамі, якія падчас бунту ўчынілі забойства.
8 І люд пачаў крычаць і прасіць у Пілата таго, што ён заўсёды рабіў ім.
9 Ён сказаў ім у адказ: ці хочаце, адпушчу вам Цара Юдэйскага?
10 Бо ведаў, што першасьвятары выдалі Яго з зайздрасьці.
11 Але першасьвятары падбухторылі людзей прасіць, каб адпусьціў ім лепей Вараву.
12 Пілат, адказваючы, зноў сказаў ім: а што хочаце, каб я зрабіў з Тым, Якога вы называеце Царом Юдэйскім?
13 Яны зноў закрычалі: укрыжуй Яго!
14 Пілат сказаў ім: якое ж ліха ўчыніў Ён? Але яны яшчэ мацней закрычалі: укрыжуй Яго!
15 Тады Пілат, хочучы дагадзіць людзям, адпусьціў ім Вараву, а Ісуса, бічаваўшы, аддаў на крыжаваньне.
16 А воіны завялі Яго ўсярэдзіну двара, гэта значыцца, у прэторыю, і сабралі цэлы полк;
17 і апранулі Яго ў пурпуру і, сплёўшы цярновы вянок, усклалі на Яго;
18 і пачалі вітаць Яго: радуйся, Цару Юдэйскі!
19 І білі яго па галаве кіем, і плявалі на Яго і, кленчачы, кланяліся Яму.
20 А калі насьмяяліся зь Яго, зьнялі зь Яго пурпуру, адзелі Яго ў Ягонае адзеньне і павялі Яго, каб крыжаваць Яго.
21 І прымусілі праходжага нейкага Кірынеяніна Сымона, бацьку Аляксандравага і Руфавага, які ішоў з поля, несьці крыж Ягоны.
22 І прывялі Яго на месца Галгофу, што азначае: «месца чарапоў».
23 І давалі яму піць віно зь сьмірнаю; але Ён ня ўзяў.
24 Тыя, што ўкрыжавалі Яго, дзялілі вопратку Ягоную, кідаючы жэрабя, каму што ўзяць.
25 Была гадзіна трэйцяя, і ўкрыжавалі Яго.
26 І быў надпіс віны Яго: Цар Юдэйскі.
27 Зь Ім укрыжавалі двух разбойнікаў, аднаго з правага, другога зь левага боку ад Яго.
28 І збылося слова Пісаньня: «і да зладзеяў залічаны».
29 Тыя, што праходзілі міма, зьневажалі Яго, ківаючы галовамі сваімі і кажучы: э! Той, Хто храм разбурае і за тры дні будуе!
30 уратуй Сябе Самога і сыйдзі з крыжа.
31 Падобна і першасьвятары з кніжнікамі, насьміхаючыся, казалі адзін аднаму: іншых ратаваў, а Сябе ня можа ўратаваць!
32 Хрыстос, Сын Ізраілеў, хай сыйдзе цяпер з крыжа, каб мы бачылі, і ўверуем. І ўкрыжаваныя зь Ім ганілі Яго.
33 А на шостай гадзіне настала цемра па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзявятай.
34 На дзявятай гадзіне ўскрыкнуў Ісус моцным голасам: «Элоі, Элоі! ламма савахфані!», што азначае: «Божа, Божа Мой! чаму Ты Мяне пакінуў?».
35 Некаторыя, што стаялі тут, пачуўшы, казалі: вось, Ільлю кліча.
36 А адзін пабег, набраў у губку воцату і, насадзіўшы на кій, даваў Яму піць, кажучы: чакайце, паглядзім, ці прыйдзе Ільля зьняць Яго.
37 А Ісус, ускрыкнуўшы моцна, выпусьціў дух.
38 І завеса ў храме разадралася напалам, зьверху данізу.
39 Сотнік, які стаяў насупраць Яго, убачыўшы, што Ён, так ускрыкнуўшы, выпусьціў дух, сказаў: сапраўды Чалавек Гэты быў Сын Божы.
40 Былі тут і жанчыны, якія глядзелі здалёк; сярод іх была і Марыя Магдаліна, і Марыя, маці Якава меншага і Ясіі, і Саломія,
41 якія і тады, як Ён быў у Галілеі, ішлі сьледам за Ім і служылі Яму, і іншыя многія, што разам зь Ім прыйшлі ў Ерусалім.
42 І як ужо зьвечарэла, бо была пятніца, гэта значыць — перадсубоцьце,
43 прыйшоў Язэп з Арымафеі, знакаміты сябра рады, які і сам чакаў Царства Божага, адважыўся ўвайсьці да Пілата і прасіў Цела Ісусавага.
44 Пілат зьдзівіўся, што Ён ужо памёр; і паклікаўшы сотніка, спытаўся ў яго: ці даўно памёр?
45 І даведаўшыся ад сотніка, аддаў Цела Язэпу.
46 Ён, купіўшы палатно і зьняўшы Яго, ахінуў палатнінаю і паклаў у магіле, якая была высечана ў скале; і прываліў камень да магільных дзьвярэй.
47 А Марыя Магдаліна і Марыя Ясіева глядзелі, дзе Яго клалі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце, 15 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002