1 Дык вось, сьледуйце Богу, як дзеці любасныя,
2 і жывеце ў любові, як і Хрыстос палюбіў нас і аддаў Сябе за нас у прынашэньне і ахвяру Богу, на пахошчы прыемныя.
3 А распуста і ўсялякая нечысьць і любазьдзірства не павінны нават упамінацца ў вас, як гэта прыстойна сьвятым.
4 Таксама і брыдкаслоўе і пустаслоўе і пакепства не да гонару вам; а наадварот, хай лепш будзе падзяка;
5 бо ведайце, што ніякі распусьнік, альбо нячысты, альбо любазьдзірца, які ёсьць ідаласлужэнец, ня мецьме спадчыны ў Царстве Хрыста і Бога.
6 Хай ніхто ня зводзіць вас пустымі словамі, бо за гэта прыходзіць гнеў Божы на сыноў бунтоўных:
7 дык жа ня будзьце супольнікамі іхнімі.
8 Вы былі колісь цемра, а цяпер — сьвятло ў Госпадзе: дык паводзьцеся, як дзеці сьвятла,
9 бо плод Духа — ва ўсякай даброці, праведнасьці і ісьціне.
10 Шукайце таго, што да спадобы Богу,
11 і не бярэце ўдзелу ў бясплённых дзеях цемры, а яшчэ і выкрывайце,
12 бо пра тое, што яны робяць таемна, сорамна і казаць.
13 А ўсё, што выкрываецца, выяўляецца ў сьвятле, бо ўсё, што робіцца яўным, ёсьць сьвятло.
14 Таму сказана: «устань, хто сьпіць, і ўваскрэсьні зь мёртвых, і асьветліць цябе Хрыстос!».
15 Дык глядзеце, дзейце асьцярожна, не як неразумныя, а як мудрыя,
16 цэнячы дорага час, бо дні — ліхія.
17 Дык ня будзьце ж неразважныя, а спазнавайце, што ёсьць воля Божая.
18 І ня ўпівайцеся віном, ад якога бывае распуста; а напаўняйцеся Духам,
19 настаўляючы саміх сябе псальмамі і славаслоўем і духоўнымі сьпевамі, сьпяваючы і апяваючы ў сэрцах вашых Госпада,
20 дзякуючы заўсёды за ўсё Богу і Айцу, у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста,
21 слухаючыся адно аднаго ў страху Божым.
22 Жонкі, упакорвайцеся сваім мужам, як Госпаду,
23 бо муж ёсьць галава жонкі, як і Хрыстос — галава Царквы, і Ён жа Збаўца цела.
24 Але як Царква слухаецца Хрыста, так і жонкі сваіх мужоў ва ўсім.
25 Мужы, любеце сваіх жонак, як і Хрыстос палюбіў Царкву і аддаў Сябе за яе,
26 каб асьвяціць яе, ачысьціўшы мыцьцём водным, праз слова;
27 каб прадставіць яе Сабе слаўнаю Царквою, бяз плямы, без заганы, або чаго-небудзь падобнага, а каб яна была сьвятая і беззаганная.
28 Так павінны мужы любіць сваіх жонак, як сваё цела: хто любіць сваю жонку, любіць самога сябе.
29 Бо ніхто ніколі ня меў нянавісьці да сваёй плоці, а корміць і грэе яе, як і Гасподзь Царкву;
30 бо мы часткі Цела Ягонага, ад плоці Ягонай і ад касьцей Ягоных.
31 Таму «пакіне чалавек бацьку свайго і маці і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць двое адна плоць».
32 Тайна гэтая вялікая; я кажу пра Хрыста і пра Царкву.
33 Так кожны з вас хай любіць сваю жонку, як самога сябе; а жонка хай баіцца свайго мужа.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Пасланьне да Эфэсянаў, 5 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002