Біблія » Пераклады » Пераклад Васіля Сёмухі

Да Эфэсянаў 3 Да Эфэсянаў 3 разьдзел

1 Вось дзеля гэтага я, Павал, стаўся вязьнем Ісуса Хрыста за вас, язычнікаў.
2 Бо вы, пэўна, чулі пра служэньне мілаты Божай, дадзенай мне для вас,
3 таму што мне праз адкрыцьцё абвешчана таямніца, — пра што я і вышэй коратка пісаў, —
4 дык вы, чытаючы, можаце ўведаць маё разуменьне таямніцы Хрыстовай,
5 якая ня была абвешчана ранейшым пакаленьням сыноў чалавечых, як сёньня адкрыта сьвятым апосталам Ягоным і прарокам праз Духа (Сьвятога),
6 каб і язычнікі былі супольнымі спадчыньнікамі, што складаюць адно цела, і саўдзельнікамі абяцаньня Ягонага ў Хрысьце Ісусе праз зьвеставаньне,
7 слугою якога зрабіўся я пасьля дараваньня мілаты Божай, дадзенай мне дзеяньнем сілы Ягонай.
8 Мне, самаму найменшаму з усіх сьвятых, дадзена мілата гэтая — зьвеставаць язычнікам недасьледнае багацьце Хрыстовае
9 і адкрыць усім, што ёсьць зьдзяйсьненьне таямніцы, схаванай ад вечнасьці ў Богу, Які стварыў усё Ісусам Хрыстом,
10 каб цяпер была вядомая праз Царкву начальству і ўладам на нябёсах бясконцая мудрасьць Божая,
11 паводле спрадвечнага вызначэньня, якое Ён учыніў у Ісусе Хрысьце, Госпадзе нашым,
12 у Якім мы маем адвагу і надзейны доступ празь веру ў Яго.
13 А таму прашу (вас) не маркоціцца духам ад маіх дзеля вас журботаў, бо яны — ваша слава.
14 Дзеля гэтага схіляю калені мае прад Айцом Госпада нашага Ісуса Хрыста,
15 ад Якога мае найменьне ўсякая айчыннасьць на нябёсах і на зямлі,
16 хай дасьць вам, па багацьці славы Сваёй, моцна ўцьвердзіцца Духам Ягоным ва ўнутраным чалавеку,
17 каб Хрыстос вераю ўсяліўся ў сэрцы вашыя,
18 каб вы, укарэненыя і ўцьверджаныя ў любові, маглі спасьцігнуць з усімі сьвятымі, што ёсьць шырыня і даўжыня, і глыбіня і вышыня,
19 і ўразумець вышэйшую за ўразуменьне любоў Хрыстовую, каб вам напоўніцца ўсёю поўніцаю Божаю.
20 А Таму, Хто сілаю, якая дзее ў нас, можа зрабіць непараўнена болей за ўсё, чаго мы просім, альбо пра што думаем,
21 Таму слава ў Царкве ў Хрысьце ва ўсе роды, ад веку да веку. Амін.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Пасланьне да Эфэсянаў, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002