1 І была галадоў у зямлі, апрача першае галадові, што была за дзён Абрагамавых; і пайшоў Ісак да Авімелеха, караля Пілісцкага, да Ґерару.
2 І зьявіўся яму СПАДАР, і сказаў: «Ня зыходзь да Ягіпту; жыві ў зямлі, праз каторую скажу табе.
3 Падарожжуй у зямлі гэтай; і Я буду з табою, і дабраслаўлю цябе; бо табе а насеньню твайму дам усі землі гэтыя, і споўню прысягу, каторай я прысяг Абрагаму, айцу твайму.
4 І памнажу насеньне твае, як гвезды нябёсныя; і дам насеньню твайму ўсі землі гэтыя; і дабраславяцца ў насеньню тваім усі народы зямлі,
5 За тое, што Абрагам паслухаў голасу Майго і дзяржаў, што Я расказаў дзяржаць: расказаньні мае, уставы Мае а правы Мае».
6 І асяліўся Ісак у Ґерару.
7 І пыталіся людзі месца праз жонку ягоную, і ён сказаў: «Сястра мая яна», бо баяўся сказаць: «жонка мая», «каб не забілі мяне жыхары месца таго за Рэвеку», бо пазаркая яна.
8 І было, як працягнуліся там дні ягоныя, і глянуў далоў Авімелех, кароль Пілісцкі, пераз акно, і абачыў, і во, Ісак гуляў з Рэвекаю, жонкаю сваёй.
9 І гукнуў Авімелех Ісака, і сказаў: «Гэта ж жонка твая яна; і як жа ты казаў: "Яна сястра мая?"» І сказаў яму Ісак: «Бо я сказаў: "Каб не памерці імне дзеля яе"».
10 І сказаў Авімелех: «Што гэта ты ўчыніў із намі? Ледзь не ляжаў адзін ізь люду із жонкаю тваею, і ты прывёў бы на нас віну».
11 І расказаў Авімелех усяму люду, сказаўшы: «Хто дакранецца да гэтага чалавека і да жонкі ягонае, тый сьмерцю памрэць».
12 І сеяў Ісак у зямлі тэй, і знайшоў у тым годзе сто разоў толькі. І дабраславіў яго СПАДАР.
13 І павялічыўся тый чалавек, і рос болей а болей, і павялічыўся так, што стаў вельмі вялікі.
14 І былі ў яго стады драбнога а стады буйнога статку, і множасьць слугаў, і завідавалі яму Пілішчане.
15 І ўсі студні, каторыя выкапалі слугі айца ягонага за дзён Абрагама, айца ягонага, засыпалі Пілішчане і запоўнілі пылам.
16 І сказаў Авімелех Ісаку: «Адыйдзі ад нас, бо ты стаў шмат дужшы за нас».
17 І адыйшоў стуль Ісак, і разьлёгся табарам у даліне Ґерарскай, і жыў там.
18 І зьвярнуўся Ісак, і адкапаў студні вады, каторыя выкапаны былі за дзён Абрагамавых, айца ягонага, і каторыя заткнулі Пілішчане па сьмерці Абрагама; і назваў іх тымі ж назовамі, каторымі назваў іх ацец ягоны.
19 І капалі слугі Ісаковы ў даліне, і знайшлі там студню вады жывое.
20 І сьперачаліся пастухі ґерарскія з пастухамі Ісаковымі, кажучы: «Наша вада»; і ён назваў імя студні: Есек (Вада), бо вадзіліся зь ім.
21 І выкапалі другую студню; і сьперачаліся таксама за яе; і ён назваў яе імя: Сітна (Абвінаваньне).
22 І адсунуўся адтуль, і выкапаў іншую студню, і не сьперачаліся болей за яе; і назваў яе імя: Рэговоф (Прастора); і сказаў ён, бо цяпер даў нам прастору СПАДАР, і мы расплодзімся ў зямлі.
23 Стуль узыйшоў ён на Бэер Шэву.
24 І зьявіўся яму СПАДАР тае ночы, і сказаў: «Я Бог Абрагама, айца твайго; ня бойся, бо я з табою; і дабраслаўлю цябе, і памножу насеньне твае, дзеля Абрагама, слугі Свайго».
25 І ён збудаваў там аброчнік, і гукаў у імя СПАДАРОВА. І расьпяў там будан свой, і капалі там слугі Ісаковы студню.
26 І Авімелех прышоў да яго з Ґерару а Агузаф, з прыяцеляў ягоных, а Фіхол, вайводца ягоны.
27 І сказаў ім Ісак: «Чаму вы прышлі да мяне, вы ж зьненавідзілі мяне і выслалі мяне ад сябе?»
28 І яны сказалі: «Мы ясна пабачылі, што быў СПАДАР із табою, і сказалі мы: "Няхай жа будзе прысяга з праклёнам памеж нас, памеж нас і памеж цябе, і ўчыніма змову з табою;
29 Каб ты не рабіў нам ліха, як і мы не дакрануліся да цябе, і як мы рабілі табе адно дабро і адпусьцілі цябе ў супакою, так ты цяпер дабраславёны СПАДАРОЎ"».
30 Ён зрабіў ім чэсьць, і яны елі а пілі.
31 І ўсталі нараніцы, і прысягалі адзін аднаму; і адпусьціў іх Ісак, і яны пайшлі ад яго ў супакою.
32 І было таго дня: прышлі слугі Ісаковы, і паведамілі яму праз студню, каторую капалі яны, і сказалі яму: «Мы знайшлі ваду!»
33 І ён назваў яе Шыва. Затым імя места таго Бэер Шыва (Студня Прысягі) дагэтуль.
34 І быў Ісаў сараку год; і ўзяў сабе за жонку Егудыфу, дачку Беера Гэціча, і Вісэмафу, дачку Елона Гэціча.
35 І яны былі гарчынёю духу Ісаку а Рэвеццы.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Першая кніга Масеява: Быцьцё, 26 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.