Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

2 Летапісу 24 2 Летапісу 24 разьдзел

1 Сем год было Ёашу, як загаспадарстваваў, і сорак год гаспадарстваваў у Ерузаліме; імя маці яго Цыва, зь Веер-Шэвы.
2 І рабіў Ёаш справядлівае ў ваччу СПАДАРОВЫМ усі дні Егояды сьвятара.
3 І ўзяў яму Егояда дзьве жонкі, і ён меў сыноў а дачкі.
4 І просьле гэтага прышло ў сэрца Ёашу аднавіць дом СПАДАРОЎ;
5 І зьбер ён сьвятароў а Левітаў, і сказаў ім: «Выйдзіце да местаў Юдэі, і зьбірайце з усіх Ізраялян срэбра на паправу дому Бога вашага год у год, і пабарзьдзіце ў гэтай справе». Але Левіты не барзьдзілі.
6 І пагукаў кароль Егояду начэльніка, і сказаў яму: «Чаму ты не вымагаў ад Левітаў зносіць ізь Юдэі а зь Ерузаліму дані подле расказаньня Масея, слугі СПАДАРОВАГА, і грамады Ізраелявае да вітальні сьветчаньня?»
7 Бо сыны Афаліны, гэтае бязбожнае жонкі, зламілі дом СПАДАРОЎ і ўсі пасьвячоныя рэчы дому СПАДАРОВАГА далі Ваалам.
8 І сказаў кароль, і зрабілі адну скарбонку, і пастанавілі яе вонках брамы дому СПАДАРОВАГА.
9 І зрабілі агалашэньне ў Юдэі а ў Ерузаліме, каб прыносілі СПАДАРУ складку подле загады Масея, слугі Божага, Ізраелю на пустыні.
10 І радаваліся ўсі князі а ўвесь люд, і прыносілі, і кідалі да скарбонкі, пакуль напоўнілі.
11 І было, што таго часу прыносілі скарбонку рукамі Левітаў да каралеўскага ўраду, і як бачылі, што шмат грошы, то прыходзіў пісар каралеўскі й ураднік найвышшага сьвятара, і выпаражнялі скарбонку, і бралі яе, і адносілі яе ўзноў на яе места. Гэтак яны рабілі дзень пры дню, і зьберлі срэбра множасьць.
12 І кароль, і Егояда аддавалі яго тым, што рабілі работу службы дому СПАДАРОВАГА, і наймалі камачосаў а цесьляў аднаўляць дом СПАДАРОЎ, а таксама майстроў зялеза а медзі мацаваць дом СПАДАРОЎ.
13 І рабілі работнікі, і спорная была работа ў руках іхных, і аднавілі дом СПАДАРОЎ на яго месцу, і ўмацавалі яго.
14 І як скончылі, яны прынесьлі астачу грошы да караля а Егояды. І зрабілі судзьдзе да дому СПАДАРОВАГА, судзьдзе да службы а да абраканьня, і ложкі, і судзьдзе залатое а срэбнае. І абракалі ўсепаленьні ў доме СПАДАРОВЫМ кажначасна ўсі дні Егояды.
15 Але Егояда застараўся, і быў поўны дзён, і памер; сто трыццаць год было яму, як ён памер.
16 І пахавалі яго ў месьце Давідавым із каралямі, бо ён рабіў добрае ў Ізраелю Богу а дому Ягонаму.
17 А, па сьмерці Егояды, прышлі князі Юдэйскія, і пакланіліся каралю; тады кароль пачаў слухаць іх.
18 І пакінулі дом СПАДАРА, Бога айцоў сваіх, і служылі гаём а балваном, — і прышоў гнеў на Юду а Ерузалім за гэты выступ іхны.
19 І Ён пасылаў прарокаў да іх навярнуць іх да СПАДАРА, і яны сьветчылі супроці іх, але яны не зважалі.
20 І дух Божы ахінуў Захару, сына Егояды сьвятара, і стаў ён над людам, і сказаў ім: «Чаму вы выступаеце з расказаньня СПАДАРОВАГА? ня будзе вам дасьпеху, бо вы пакінулі СПАДАРА, то Ён пакінуў вас».
21 І яны змовіліся супроці яго, і ўкаменавалі яго, на расказаньне каралёва, на панадворку дому СПАДАРОВАГА.
22 Гэткім парадкам кароль Ёаш ня памятаваў ласкі, каторую Егояда, айцец ягоны, зрабіў яму, але забіў сына ягонага. І, паміраючы, ён сказаў: «СПАДАР бача гэта і спагоне».
23 І сталася ў канцу году: войска Арамскае ўзышло супроці яго, і прышлі да Юдэі а Ерузаліму, і выгубілі ўсіх князёў люду з памеж люду, і ўвесь здабытак свой паслалі каралю Дамаскаму.
24 Праўда, войска Арамскае прышло ў малой колькасьці, але СПАДАР даў вельма вялікае войска ў рукі іх, бо яны пакінулі СПАДАРА, Бога айцоў сваіх. Гэтак яны зрабілі суды над Ёашом.
25 І як яны адышлі ад яго, пакінуўшы яго ў шмат хваробах, собскія слугі ягоныя змовіліся супроці яго за кроў сына Егояды сьвятара, і забілі яго на ягоным ложку, і ён памер. І пахавалі яго ў месьце Давідавым, але не пахавалі яго ў грабох каралеўскіх.
26 А гэта змоўнікі супроці яго: Завад, сын Шымеафы Амонянкі, і Егозавад, сын Шымрыфы Моаўлянкі.
27 Праз сыноў жа ягоных, і празь велічыню дані на яго, і ўзглядам поду дому Божага, вось, запісана ў зьясьненьню кнігі каралеўскае. І Амася, сын ягоны, загаспадарстваваў замест яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга Летапісу, 24 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.