Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

1 Гаспадарстваў 11 1 Гаспадарстваў 11 разьдзел

1 І палюбіў кароль Салямон шмат чужаземных жанок, і дачку Фараонаву, Моаўлянкі, Амонянкі, Едомлянкі, Сыдонянкі, Гэцічны,
2 З народаў, праз каторых СПАДАР сказаў сыном Ізраелявым: «Ня ўходзьце да іх, і яны хай ня ўходзяць да вас, бо запраўды яны сьхінуць сэрца вашае да багоў сваіх». Да іх прыліп Салямон любосьцяй.
3 І было ў яго сямсот жанок-княгіняў і трыста мамошак, і адвярнулі жонкі ягоныя сэрца ягонае.
4 І сталася, як Салямон быў стары, жонкі ягоныя адвярнулі сэрца ягонае да іншых багоў; і сэрца ягонае ня было супоўна із СПАДАРОМ, Богам ягоным, як сэрца Давіда, айца ягонага.
5 І пайшоў Салямон за Астартаю, боствам Сыдонян, і Мілкомам, агідаю Амонян.
6 І рабіў Салямон ліха перад ачыма СПАДАРА, і ня супоўна йшоў за СПАДАРОМ, як Давід, ацец ягоны.
7 Тады пастанавіў Салямон узвышша Хемошу, агідзе Моаўскай, на гары, што перад Ерузалімам, і Молоху, агідзе сыноў Амонавых.
8 Гэтак зрабіў ён усім чужаземным жонкам сваім, каторыя кадзілі а абракалі багом сваім.
9 І загневаўся СПАДАР на Салямона за тое, што ён адхінуў сэрца свае ад СПАДАРА, Бога Ізраелявага, Каторы двойчы зьяўляўся яму,
10 І расказаў яму праз тое, каб не хадзіў за іншымі багамі; але ён не дзяржаў таго, што расказаў яму СПАДАР.
11 І сказаў СПАДАР Салямону: «За тое, што так было ў цябе, і ты не дзяржаў змовы Мае а ўставаў Маіх, каторыя Я расказаў табе, Я адарву, адарву ад цябе каралеўства й аддам яго слузе твайму.
12 Але за дзён тваіх Я не зраблю гэтага дзеля Давіда, айца твайго; з рукі сына твайго вырву яго.
13 Толькі ўсяго каралеўства ня вырву; адно плямя дам сыну твайму дзеля Давіда, слугі Свайго, і дзеля Ерузаліму, каторы Я абраў».
14 І ўзьняў СПАДАР праціўніка на Салямона, Гадада Едомляніна, з каралеўскага насеньня Едомскага.
15 І было, як Давід быў у Едоме, і як вайводца Ёаў узышоў хаваць забітых, то ён паразіў кажнага мужчынскага стану ў Едоме:
16 Бо шэсьць месяцаў пражыў там Ёаў а ўвесь Ізраель, пакуль ня выгубілі кажнага мужчынскага стану ў Едоме;
17 Але ўцёк Гадад, ён а Едомляне із слугаў Давідавых разам ізь ім, каб пайсьці да Ягіпту; Гадад быў малым малцам.
18 Пайшоўшы зь Мідзяну, яны прышлі да Парану, і ўзялі із сабою людзёў з Парану, і прышлі да Ягіпту да Фараона, караля Ягіпецкага. Ён даў яму дом, і прызначыў яму еміну, і даў яму зямлю.
19 Гадад прыдбаў вялікую ласку ў фараона, і даў яму за жонку сястру свае жонкі, сястру караліцы Тагпенесы.
20 І нарадзіла яму сястра Тагпенесіна сына Ґенувата. Тагпенеса гадавала яго ў доме фараонавым; і жыў Ґенуват у доме фараонавым, памеж сыноў фараонавых.
21 Як Гадад пачуў, што Давід супачыў з айцамі сваімі, і што вайводца Ёаў памер, то сказаў фараону: «Адпусьці мяне, я пайду да зямлі свае».
22 І сказаў яму фараон: «Ціж табе не стаець чаго ў мяне, і во, ты просішся йсьці да зямлі свае?» Ён сказаў: «Не, але канечне адпусьці мяне».
23 І ўзьняў Бог супроці Салямона яшчэ праціўніка Рэзона Елядзёнка, каторы ўцёк ад гаспадара свайго Гададэзэра, караля Цоўскага,
24 І зьбер каля сябе людзёў, і стаў вайводцам вяткі просьле тога, як Давід разьбіў іх; і пайшлі яны да Дамашку, і жылі ў ім, і каралявалі ў Дамашку.
25 І быў ён праціўнікам Ізраеля ўсі дні Салямонавы. Апрача ліха ад Гадада, ён брыдзіўся Ізраелям, і закараляваў над Сырай.
26 І Еровоам Невацёнак Яхрэмлянін із Цэрэды, — а імя маці ягонае ўдавы — Цэруа, — слуга Салямонаў, падняў руку на караля.
27 І во прычына, што ён падняў руку на караля: Салямон станавіў Міло, закрыў пралом у месьце Давіда, айца свайго.
28 Гэты муж Еровоам дужасіл. І абачыў Салямон, што гэты маладзён умее рабіць работу, і прызначыў яго за наглядніка над усімі цяжкімі работамі дому Язэпавага.
29 І лучыла ў тым часе Еровоаму выйсьці зь Ерузаліму; і засьпеў яго на дарозе прарока Агія, Шылянін; ён быў прыкрыўшыся новым адзецьцям. На полю яны былі адно ўдвух.
30 І ўхапіў Агія новае адзецьце, каторае меў на сабе, разьдзер яго на двананцаць часьцяў,
31 І сказаў Еровоаму: «Вазьмі сабе дзесяць часьцяў; бо так кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў: "Вось, Я вырываю каралеўства з рукі Салямонавае й даю табе дзесяць плямёнаў;
32 А тое адно плямя будзе яму дзеля слугі Майго Давіда і дзеля места Ерузаліму, каторы Я абраў з усіх плямёнаў Ізраелявых.
33 Гэта за тое, што яны пакінулі Мяне, і кланяліся Астарце, боству Сыдонскаму, Хемошу, богу Моаўскаму, і Мілкому, богу сыноў Амонскіх, і не пайшлі дарогамі Маімі, каб рабіць пасьцівае перад ачыма Маімі і дзяржаць уставы Мае а суды Мае, падобна да Давіда, айца ягонага.
34 Я не вазьму ўсяго каралеўства з рукі ягонае; але Я зраблю яго князям на ўсі дні жыцьця ягонага дзеля Давіда, слугі Свайго, каторага Я абраў, каторы дзяржаў расказаньні Мае а ўставы Мае.
35 Але Я вазьму каралеўства з рукі сына ягонага, і дам табе дзесяць плямёнаў.
36 А сыну ягонаму дам адно плямя, каб быў сьветач Давіда, слугі Майго, усі дні перад відам Маім, у Ерузаліме, месьце, каторае Я абраў, каб палажыць там імя Свае.
37 Цябе Я вазьму, і ты будзеш караляваць у вусім, чаго будзе зычыць душа твая, і будзеш каралём над Ізраелям.
38 І будзе, што калі будзеш паслухмяны ўсяму, што Я расказую табе, і будзеш хадзіць дарогамі Маімі, і рабіць пасьцівае ў ваччу Маім, дзяржаць уставы Мяе а расказаньні Мае, як рабіў Давід, слуга Мой, то Я буду з табою і пастанаўлю табе дом верны, як Я пастанавіў Давіду, і аддам табе Ізраеля.
39 І Я зьнемарашчу насеньне Давідава за гэта, але не на ўсі дні"».
40 Салямон жа хацеў зрабіць сьмерць Еровоаму, але Еровоам устаў і ўцёк да Ягіпту да Шышака, караля Ягіпецкага, і быў у Ягіпце аж да сьмерці Салямонавае.
41 А засталыя здарэньні Салямонавы і ўсе, што ён рабіў, і мудрасьць ягоная, ці не апісаны яны ў кнізе справаў Салямонавых.
42 А год гаспадарстваваньня Салямона ў Ерузаліме над усім Ізраелям — сорад год.
43 І супачыў Салямон із айцамі сваімі, і пахаваны быў у месьце Давіда, айца свайго, і закараляваў Рэговоам, сын ягоны, замест яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першая кніга Гаспадарстваў, 11 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.