Біблія » Пераклады » Пераклад Васіля Сёмухі

Другі закон 32 Другі закон 32 разьдзел

1 Слухай, неба, я прамаўляцьму; і слухай, зямля, словы вуснаў маіх.
2 Пральецца як дождж вучэньне маё, як раса мова мая, як дробны дождж на зяленіва, як зьліва на траву.
3 Імя Госпада праслаўлю; узьнясеце славу Госпаду нашаму.
4 Ён цьвярдыня; дасканалыя дзеі Ягоныя, і ўсе шляхі Яго праведныя; Бог правільны і няма няпраўды ў Ім; Ён праведны і ісьціны;
5 але яны разбэсьціліся прад Ім, яны ня дзеці Ягоныя ў сваіх заганах, род упарцісты і разбэшчаны.
6 Ці гэта аддаяце вы Госпаду, народ неразумны і няцямны? ці ж ня Ён Айцец твой, Які засвоіў цябе, стварыў цябе і ўладзіў цябе?
7 Згадай пра дні старадаўнія, падумай пра гады ранейшых родаў; спытайся ў бацькі твайго, і абвесьціць табе, у старцаў тваіх, і яны скажуць табе.
8 Калі Ўсявышні даваў надзелы народам і расьсяляў сыноў чалавечых, тады паставіў межы народаў па ліку сыноў Ізраілевых;
9 бо доля Госпада народ Ягоны; Якаў спадчынны надзел Ягоны.
10 Ён знайшоў яго ў пустыні, у стэпе панылым і дзікім, асланяў яго, даглядаў яго, ахоўваў яго, як вока Сваё;
11 як арол будзіць гняздо сваё, носіцца над птушанятамі сваімі, распасьцірае крылы свае, бярэ іх і носіць іх на пер’і сваім,
12 так Гасподзь адзін вадзіў яго, і ня было зь ім чужога бога.
13 Ён узьнёс яго на вышыні зямлі і карміў пладамі палёў, і паіў яго мёдам з каменя і алеем зь цьвёрдай скалы,
14 маслам каровіным і малаком авечым, і тлушчам ягнятаў і бараноў Васанскіх і казлоў, і тлустаю пшаніцаю, і ты піў віно, кроў вінаградных ягад.
15 І атлусьцеў Ізраіль, і зрабіўся зацяты; атлусьцеў, патаўсьцеў і распасьвіўся; і пакінуў ён Бога, які стварыў яго, і пагардзіў цьвярдыняю выратаваньня свайго.
16 Багамі чужымі яны раздражнілі Яго, і мярзотамі Яго ўгневілі:
17 прыносілі ахвяры дэманам, а ня Богу, божышчам, якіх яны ня ведалі, новым, якія прыйшлі ад суседзяў і пра якіх ня думалі бацькі вашыя.
18 А Скалу, Якая спарадзіла цябе, ты забыў, і не памятаў Бога, Які стварыў цябе.
19 Гасподзь убачыў, і ў абурэньні пагардзіў сынамі Сваімі і дочкамі Сваімі,
20 і сказаў: схаваю аблічча Маё ад іх і ўбачу, які будзе іхні канец; бо яны род разбэшчаны, дзеці, у якіх няма вернасьці;
21 ня богам яны раздражнілі Мяне, марнасьцю сваёю Мяне засмуцілі: і Я раздражню іх не народам, народам бязглуздым іх засмучу;
22 бо агонь запаліўся ў гневе Маім, паліць да пекла апраметнага, і паядае зямлю і плады яе, і спальвае падваліны гор;
23 зьбяру на іх бядоты і патрачу на іх стрэлы Мае:
24 будуць зьнясілены голадам, зьнішчаны гарачкаю і заразаю лютай; і пашлю на іх іклы зьвярыныя і яд паўзуноў зямных;
25 звонку будзе губіць іх меч, а ў дамах — вусьцішнасьць — і хлапца і дзяўчыну, і немаўля і пакрытага сівізнаю старца.
26 Я сказаў бы: «расьсею іх і згладжу з асяродзьдзя людзей памяць пра іх».
27 але адклаў гэта дзеля азлабленьня ворагаў, каб ворагі ягоныя не заносіліся і не сказалі: нашая рука высокая, і не Гасподзь зрабіў усё гэта.
28 Бо яны народ, які страціў розум, і няма ў іх сэнсу.
29 О, калі б яны памеркавалі, падумалі пра гэта, уразумелі, што зь імі будзе!
30 як бы мог адзін перасьледаваць тысячу і двое прагнаць цемру, калі б Скала іхняя ня выдаў іх, і Гасподзь не аддаў іх!
31 бо скала іхняя не такая, як нашая Скала; самі ворагі нашыя судзьдзі ў тым.
32 Бо вінаград іхні ад вінаграднай лазы Садомскай і з палёў Гаморскіх; ягады іхнія ядавітыя, гронкі іх горкія;
33 віно іхняе яд драконаў і пагібельная труцізна асьпідаў.
34 Ці не схавана гэта ў Мяне? ці не запячатана ў сховах Маіх?
35 У Мяне помста і аддача, калі пахісьнецца нага іхняя; бо блізкі дзень пагібелі іх, неўзабаве настане ўгатаванае ім.
36 Але Гасподь судзіцьме народ Свой і з рабоў Сваіх умілажаліцца, калі Ён угледзіць, што рука іхняя аслабла, і не засталося ні заключаных, ні тых, што засталіся звонку.
37 Тады скажа Гасподзь; дзе багі іхнія, цьвярдыня, на якую яны спадзяваліся,
38 якія елі тлушч ад ахвяраў іхніх і пілі віно паліваньняў іхніх? няхай яны паўстануць і дапамогуць вам, няхай будуць ім покрывам!
39 Бачыце сёньня, што гэта Я, Я — і няма Бога, апрача Мяне; Я ўсьмерчваю і ажыўляю, Я б’ю і ацаляю, і ніхто ня выбавіць ад рукі Маёй.
40 Я падымаю да нябёсаў руку Маю і кажу: Я жыву вечна!
41 Калі навастру бліскучы Мой меч, і рука Мая прыме суд, дык адпомшчу ворагам Маім і ненавісьнікам Маім аддам;
42 напаю стрэлы Маёю крывёю, і меч Мой насыціцца целам, крывёю забітых і палонных, галовамі правадыроў ворага.
43 Радуйцеся, язычнікі, з народам Ягоным! бо Ён адпомсьціць за кроў рабоў Сваіх, і аддасьць помсту ворагам Сваім, і ачысьціць зямлю Сваю і народ Свой!
44 І прыйшоў Майсей і прамовіў усе словы песьні гэтай у слых народу, ён і Ісус, сын Наваў.
45 Калі Майсей прамовіў усе словы гэтыя ўсяму Ізраілю,
46 тады сказаў ім: пакладзеце на сэрца ваша ўсе словы, якія я абвясьціў вам сёньня, і накажэце іх дзецям сваім, каб яны стараліся выконваць усе словы закона гэтага;
47 бо гэта ня пустое для вас, а гэта жыцьцё вашае, і праз гэта вы доўгі час прабудзеце на той зямлі, у якую вы ідзяце церазь Ярдан, каб авалодаць ёю.
48 І казаў Гасподзь Майсею ў той самы дзень і сказаў:
49 узыдзі на гэтую гару Аварым, на гару Нэво, якая ў зямлі Маавіцкай, насупраць Ерыхона, і паглядзі на зямлю Ханаанскую, якую Я даю вам у валоданьне сынам Ізраілевым;
50 і памры на гары, на якую ты ўзыдзеш, і прыкладзіся да народу твайго, як памёр Аарон, брат твой, на гары Ор, і прыклаўся да народу свайго,
51 за тое, што вы зграшылі супроць Мяне сярод сыноў Ізраілевых каля водаў Мэрывы ў Кадэсе, у пустыні Сін, за тое, што не паказалі сьвятасьці Маёй сярод сыноў Ізраілевых;
52 перад сабою ты ўбачыш зямлю, а ня ўвойдзеш туды, у зямлю, якую Я даю сынам Ізраілевым.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другі закон, 32 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002